Гэта раман пра сталенне чалавека (і пакалення), фармаванне яго (і пакалення) ідэалаў. Таксама гэта раман пра загадкі маладосці, разгадка якіх знаходзіцца праз 50 гадоў.

Жанр рамана размыты. Тут ёсць элементы меладрамы, рамана выхавання, дэтэктыва.

Твор захапляльна чытаецца, зацягвае, хоць у ім няма адзінага сюжэтнага стрыжня: некалькі гісторый, аб’яднаных супольнымі героямі ці месцам дзеяння. Ад гэтага пытанне, дзе кульмінацыя, ускладняецца: ці то эпізод, калі героі сутыкаюцца нос у нос з Хрушчовым і КДБ вінаваціць іх у замаху на кіраўніка СССР. Ці то момант, калі галоўны герой спрабуе ўтапіцца ў палонцы ў Свіслачы — з роспачы, што выпадкова «здаў» на допыце сяброўку. Ці то фінал, калі матывы ўчынкаў і прычыны смерцяў 50-гадовай даўніны выяўляюцца зусім іншымі. А мо кульмінацыя — забойства Кенэдзі?

Раман аўтабіяграфічны: татарка Нэла, першае мінскае каханне героя, мела рэальны прататып, як і многія іншыя персанажы. А вось Ася і маёр КДБ Гагарын — выдуманыя.

Пакаленне мінскіх стыляг-шасцідзясятнікаў слухала Акуджаву і Дзіна Рыда і задумлялася над злачынствамі маршала Жукава. Іх мясцовым гуру быў Кім Хадзееў — рэальны філосаф-дысідэнт, якога адны называлі геніем, іншыя — правакатарам спецслужбаў.

Гэта раман пра тое, як гартаваўся стыль. Някляеў апісвае жыццё стыляг: джаз, радыёгульні, амаль свабоднае каханне. Іх шпацыр па мінскім «Брадвеі» — нібы гімн свабодзе. Стылягі, праўда, асцярожнічаюць, зважаюць на міліцыю. Стыль стыляг і стыль пакалення Някляева.

Поруч з прыдуманымі ў творы дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы: Лі Харві Освальд і Мікіта Хрушчоў, Уладзімір Караткевіч (з вачыма рознага колеру) і Кім (Хадзееў), Андрэй Міронаў і Барыс Луцэнка.
Кожны мае свой раманны лёс, толькі Караткевіч з’яўляецца як «камеа». Філосаф-антысаветчык з «вучнямі» хаваецца ад ціхароў у будынак Саюза пісьменнікаў і, кажучы сучаснай мовай, «троліць» там літкансультантаў: пытае ў іх, які любімы верш Хрушчова. Раптоўна з’яўляецца Караткевіч і цытуе на памяць дзікі па безгустоўнасці прэтэнцыёзны вершык.

Рэальныя гістарычныя падзеі — прыезд Хрушчова ў Мінск, справа «антысавецкай групоўкі» Кіма Хадзеева, факт жыцця на плошчы Перамогі амерыканца Лі Харві Освальда — перамяжоўваюцца з фантастыкай, кшталту наяўнасці ў Мінску Саламона Маісеевіча Бланка, сваяка Леніна.

Гэта раман пра Мінск як такі. Мінская тапаграфія ў рамане трохслойная
— кожную вуліцу аўтар мянуе трыма назвамі: сучаснай, каланіяльнай і даўняй. Саламон Майсеевіч сядзіць са сваім ліманадам на Нямізе, бо «ўсе ведаюць, што на Нямізе — гэта на Нямізе. А калі дзе-небудзь на Кастрычніцкай ці на Гастэла, дык кожны другі перапытае: гэта дзе? На Лекерта?»

На месцы яткі Майсеевіча пасля ставяць аўтамат для газвады, у які трэба біць, калі хочаш атрымаць порцыю вады задарма. Калі ўдарыць асабліва ўдала — вада бу-дзе з сіропам. А сам Саламон Майсеевіч памрэ ў КДБ, каб расчысціць следчаму Гурыку шлях да сваёй дачкі Асі.

