21 снежня ў Сімферопалі (Украіна) група крымскіх татараў разагнала выставу, прысвечаную 133-годдзю з дня нараджэння Сталіна.
Стэнды ў цэнтры горада выставілі асобы, якія назваліся прадстаўнікамі расійскай грамадскай арганізацыі «Сутнасць часу — Крым».

На выставе былі прадстаўлены фатаграфіі палітычных дзеячаў ХХ ст. з хвалебнымі цытатамі пра Сталіна, афіцыйныя фатаграфіі сталінскага перыяду,

а таксама раздаваліся ўлёткі з заклікам «разабрацца ў гісторыі і аддаць належнае такой маштабнай гістарычнай асобе як Сталін».

Прадстаўнікі арганізатараў заявілі, што лічаць дэпартацыю крымска-татарскага народа ў 1944 г. на загад старшыні Дзяржаўнага камітэта абароны СССР Сталіна «найвялікшым актам гуманізму».

Праз гадзіну пасля адкрыцця выставы на месца яе правядзення прыйшла група людзей, сярод якіх былі кіраўнік Сакратарыята Меджліса (прадстаўнічага органа крымскіх татараў) Заір Смедляеў і кіраўнік аддзела знешніх сувязяў Меджліса Алі Хамзін.
Яны заклікалі арганізатараў прыбраць выставу, аргументуючы гэта тым, што Сталін ва Украіне прызнаны судом вінаватым у гібелі мільёнаў людзей, і асабіста аддаў загад аб дэпартацыі крымскіх татараў, што таксама прызнана злачынным.
Пасля адмовы арганізатараў гэта зрабіць, актывісты Меджліса перакулілі стэнды з цытатамі і малюнкамі Сталіна, не закранаючы фотаматэрыялы выставы «20 гадоў без СССР».
Шэраг прысутных таксама далучыўся да дэмантажу выставы і намалявалі фарбай на знесеных стэндах нацысцкую свастыку.
«Для нас Сталін і Гітлер аднолькавыя!», — заявілі прадстаўнікі Меджліса.

Некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія прысутнічалі пры правядзеньні акцыі, у канфлікт ня ўмешваліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?