Паміраючы, Юры Попка адпісаў сваю маёмасьць беларускай дзяржаве, «незалежнай ад палітыкі іншых краін».

Ляймэн — невялічкі, тыпова нямецкі патрыярхальны гарадок на паўднёвым захадзе краіны, за нейкі дзясятак кілямэтраў ад аднаго з галоўных турыстычных цэнтраў Нямеччыны, Гайдэльбэргу, зь ягонымі чаруючымі руінамі палаца пфальцаўскіх курфюрстаў. Цэнтрам беларускасьці ў Нямеччыне правінцыйны Ляймэн у пачатку 1970‑х зрабіў адзін чалавек — Юры Попка.

Чалавек‑жывіца

Да ўраджэнца Пружаншчыны Попкі (літаратурны псэўданім — Жывіца), што за ваенным часам адзначыўся на малой радзіме высілкамі ў сацыяльна‑адукацыйнай галіне, стаўленьне з боку калегаў‑эмігрантаў не заўсёды было спагадлівым. Хтосьці называў яго «балбатуном», хтосьці — «авантурыстам»: «Ну вось, ізноў гэты Попка штосьці прыдумаў…» А Попка не зважаў на галасы скептыкаў. Як той чалавек‑аркестар, пісаў ва ўсе магчымыя эмігранцкія газэты , выдаваў некалькі часопісаў і бюлетэняў (часам сам, без аніякай дапамогі!), зарганізаваў у Ляймэне «Інстытут Беларусаведы».

Тэма беларускасьці не пакідала яго ні на хвіліну. Пік актыўнасьці Попкі, што працаваў у Нямеччыне на амэрыканскі ўрад, прыпаў на Ляймэн, куды беларус пераехаў пасьля выхаду на пэнсію.

Старажылы гэтага гарадка лепш за ўсіх, мяркую, у Нямеччыне падкаваныя ў беларускай справе. Хто‑хто, а яны, навучаныя гэтым дзіваком з далёкай Пружаншчыны, не назавуць Беларусь «Расеяй, толькі белай».

«У знак пратэсту я не вярнуўся»

У Ляймэне, гэтым мілым гарадку, пра якія кажуць, што час там спыніўся недзе ў стагодзьдзі семнаццатым, у кабінэце мэра вісіць бел‑чырвона‑белы сьцяг. Хрысьціянскі дэмакрат Гэрбэрт Эрбар, у маладосьці — афіцэр «люфтвафэ», кіруе Ляймэнам ужо 24 гады. Ён жа, між іншым, — ганаровы доктар навук Беларускай акадэміі фізкультуры й спорту, адзін з заснавальнікаў арганізацыі, што аказвае шчодрую гуманітарную дапамогу Беларусі. Спадзяюся, ня трэба тлумачыць, хто прывіў мэру і ягоным калегам цікавасьць і любоў да чужой краіны…

У 1981‑м г. Попка адкрыў у сваім доме на Гётэштрасэ, 1, беларускі музэй. Экспанаты для «выспачкі» беларускасьці ў чужынным акіяне зьбіраў самастойна, заклікаючы беларусаў зь іншых краінаў сьвету дапамагаць яму ў гэтай справе. Паказальна, што й мэрыя Ляймэну, і простыя гараджане прыхільна паставіліся да новага музэю. Невядомую Беларусь адкрывалі для сябе як сталыя немцы, так і мясцовыя гімназісты й школьнікі.


Помнік беларусам

У хуткім часе пасьля адкрыцьця музэю на могілках у Санкт‑Ільгене (раён Ляймэна, дзе жыў сп.Юры) стараньнямі Попкі быў усталяваны невялікі помнік з выявай «Пагоні» і надпісам па‑нямецку: «Прысьвечана загінуўшым у 1939—1945 г. беларусам». Насупраць помніку, за якім акуратна даглядаюць гарадзкія ўлады, пахаваны й сам Юры Попка.

На надмагільлі — шчымлівы аповед жыцьця памерлага: «Пасьля Другой усясьветнай вайны мая Радзіма была акупаваная ды падзеленая саветамі‑расейцамі й палякамі. У знак пратэсту я не вярнуўся на сваю Радзіму. Аднак сваёй Бацькаўшчыне я застаўся верным. У маім сэрцы й маёй душы да апошніх дзён. На сваёй новай Радзіме, Нямеччыне, у Санкт‑Ільгэне я выказваю ўдзячнасьць усім маім сябрам. Жыве Беларусь!»