Каханне, змаганне за жанчын круціць свет, а ўсё астатняе — толькі пабочны вынік гэтага.
Вось адна з галоўных думак рамана: «Біцца заўсёды ёсць за што і ёсць каму ў любым месцы». У «Аўтамаце» найлепшыя дзяўчаты павыходзілі за кадэбістаў:
так Някляеў бачыць свет і яго законы.

Прага ўлады ўсяго толькі вытворная ад прагі валодаць жанчынай, законы вялікай палітыкі аўтар бачыць у гратэскавым святле. У дурдоме ў Навінках хворыя і здаровыя людзі лёгка інсцэнуюць пасяджэнне Палітбюро ЦК... Магчыма, якраз гэта лёгкае, стыляжнае аўтарскае стаўленне да «палітыкі» адыграла сваю ролю ў рэальных падзеях 2010-га, калі Някляеў быў кандыдатам у прэзідэнты?

Дарэчы, аўтар увесь час пераносіцца з хрушчоўскай адлігі 1960-га ў лукашэнкаўскую замарозку 2010-га...

Някляеў пачынаў пісаць раман у 2008-м, працягваў у верасні 2009 і скончыў у сакавіку-чэрвені 2011 — пагром 19 снежня і турма КДБ расставілі апошнія кропкі на лініях, праведзеных з 1960-х. І сцэна, калі галоўнага героя ўжо дапытваюць голым як кандыдата ў прэзідэнты, адна з моцных.

Папярэдні раман Някляева, «Лабух», выдадзены ў 2003-м, быў па-мілераўску гіперэратычным і брудным, у ім нібы адлюстраваўся досвед супрацы аўтара з маладой лукашэнкаўскай уладай. У «Аўтамаце...» Лукашэнкі няма зусім. Але лінія КДБ — адна з цэнтральных.

Гурык — ужо генерал Гурковіч, які прыехаў з Масквы прыглядаць ужо за прэзідэнцкімі выбарамі 2010-га — кажа: «Сваіх у мяне няма» і «нікога не шкадуй», бо «шкадавальнікі — брук, па якім ідуць».

Постмадэрнізм: раман мае ёмісты дадатак.
Тут і прамова Хрушчова на ХХ з’ездзе, і стэнаграма яго сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, і трактат Кіма Хадзеева, і чатырохрадкоўе «з народнага», і пасляслоўе аднаго з прататыпаў, Віктара Ледзенева...

Няма ў творы — калі ўспрымаць раман як аўтабіяграфічны — толькі адказу на пытанне, што творцу да палітыкі, навошта стыляга-паэт стаў кандыдатам у прэзідэнты. Зрэшты, такім адказам можна цяпер лічыць сам раман, які ў іншым выпадку быў бы інакшы.

* * *

Аўтамат з газіроўкай. З сіропам і без. Уладзімір Някляеў. Урывак з рамана.

...Вечарамі на прыступках Тэатра юнага гледача спяваліся песні і чыталіся вершы. Ас у шынялі з пагонамі генерал-маёра авіяцыі стаяў сярод бардаў і паэтаў, Гурык у цывільным — насупраць. Апроч Гурыка, сноўдалі сярод вольных менчукоў яшчэ з дзясятак ягоных калег. Яны ўчэпіста ўзіраліся і ў тых, хто чытаў і спяваў, даганяючы Рым па вечнасці, і ў тых, хто слухаў, не даганяючы.

«Спартак, Спартак! Героі ўсіх эпох!
Ці не такі быў лёс ваш у фінале:
Як нехта моцна спаў, вас распіналі,
Вы ціха на крыжы сваім каналі,
І білася жанчына каля ног!»

— ускідваў руку ў фінальным жэсце цыбаты, прыхарошаны ў мадняцкую вадалазку і шыракаплечы пінжак, паэт, і незразумела як і з чаго ад гэтых радкоў пра паўсталага рымскага раба павявала з-за псеўдаантычных калонаў тэатра скразняком крамолы… А ўжо ад верша не пра раба, а пра маршала — і не пра рымскага — цягнула сіберам.

«Як вам днём жывецца, маршал?
Спіцца ўночы?

