Іэн Келі нагадвае, што 19 сьнежня адзначалі другую гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сьнежні 2010. Падчас гэтых выбараў былі дапушчаныя сур’ёзныя парушэньні міжнародна прызнаных дэмакратычных стандартаў, паліцыя сілай расправілася з натоўпам мірных дэманстрантаў. Многія людзі былі зьбітыя, больш за 700 былі затрыманыя, у тым ліку сем кандыдатаў у прэзыдэнты, — заяўляе амбасадар ЗША пры АБСЭ.

Наступствы гэтых дзеяньняў працягваюць адчувацца сёньня ў Беларусі. Некаторыя дэмакратычныя актывісты апазыцыі знаходзяцца ў турме. Адзін з гэтых зьняволеных, Зьміцер Дашкевіч, павінен быў быць вызвалены з турмы на гэтым тыдні, але яго тэрмін быў працягнуты яшчэ на адзін год, гэта сьведчыць пра адсутнасьць незалежнай судовай сыстэмы і выбарачны перасьлед дэмакратычнай апазыцыі. Мы пацьвярджаем наш заклік да неадкладнага, безумоўнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных. Урад па-ранейшаму не выконвае асноўныя прынцыпы свабоды слова, асацыяцый і сходаў, як гэта адлюстравана ў канчатковым дакладзе БДІПЧ АБСЭ па выніках парлямэнцкіх выбараў ў Беларусі ў верасьні 2012 году, гаворыцца ў заяве Іэна Келі.

«Нагадаю, што 1 сьнежня 2010 году ў сумеснай заяве ЗША і Беларусі гаварылася, што пашырэньне павагі да дэмакратыі і правоў чалавека застаецца цэнтральным пунктам для паляпшэньня двухбаковых адносін. Мы заклікаем урад Беларусі супрацоўнічаць з інстытутамі АБСЭ для забесьпячэньня выкананьня мэтаў і каштоўнасьцяў гэтай арганізацыі. І мы працягваем падтрымліваць беларускіх абаронцаў правоў чалавека, незалежных журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці, якія імкнуцца пабудаваць адкрытую, дэмакратычную будучыню для сваёй краіны,» — запэўнівае амбасадар ЗША пры АБСЭ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?