У маёй дзіцячай і юнацкай сьвядомасьці замацаваліся дзьве падзеі, зьвязаныя з 14 ліпеня: гэта дзень вызваленьня роднага Ваўкавыску ад нацыстаў у 1944 г. Таксама запомнілася, што гэта дзень захопу і разбурэньня мяшчанствам, дробнай шляхтай і люмпэнам турмы Бастылія ў 1789 г.

Аднак па‑сапраўднаму 14 ліпеня запомнілася як дзень нараджэньня майго Настаўніка — прафэсара Георгія Штыхава, зь якім лёс мяне пазнаёміў у сярэдзіне лістапада 1985 году, калі я, малады асьпірант, быў разьмеркаваны да яго пісаць кандыдацкую дысэртацыю.


Георгі Штыхаў

Георгі Штыхаў нарадзіўся 14 ліпеня 1927 г. у вёсцы Старая Беліца Гомельскага раёну, у сям’і школьнага настаўніка. Яго бацька Васіль быў двойчы арыштаваны (1933 г. і 1937 г.) і загінуў у ГУЛАГу. Чаго мог чакаць у тыя страшэнныя часы беларускі інтэлігент?

Вайна ў 1941 г., падчас абароны Ленінграда, забрала і старэйшага брата сп.Штыхава. Ваеннае дзяцінства, па‑сапраўднаму цяжкае, мала хто ўспамінае з ахвотай. Таму спадар Георгі ніколі са мною не размаўляў пра вайну.

Цікавы факт асабістага жыцьця: гэтага цудоўнага чалавека рэдка суадносілі зь яго характарам і ўчынкамі. Высьвятляецца, што з 1947 да 1950 г. Георгі Штыхаў вучыўся на філязофскім факультэце Ленінградзкага ўнівэрсытэту. Аднак пасьля трох гадоў вывучэньня «сталінскай філязофіі», ён вяртаецца на Радзіму. І можна сьцьвярджаць, што Г.Штыхаў застаўся мысьляром, бо спалучыў прыродную мудрасьць з сур’ёзнымі ведамі ў філязофіі. Шмат разоў даводзілася чуць пра спакойны характар Штыхава, нават пра пэўную наіўнасьць у паводзінах, а яго бесскандальнасьць і дабрыня агульнавядомыя. Гэта ўсё можна назваць філязофіяй жыцьця мудрага чалавека, які пры гэтым прынцыповы і сьмелы.

З 1950 г. Г.Штыхаў дзевяць гадоў працуе настаўнікам у розных школах Гомельшчыны і Гарадзеншчыны. Адначасова ён завочна навучаецца на гістарычным факультэце БДУ, які пасьпяхова заканчвае ў 1956 г. Праз тры гады, у 1959 г., 32‑гадовым, Георгі Штыхаў паступае ў асьпірантуру Інстытуту гісторыі АН БССР па спэцыяльнасьці «Археалёгія».

Г.Штыхаў адносіцца да першага ўласна беларускага пасьляваеннага пакаленьня археолягаў: Побаль, Ісаенка, Лысенка, Чарняўскі, Зьвяруга, Каробушкіна і самы малады зь іх Ткачоў. Да іх археалягічную кар’еру пачыналі рабіць у беларускай Акадэміі Навук масквіч Леанід Аляксееў і ўраджэнец Тулы Эдуард Загарульскі. Тэмай дысэртацыі маладога навукоўца быў старажытны Полацак у ІХ‑ХІІІ ст. Гэты сымбаль беларускага мінулага і падмурак сучаснай беларускай сьвядомасьці. Кандыдацкая дысэртацыя Штыхава на гэтую тэму стала першай у беларускай гістарычнай навуцы манаграфіяй пра самы стары горад Беларусі.

На сёньня прафэсар Штыхаў — аўтар 500 навуковых, навукова‑мэтадычных і навукова‑папулярных працаў. У 1975 г. пабачыла сьвет манаграфія «Древний Полоцк ІХ—ХІІІ вв.», дапрацаваная і пашыраная вэрсія кандыдацкай дысэртацыі.

Наступным крокам у дасьледаваньнях стала шматгадовае археалягічнае вывучэньне іншых гарадоў Полаччыны. Раскопкі ў Віцебску, Луком’і, Заслаўі, Лагойску, Копысі, старажытным Барысаве, Менску і яго папярэдніку — гарадзішчы на рэчцы Менцы. Вынікам гэтых працаў была манаграфія «Гарады Полацкай зямлі (ІХ‑ХІІІ стст.)», выдадзеная ў 1978 г. На яе падставе ў 1983 г. у Кіеве была абароненая доктарская дысэртацыя. Гэты амаль 5‑гадовы разрыў быў зьвязаны зь перашкодамі, якія ладзілі маскоўскія навукоўцы правінцыйнаму дасьледчыку.

Г.Штыхаў — самы пасьлядоўны прыхільнік меркаваньня, што першапачатковы Менск у Х ст. разьмяшчаўся на берагах рэчкі Мена (Менка), прытоку Пцічы, і быў перанесены на берагі Сьвіслачы толькі ў трэцяй чвэрці ХІ ст. Яго аргумэнтацыя па гэтым пытаньні набывае ўсё больш аднадумцаў. Увогуле, у тагачасных працах Г.Штыхава сустракаем высокага ўзроўню аналітычнасьць (ня вельмі характэрную для айчыннай археалёгіі).