Вам не сняцца твары нашы?
Нашы вочы?

Вам не мрояцца хімеры: нашы цені,
Што фанерай
над Берліным праляцелі?..»

На Чырвонай плошчы заклікі
ды маршы,

І на маршальскай кабыле
скача маршал!

Медзі музыка літая поўніць плошчу!..

«Маршал, — мама запытае, —
дзе мой хлопчык?..»

«Слава паўшым!..» —
стане плошча на калені.

І парадным строем пройдуць
нашы цені.

Трыста тысячаў разоў,
таварыш маршал,

Вы манілі зноў і зноў матулям нашым!..

— сціскаючы ўскінутыя ўгору кулачкі, крычаў так, што рэха тузалася ў калонах, пасляваеннага вырабу хлапчук, і ніхто не мог зразумець, чаму маніў маршал менавіта трыста тысячаў разоў?..

— Час прабіў! — ускінуў, паўтараючы жэст хлапчука, кулакі ўгору Ас, як толькі хлапчук дачытаў верш пра маршала. — Ваш час, Палкоўнік!

Палкоўнік падняўся і стаў побач з Асам.

Вершы Палкоўнік не чытаў і песні не спяваў, але на прыступкі Тэатра юнага гледача, каб нешта сказаць, падымаўся.
І калі ён падымаўся, каб нешта сказаць, дык тое, што ён казаў, больш за вершы з песнямі напружвала і вольных менчукоў, і Гурыка з дзясяткам ягоных калег у цывільным.

— Трыста тысяч!.. Вас тут і трохсот не набярэцца, а там — трыста тысяч! Трыста тысяч салдацікаў паклаў маршал Жукаў па загадзе генералісімуса Сталіна пры штурме Берліна вясной сорак пятага года! Трыццаць тысяч іх палягло ў адзін дзень на Зеелаўскіх вышынях! Штурм нічога не вырашаў, Берлін быў абкружаны! Дык дзеля чаго кінулі на смерць столькі людзей? Якія маглі вярнуцца з вайны, будаваць дамы, гадаваць дзяцей! Толькі дзеля таго, каб не амерыканскія, а савецкія войскі першымі ўвайшлі ў Берлін! Толькі дзеля задавальнення сталінскай фанабэрыі! А хто палёг на Зеелаўскіх вышынях? Мінскія хлопчыкі, мабілізаваныя на фронт пад самы канец вайны! Таму Мінск — вечны горад загубленых геніяў!..

Калі Палкоўнік спусціўся з прыступак, да яго падышоў Гурык і адвёў убок… Нешта сказаў яму, а Палкоўнік павярнуўся да ўсіх і крыкнуў:

— Ведаеце, што ён мне сказаў?.. Што маршала Жукава можна не любіць, але не ў нас, а ў Маскве! А ў нас загад любіць яго ніхто не адмяняў! Дык мне ў Маскву ехаць?..

— Не! — ускрычалі ў адзін голас вольныя менчукі, а Гурык узяў Палкоўніка пад локаць:

— Пройдзем!

Прайсці з Палкоўнікам старшаму лейтэнанту Гурковічу не ўдалося, бо з прыступак скочыў Ас, адпіхнуў Гурыка і пацягнуў Палкоўніка ў гушчар вольных менчукоў, якія пляскалі абодвум вар’ятам…

Так, меўся ў Мінску, апроч Аса, яшчэ адзін вар’ят, як у Афінах Сакрат. Але гэты, Палкоўнік, у адрозненне ад толькі да сябе самога падобнага Аса, быў насамрэч падобны да Сакрата.
Так што, калі, як казаў Косця Воран, гораду для вечнасці патрэбны ненармальны, дык Менск на вечнасць можа разлічваць двойчы.

Менск — горад-двойчы вар’ят.

