«Любыя абвінавачванні ў заступніцтве рэвізіяністаў, адрасаваныя беларускім уладам і ідэалагічным работнікам, з’яўляюцца беспадстаўнымі, а прыватнае меркаванне асобных навукоўцаў не можа расцэньвацца ў якасці дзяржаўнай пазіцыі», гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на афіцыйным сайце Мінабароны.

«У канцы лістапада ў Беларускім дзяржаўным універсітэце прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя «Вайна 1812 года і Беларусь». Лейтматыў канферэнцыі: Айчынная вайна 1812 года не была для беларусаў айчыннай, для нас гэта — не больш чым франка-руская вайна, г.зн. вайна чужая, так як жыхары беларускіх зямель у сілу абставінаў таго часу ваявалі па абодва бакі барыкад», прызнаюць у паведамленні Мінабароны.

«І ў гэтым сэнсе рэакцыя пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь А.Сурыкава падчас прэс-канферэнцыі ў Менску 19 снежня цалкам зразумелая. Аднак незразумела яго заяву аб тым, што дадзеныя працэсы адбываюцца з маўклівай згоды беларускіх уладаў і ідэалагічных работнікаў», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны.

Маўляў, навукоўцы сапраўды не бачаць падставаў, каб беларусы лічылі франка-расійскую вайну Айчыннай, аднак ідэолагі з імі не згодныя.

«Ацэньваючы заявы некаторых удзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай падзеям 1812 года ў Беларусі, у прыватнасці, аб неабходнасці выключэння з афіцыйнай гістарыяграфіі тэрміна «Айчынная вайна 1812 года», памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Аляксандр Гура абвінавачвае: «Яны сышлі з гісторыі ў ідэалогію, аказаўшыся зусім не гатовымі да гэтага, не ўлічваючы ментальных каштоўнасцей беларускага народа, што небяспечна сур’ёзнымі наступствамі.
Бо дадзены пункт гледжання спрыяе штучнаму нагнятанню напружанасці і процістаяння ў грамадстве. Гэта значыць замест таго, каб цэментаваць грамадства, некаторыя навукоўцы з Акадэміі навук і Белдзяржуніверсітэта спрабуюць яго раскалоць, ​​забіваюць чарговы клін, у тым ліку і ў этнаканфесійным плане», — мяркуюць у Мінабароны.

Ідэолагі апелююць не да гістарычных крыніц і фактаў, не да ацэнак гісторыкаў, а да «палітычнай мэтазгоднасці»: «Адначасова наносіцца ўдар па беларуска-расейскім дачыненням, Беларусь спрабуюць супрацьпаставіць нашаму галоўнаму стратэгічнаму саюзніку — Расійскай Федэрацыі. Гэта ўсяго толькі першы крок на шляху да таго, каб і Айчынную вайну 1941–1945 гадоў для Беларусі прызнаць чужой, не больш чым германа-савецкай. А значыць, і адмовіцца ад каштоўнасці Вялікай Перамогі — галоўнай каштоўнасці, якая ляжыць у аснове фарміравання патрыятызму, згуртаванасці беларускага грамадства», — падкрэсліў А.Гура.

«Міністэрства абароны Беларусі лічыць неабгрунтаванымі абвінавачванні ў дачыненні да беларускіх уладаў у заступніцтве за рэвізіяністаў», — гаворыцца ў паведамленні. «Гістарычным рэвізіянізмам» расійская афіцыйная прапаганда называе спробы новых незалежных дзяржаваў разглядаць уласную гісторыю з пункту гледжання ўласнага нацыянальнага развіцця, а не з пазіцый выгады, поспехаў і няўдач Расіі.

У Расіі засмучаныя тым, як частка беларускай інтэлігенцыі ставіцца да Айчыннай вайны 1812 года, заявіў, нагадаем, пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі 19 снежня.

«Нейкая частка беларускай інтэлігенцыі лічыць, што гэтая вайна не была Айчыннай, — сказаў Сурыкаў.

Асаблівае засмучэнне ж у яго выклікае «маўчанне беларускіх уладаў». Ён адзначыў, што «беларускія ідэолагі заахвочваюць гэтае маўчанне».

Калі вайну 1812 года перастаюць расцэньваць як Айчынную, заўважыў Сурыкаў, то «могуць з’явіцца паралелі і з Вялікай Айчыннай вайной 1941–45 гадоў».

Лукашэнкаўцы навязваюць успрыманне савецкай гісторыі і міфаў як сваіх для беларусаў, але з меншым энтузіязмам ставяцца да дасавецкай імперскай Расіі.

Нядаўняе адзначэнне 200-годдзяфранцузска-расійскай вайны 1812 года выклікала працяг старых спрэчак у стане гісторыкаў.

Варта адзначыць, што, насуперак заяве Сурыкава лукашэнкаўскі топ-ідэолаг Вадзім Гігін адзначыў юбілей артыкулам «І ўсе-такі Айчынная!» на сайце афіцыйнага агенцтва БелТА, і гэты ўстановачны тэкст трымалі на галоўнай старонцы некалькі тыдняў.
Іншыя прарасійскія элементы выступілі з аналагічнымі заявамі на розных сайтах.
Беларускі гісторык Алесь Белы нагадаў на гэта аб’ектыўныя гістарычныя факты. Нават не лічбу жыхароў Беларусі, якія ваявалі на баку Напалеона, а той факт, што «беларускіх герояў вайны 1812 года [з расійскага боку] няма».

Беларусы ваявалі як у французскай, так і ў расійскай арміі. Але палітычны слой Беларусі, шляхта, масава падтрымаў Напалеона, звязваючы з ім спадзяванні на аднаўленне Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. У сваю чаргу, сяляне скарысталі вайну і цьмяныя весткі пра французскую рэвалюцыю для рабавання панскіх маёнткаў.

Пад «Айчыннай» у Расіі разумеюць усенародную вайну.
Гістарычны ярлык «айчыннай» у ХІХ стагоддзі атрымала вайна з Напалеонам, а ў ХХ-м — вайна між нацыскай Германіяй і Савецкім Саюзам. Пры гэтым у савецкай традыцыі яе аддзяляюць ад астатніх падзей Другой сусветнай, у тым ліку пакта Молатава-Рыбентропа, захопу Саюзам краінаў Балтыі і Бесарабіі, спробы акупаваць Фінляндыю.

Пасля вайны 1812 года Расія пашырыла свае межы на захадзе і ўзмацніла ўплыў на еўрапейскую палітыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?