Тры дамы для Беларусі

За некалькі гадоў перад сьмерцю беларус злажыў тэстамэнт, у якім, у прыватнасьці, сказана наступнае: «Горад Ляймэн — часовы ўладар маёй маёмасьці. Сапраўдным уладаром станецца самастойная беларуская дзяржава, у якой будзе жыць беларускі народ… Гэтая самастойная беларуская дзяржава мусіць быць незалежнай ад палітыкі іншых краін… Акрамя майго прыватнага дому, дзе месьціцца музэй, я маю яшчэ два дамы. Прыбыткі, што будзе атрымліваць горад Ляймэн за гэтую нерухомасьць, мусяць пакрываць кошты для патрэбаў музэю, беларускага помніка й дагляду за маёй магілай. Рэшта мусіць накіроўвацца на культурныя патрэбы майго народу за мяжой і ў Беларусі, на фінансавую падтрымку «Нямецка‑беларускай арганізацыі сумеснай працы ў галіне культуры», выплату ганарараў ці прэмій пісьменьнікам, мастакам, журналістам ці выдаўцам кніг, што дэманструюць наш беларускі дух, культуру, гісторыю, сёньняшні трагічны час для беларускага народу».

Юры Попка памёр 29 красавіка 1990 г., зусім крыху не дажыўшы да аб’яўленьня незалежнасьці Беларусі.

«Не разумею вашу ўладу»

Мы сустрэліся з доктарам Эрбарам у ляймэнскім краязнаўчым музэі. Пасьля сьмерці Попкі беларускі музэй пераехаў сюды з прыватнай кватэры. Антураж музэю парушаны ня быў. Экспазыцыя месьціцца ў трох невялікіх пакоях, аднак колькасьць экспанатаў уражвае: дакумэнты розных эпох, здымкі, сотні кніг, нацыянальная вопратка, карціны, вырабы народных майстроў. Экспазыцыя адкрытая для вольнага прагляду раз на тыдзень.Дэфіцыту наведнікаў не адчуваецца: тыя ж школьныя групы, як і 25 гадоў таму, знаёмяцца зь Беларусьсю й чалавекам, дзякуючы якому гэтая экспазыцыя паўстала.

Пасьля агляду музэю мы сядаем у канфэрэнц‑залі, і гер Эрбар сам пачынае гаварыць: «Беларусь станецца ўладаром маёмасьці Юрыя Попкі толькі тады, калі будуць выкананыя ўсе патрабаваньні, зазначаныя ў тэстамэнце. Пакуль беларускія ўлады ня возьмуць пад свой кантроль спадчыну, выканаўцам тэстамэнту застаецца мэрыя Ляймэну. Я раблю ўсе магчымае, каб беларускі народ атрымаў тое, што яму хацеў перадаць вялікі патрыёт спадар Попка. Аднак усе мае высілкі безвыніковыя. Можа, вашая ўлада, як калісьці савецкая, лічыць спадара Попку ворагам народу, здраднікам?.. Я ўважліва сачу за кожным новым прызначэньнем беларускага амбасадара ў Нямеччыне (а мяняюцца амбасадары часта), вяду ліставаньне з кожным. У адказ чую толькі абяцаньні разабрацца…

Мне цяжка зразумець вашую ўладу. Колькі год запар мы дастаўлялі ў беларускія гарады гуманітарную дапамогу на суму ў дзясяткі тысячаў эўра. Але з кожным годам рабіць гэта ўсё цяжэй. Нам ня толькі не дапамагаюць (з тымі ж мытнымі фармальнасьцямі), але й перашкаджаюць. А ў апошні раз адзін палітык сказаў, што гуманітарная дапамога нам увогуле не патрэбная — беларускі народ забясьпечаны. Але ж калі я прыяжджаю да вас, бачу нешта іншае…

Калі аніводны ўрадавы орган у Беларусі ня выявіў актыўнасьці, Беларусь можа перадаць спадчыну Попкі ў рукі беларуска‑нямецкай арганізацыі, а заробленыя грошы будуць перадавацца на культурныя мэты ў Беларусь ці ісьці на патрэбы беларусаў, што пражываюць па‑за межамі Радзімы. Аднак і на гэтую прапанову адказу мы не пачулі.

У 1994‑м тагачасны амбасадар доктар Пётра Садоўскі залажыў Кураторыюм, які мусіў кіраваць спадчынай Попкі й кантраляваць яе фінансавы бок. Але калі Садоўскі перастаў працаваць у амбасадзе, справа пачала затухаць. Нягледзячы на ўсе няўдачы, я веру, што калісьці беларускі бок мусіць пазытыўна закрыць пытаньне са спадчынай вашага суайчыньніка. Гэта ж у інтарэсах беларускага народу!»

Пасьля такога вычарпальнага й эмацыйнага маналёгу спадара Эрбара толькі й застаецца, як задацца рытарычным пытаньнем, чаму «выспа», якая магла б стаць беларускім цэнтрам у Заходняй Эўропе, рэпрэзэнтаваць нашую культуру й мастацтва ў мультыкультурным акіяне Старога сьвету, застаецца «незаселенай»?

Няўжо й гэта страцім?..

Аляксандар Адзінец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0