Убачыўшы, што Гурык і ягоныя калегі ў цывільным занятыя Палкоўнікам, на прыступкі нерашуча падняўся чарнявы, з кудзеркамі, юнак у футболцы і картовых штанах, з-пад якіх вытыркаліся стаптаныя чаравікі з абарванымі, якіх не хапала, каб зашнуравацца на ўсе дзірачкі, шнуркамі. Ён і блізка не паходзіў на Гарыка ці Косцю, гарадскіх стылягаў. Па ўсім было відаць, што хлапчына ў футболцы — вясковец, які апынуўся ў Менску, паступіўшы на філфак універсітэта ці педінстытута. Трохі заікаючыся, ён прачытаў хутка і ціха — так, што мала хто пачуў:

Рахманыя, няўпартыя,
Мы ўсе — адзін калгас.
Кіруе намі партыя
І думае за нас.
Дазвол ёсць жыць у лагеры
Сацыялізму ўсім.
Дарма буржуі звягаюць,
Мы не зайздросцім ім.
На волю нам не хочацца,
Мы рушым свет стары,
І вораг не праточыцца
У цвёрдыя муры.
Дакладна кожны ведае:
Быў камуніст — Ікар!
Для мар пра заўтра светлае
Хапае голых нар.

Як ні ціха прагучалі вершы, адзін з калегаў Гурыка ўсё ж нешта расчуў і пачаў прабірацца да прыступкаў, каб перастрэць крамольнага філфакаўца, але барды і паэты, за спінамі якіх прыадчыніліся ўваходныя дзверы тэатра, засланілі крамольніка. Ён хуценька праслізнуў у тэатр — і дзверы зачыніліся, як нічога й не было. Але ж было, было — і яшчэ невядома, ці ўдасца філфакаўцу ўцячы праз тэатр на свой філфак. Калі ж сёння ён і ўцячэ, дык заўтра нехта з аднакурснікаў на яго данясе, і будуць у філфакаўца праблемы, хай нават гэбісты, занятыя Палкоўнікам, толкам вершы ягоныя і не расчулі.

«Гісторыі кола
Заўсёды круціла крамола!
Стагналі Афіны,
Цары вар’яцелі на тронах,
Чырвонай цаглінай
Слізгала крамола па скронях!..»

— ударылі па гітарных струнах і заспявалі Гарык Клябанаў, Віл, Воран і Ас, які ўмеў не толькі лепш за ўсіх свістаць, але й на гітары граць за ўсіх не горай, а вольныя менчукі, спрабуючы зратаваць Палкоўніка, абкружылі яго і павялі ўверх па вуліцы Энгельса да Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, пад левым крылом якога ўтульненька патанаў у засені клёнаў з таполямі трохпавярховы дом, у якім 21 верасня 1943 года Герой Савецкага Саюза, былая афіцыянтка сталовай таго ж ЦК КП(Б) Алена Мазанік падклала міну пад ложак гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ…

Можа быць, праз тое, што Кубэ быў не толькі гаўляйтарам, але і літаратарам, паэтам і драматургам, былы дом ягоны стаў пасля вайны домам Саюза пісьменнікаў, а былая спальня — кабінетам літаратурных кансультантаў, куды вольныя менчукі і зацягнулі Палкоўніка. Гурык з калегамі ў цывільным пакруціліся паблізу, пра нешта пашапталіся, але забраць Палкоўніка з дома пад крылом ЦК не рашыліся.

Шкада, што пазней, ужо ў 70-х гадах, махнуў крылом беларускі партыйны ЦК — і не стала ні таго дома, ні таполяў з клёнамі.
Знеслі, скарчавалі. Не так, ясна, шкада той дом, як шкада Нямігу, але ўсё ж...

У кабінеце літаратурных кансультантаў Саюза пісьменнікаў стаялі тры сталы, кансультанты сядзелі за адным з іх, сярэднім, і выпівалі. Пад крылом ЦК яны не баяліся выпіваць, не зачыняючы дзвярэй.

— Вы да каго?.. — пацікавіўся ў вольных менчукоў вялізны, з галавой дзіцяці, кансультант, і Палкоўнік адказаў, што і ён, і Анатоль Пястрак, сын вядомага беларускага пісьменніка-рэвалюцыянера Піліпа Пестрака, і ўсе вольныя менчукі... Віл, Воран, Гарачы, грамадзянка Бланк і вось гэты… — ён не ведаў, як мяне зваць, і ніяк не назваў… — прыйшлі да кансультантаў, бо на дзвярах кабінета з таго боку напісана, што тут кансультанты сядзяць.

