З афіцыйнага сайта Міністэрства энергетыкі Расіі выдалена абвяржэнне заявы Аляксандра Лукашэнкі пра дасягненне дамоўленасці па аб’ёмах пастаўкі ў Беларусь расійскай нафты.

Абвяржэнне знікла вечарам 21 снежня, праз некалькі гадзін пасля таго, як было апублікавана. Атрымаць растлумачэнні ў Мінэнерга РФ пакуль не ўдалося ў сувязі з выхадным днём.

У пятніцу на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Беларусь і Расія дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2013 годзе ў аб’ёме 23 млн. тон.
«Мы з Расіяй праводзілі перамовы. Яны вось 18,5 млн. тон прапанавалі, мы хацелі 23 млн. тон. Мы з расіянамі, праўда, дамовіліся на пастаўку 23 млн. тон нафты», — сказаў ён.

Гэтыя словы неўзабаве абвергла Мінэнерга РФ.

«Інфармацыя пра дасягненне дамоўленасці аб пастаўках 23 млн. тон расійскай нафты ў Рэспубліку Беларусь у 2013 годзе не адпавядае рэчаіснасці. На сённяшні дзень пагадненне пра аб’ёмы паставак у Рэспубліку Беларусь расійскай нафты ў 2013 годзе не падпісана», — гаварылася ў паведамленні ведамства.
    Раней расійскі бок заяўляў, што аб’ёмы паставак абмяркоўваюцца ва ўвязцы з вырашэннем праблемы экспарту беларускім бокам растваральнікаў. У Маскве выказвалі занепакоенасць тым, што Беларусь магла экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў і разбавіцеляў, каб пазбегнуць выплаты экспартных пошлін у бюджэт РФ. Лукашэнка, са свайго боку, заяўляў, што пытанне экспарту растваральнікаў не перашкаджае падпісанню нафтавага балансу з РФ на 2013 год.
    11 снежня беларускі кіраўнік заявіў, што разлічвае падпісаць баланс на пастаўку нафты ў найбліжэйшыя тыдні. «Думаю, што мы дамовімся пра 23 млн. тон, — сказаў ён. — Ёсць адзіная праблема, тэхнічная: ці змогуць такі аб’ём паставіць па трубе? Прыкладна 22 млн. тон змогуць, а 1 млн. тон мы гатовы паставіць чыгуначным транспартам». Беларусь, падкрэсліў Лукашэнка, настойвае на пастаўцы менавіта 23 млн. тон — такі аб’ём неабходны для беларускіх прадпрыемстваў, якія дзякуючы мадэрнізацыі здольныя перапрацоўваць вялікія аб’ёмы нафты.
    Расія, паводле яго слоў, згодная на пастаўку 23 млн. тон нафты на ўмовах узаемнай пастаўкі Беларуссю высокаактанавага бензіну. Такія ўмовы прымальныя для Беларусі, сказаў кіраўнік дзяржавы. І дадаў: «Хоць гэта супярэчыць духу Адзінай эканамічнай прасторы і саюза, які мы будуем, — тут павінна быць свабода перамяшчэння тавараў». Умовы пастаўкі нафты абмяркоўваліся 19 снежня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі, не каментуючы падрабязнасцяў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?