Георгі Штыхаў на працягу 1983—1990 г. кіраваў сапраўднымі выратавальнымі раскопкамі ў сталіцы на месцы будаўніцтва станцыі мэтро «Няміга». Цяпер пра падобнае мерапрыемства цяжка нават марыць. Часьцей за ўсё даводзіцца абмяжоўвацца невялікімі плошчамі, а яшчэ горш — толькі археалягічнымі наглядамі. Заканадаўцамі моды зьяўляюцца некаторыя супрацоўнікі Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, а іх заступнікамі — чыноўнікі з дэпартамэнту па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны Міністэрства культуры РБ…

Георгі Штыхаў нар. 14 ліпеня 1927 г., в. Стара Беліца Гомельскага р‑ну.
Беларускі археоляг і гісторык‑мэдыявіст.
Доктар гістарычных навук (1983), прафэсар (1989).
Скончыў БДУ (1956), з 1962 — у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Вывучае старажытныя гарады Полацкай зямлі, узначальвае пастаянна дзеючую экспэдыцыю па вывучэньні гісторыі Менску.
Аўтар 500 навуковых, навукова‑мэтадычных і навукова‑папулярных працаў, школьных падручнікаў па гісторыі Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі (1990).

Наступным важным накірункам навуковай дзейнасьці праф. Г.Штыхава зьяўляюцца праблемы этнакультурных працэсаў на беларускіх землях у раньнім сярэднявеччы. З гэтай мэтай ён дасьледаваў больш за 300 курганоў у 29 пунктах. Вынікі дасьледаваньняў прадстаўленыя ў ягонай манаграфіі «Крывічы: па матэрыялах курганоў у Паўночнай Беларусі» (1992). Г.Штыхаў быў куратарам раскопак могільніка ў Ізьбішчы Лагойскага раёну, які быў дасьледаваны поўнасьцю. Гэта выключны выпадак у сучаснай беларускай археалёгіі.

Прафэсар Штыхаў сёньня самы вялікі навуковы аўтарытэт па гісторыі і археалёгіі Полацкага княства. Менавіта праф. Г.Штыхаў першым публічна выступіў супраць палітызаванай тэзы пра існаваньне адзінай «старажытнарускай народнасьці» і «старажытнарускай дзяржавы». Цяпер жа толькі адэпты расейскай імпэрскай ідэалёгіі, адданыя «лукашэнкаўскай уладзе», на чыста палітычных аргумэнтах бароняць адваротнае.

Вынікам навукова‑пэдагагічнай дзейнасьці праф. Георгія Штыхава зьяўляюцца 19 кандыдатаў гістарычных навук і 2 дактары гістарычных навук. Тэма амаль кожнага зьвязаная зь сярэднявечнай гісторыяй і археалёгіяй Полацкай зямлі і суседніх рэгіёнаў. Склалася цэлая школа — «штыхаўская». Гэта Якаў Рыер, Вадзім Шадыра, Алег Трусаў, Валянцін Собаль, Людміла Дучыц, Алесь Кушнярэвіч, Сяргей Тарасаў, Ігар Марзалюк, Юрась Бохан, Андрэй Янушкевіч, Марат Клімаў, Дзяніс Дук ды іншыя.

Прафэсар Штыхаў ніколі ня здраджваў беларускасьці дзеля нейкіх кіруючых пасадаў. Ня дзіўна, што ў 1992—1994 г. ён быў абраны першым прэзыдэнтам Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Усе ведаюць, зь якой энэргіяй, радасьцю і ахвярнасьцю Г.Штыхаў заняўся напісаньнем беларускіх школьных падручнікаў. Яму, як спэцыялісту па сярэднявечнай, гісторыі наканавана было стварыць падручнікі па гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, а гэта для дзетак 5 і 6‑х клясаў, а таксама адпаведныя разьдзелы для вучняў 10 клясаў. Ён без усялякай акадэмічнай пыхі супрацоўнічаў як з роўнымі суаўтарамі з настаўнікамі‑мэтадыстамі В.Ракуцем (для 6 клясы), У.Пляшэвіч і В.Фядутай (для 5 клясы).

Менавіта тыя памятныя падручнікі Г.Штыхава сталі крыніцамі фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці ў школьнікаў. Праўда, часам даводзіцца чуць пра складанасьць альбо недасканаласьць першых беларускіх падручнікаў. Магчыма. Аднак, стварэньне такой далікатнай рэчы, як падручнік гісторыі, патрабуе працяглае даводкі, супольных намаганьняў навукоўцаў з настаўнікамі.

Сёньня на зьмену навуцы зь яе шчырымі дыскусіямі, адкрыцьцямі і памылкамі, прыйшлі «пахмурныя, шэрыя дні з напружанай атмасфэрай». Але ў размовах з такімі навукоўцамі, як Штыхаў, у іхнай мудрасьці, набываеш пазытыўную энэргію. І веру.

Генадзь Семянчук

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0