— Не сядзяць, — паправіў Палкоўніка той жа «дзіцячы» кансультант. — Працуюць. — І хоць папраўка ягоная не зусім адпавядала рэальнасці, Палкоўнік не стаў спрачацца, спытаўшы:

— А хто з вас Пятрусь Броўка?

Кансультанты пераглянуліся...

— Ніхто з нас не Пятрусь Броўка, — не надта прыязна адказаў іншы кансультант, з лысінай, пузаты і круглатвары. — Пятро Усцінавіч Броўка — старшыня Саюза пісьменнікаў, а мы — кансультанты. Па прозе, паэзіі і драматургіі. — І кансультант з лысінай, пахмурна зірнуўшы на Палкоўніка, паўтарыў пытанне кансультанта з дзіцячай галавой. — Вы да каго?.. У якім жанры сябе спрабуеце?..

Падумаўшы, Палкоўнік адказаў, што ён спрабуе сябе ў жанры крытыкі, але ў былой спальні гаўляйтара Вільгельма Кубэ стаялі сталы для кансультантаў па прозе, паэзіі і драматургі, а вось па крытыцы ні кансультанта, ні стала для яго не было.

— Па крытыцы кансультанта няма... — вінавата сказаў пузаты, і Палкоўнік адчуў, што ёсць магчымасць выявіць свой акторскі талент не калісьці і дзесьці, а тут і цяпер.

— Та-а-ак… — працягнуў ён, уважліва гледзячы на пузатага. — Як старшыня партыйна-камсамольска-рэвалюцыйна-рэвізійнай камісіі па праверцы… — не дагаварыў ён, па праверцы чаго, і спытаў напорыста: — Можа быць, Саюз пісьменнікаў Беларусі не лічыць літаратурную крытыку важным жанрам, у той час як партыя вызначае яе ролю ў развіцці савецкай літаратуры як вядучую?.. Можа быць, — перакінуўся старшыня немаведама якой партыйна-камсамольска-рэвалюцыйна-рэвізійнай камісіі з пузатага кансультанта, які раптам спаў з твару, на кансультанта з дзіцячай галавой, — кансультанты Саюза пісьменнікаў Беларусі не чыталі прамову першага сакратара ЦК КПСС таварыша Мікіты Сяргеевіча Хрушчова на трэцім з’ездзе савецкіх пісьменнікаў?.. Чыталі?.. — тузануў Палкоўнік за плячо яшчэ аднаго кансультанта, худога мужыка ў паласатай безрукаўцы са споўзлымі на нос акулярамі, які, роўненька седзячы, драмаў за сталом і, тым не менш, нават не разумеючы, чаго яго тузаюць, прачамкаў: «Чыталі… мы чыталі…» — а Палкоўнік штурхнуў худога ў другое плячо так, што ў таго акуляры зляцелі, і ва ўсіх запытаў з жалезам у голасе: «Як называецца прамова, калі вы яе чыталі?»

Кансультанты яшчэ не выпілі столькі, каб нічога не баяцца, таму на ўсялякі выпадак спалохаліся. Спрацавалі гены з інстынктамі ды яшчэ тое, што Палкоўнік адразу ўдарыў цяжкой артылерыяй: камісія, партыя, першы сакратар…

— Не помню… — прамямліў кансультант з дзіцячай галавой, безнадзейна гледзячы на худога кансультанта ў безрукаўцы, які, шукаючы акуляры і ўсё яшчэ не цямячы, што адбываецца, прамаўчаў, а пузаты паўтарыў: «Мы кансультанты…» — і голас ягоны ўжо быў прыязны, і позірк не пахмурны, а ліслівы.

Палкоўнік злавіў кураж і, не паддаўшыся на ліслівасць, ускочыў на каня.

