У гандлёвым цэнтры «Замак» на праспекце Пераможцаў запрацаваў першы ў горадзе фотакіёск «Міцубісі». З выгляду ён нагадвае банкамат, але выдае не грошы, а здымкі.

Прынцып працы просты. Спачатку кліент устаўляе ў апарат флэшку, дыск, картку памяці ці нават скідвае здымкі па Bluetooth. Распрацоўшчыкі даводзяць, што фотакіёск працуе з 18 відамі носьбітаў.

Здымкі, якія адлюструюцца на 17-цалевым маніторы, можна адрэдагаваць аўтаматычна, а можна падправіць самому. Экран сенсарны, таму давядзецца папрацаваць пальцамі.

З дапамогай усталяваных праграм з фотаў можна стварыць каляндар ці кнігу, а пасля адправіць іх на друк — фотапрынтар знаходзіцца ў самім кіёску.

Сабекошт здымку 10×15 см складае 1450 рублёў. Карыстальнікі сервісу заплацяць за яго 2490 рублёў.
Здымак памерам 15×20 см будзе каштаваць 5700 рублёў пры сабекошце 4400 рублёў. Цэны прыблізна такія ж, як у звычайных фотацэнтрах. Напрыклад, у папулярным «Алоўку» на плошчы Незалежнасці маленькае фота каштуе 2500, а большае — 4800 рублёў.

За 20-старонкавы каляндар у фотакіёску давядзецца заплаціць ад 59 000 рублёў. За фотакнігу — ад 138 тысяч рублёў.

У першыя дні працы кіёска каля яго стаялі прамоўтары. Па іх словах, абслугоўванне апарата таннае — дастаткова толькі мяняць фотапаперу. Зрэшты, чэргаў з ахвотных раздрукаваць свае фоты пакуль нябачна.

На Захадзе такія апараты карыстаюцца вялікай папулярнасцю — людзі не хочуць, каб нехта бачыў іх асабістыя фоты, таму не ідуць у фоталабараторыі.

У інтэрнэт-каталогах такія апараты прадаюцца па 6250 еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?