— І верш найвялікшага савецкага паэта, найблізкага сябра першага сакратара ЦК КПСС таварыша Мікіты Сяргеевіча Хрушчова, пра якога таварыш Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў казаў на з’ездзе савецкіх пісьменнікаў як пра прыклад, пра ўзор паэта і паэзіі, таксама не памятаеце?.. Га? — зусім разышоўшыся, схапіў Палкоўнік загрудкі пузатага. — Памятаеш ці не?..

Хто з вас кансультант па паэзіі? Ён?.. Ён? Ты?.. А, ты!..
— ледзь не парваў Палкоўнік кашулю на пузатым кансультанце па паэзіі, і я падумаў, што ад гэбістаў, можа, сёння мы і адарваліся, але міліцыі не прамінём. — Тады імя назаві! Імя паэта, найблізкага сябра таварыша Хрушчова, калі ты, кансультант, вершаў не помніш! Ну, імя?..

— Панцялей Махіня, — пачуўся раптам за маёй спінай, ад дзвярэй, у якія нехта ўвайшоў незаўважна, мякка-насмешлівы голас. Павярнуўшыся, я блізка, твар у твар убачыў дзецюка з русявымі, што хваляю спадалі на лоб, валасамі і з гэткімі ж мякка-насмешлівымі, як і голас, вачамі, якія, пры ўсёй мяккасці позірку, нечакана здзіўлялі, нават насцярожвалі тым, што былі рознакаляровыя: правае вока — шэра-зялёнае, а левае — светла-карычневае, арэхавае, якое глядзела да таго ж паўз цябе, нібы трохі косячы. І, трохі косячы на Палкоўніка, русявы дзяцюк з мякка-насмешлівым голасам прадэкламаваў:

Люблю за книгою правдивой
Огни эмоций зажигать,
Чтоб в жизни нашей суетливой
Гореть, гореть и не сгорать.
Чтоб был порыв, чтоб были силы
Сердца людские зажигать,
Бороться с тьмою до могилы,
Чтоб жизнь напрасно не проспать.
Ведь долг мой, братья, поколенью
Хоть каплю оставить честного труда,
Чтоб там, за черной загробной тенью
Не грызла б совесть никогда.

Палкоўнік не чакаў, што нехта, апроч яго і Хрушчова, можа ведаць — ды яшчэ на памяць — вершы Панцялея Махіні, таму глянуў на русявага так, як рэдка на каго глядзеў: з павагай.

— Ну, чуў?.. — адпусціў ён, нарэшце, пузатага кансультанта, якога ўсё яшчэ трымаў за кашулю. — Гарэць і не згараць!.. Каб не праспаць! А вы тут спіце п’яныя — і сумленне вас не грызе!..

— Я не п’яны… — сказаў усё, што мог сказаць, пузаты кансультант па паэзіі, а кансультант з дзіцячай галавой, які, пакуль чыталіся вершы, паспеў агледзецца і нешта западозрыць, спытаў:

— Вы з якой камісіі?.. Пакажыце пасведчанне, з якой?..

— Позна! — адрэзаў Палкоўнік. — Камісія праверку скончыла! І зрабіла высновы!

Пузаты кансультант з лысінай і худы кансультант у паласатай безрукаўцы глянулі на вялізнага кансультанта з дзіцячай галавой, не ўхваляючы яго за смеласць…

— Ды што вы перапудзіліся! — прайшоўшы да стала, за якім сядзелі запалоханыя кансультанты, паставіў перад імі пляшку гарэлкі рознаколеравокі дзяцюк. — Гэта ж Палкоўнік! Кім, Сысой!..

Па скон жыцця Кім застаўся дысідэнтам, легендай Менска, насамрэч вольным,
хоць і двойчы адсядзелым, гараджанінам, якому ў кабінеце кансультантаў Саюза пісьменнікаў працягнуў руку дзяцюк з рознакаляровымі вачыма:

— Караткевіч. Уладзімір.

* * *

Раман Уладзіміра Някляева «Аўтамат з газіроўкай. З сіропам і без» можна будзе прачытаць у снежаньскім нумары часопіса «Дзеяслоў». Ён таксама выйшаў асобнай кнігай. Набыць яго можна будзе ў першыя дні новага года на сайце Prastora.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?