Найлепшы падарунак — ужо не кніга. Да такой высновы можна прыйсці, убачыўшы пераднавагоднія чэргі каля мінскіх крамаў тэхнікі. Лядоўні, пральныя машыны, але перадусім тэлевізары — усё гэта ідзе на «ўра». Але ў якой краме тавар таннейшы?

«Наша Ніва» параўноўвае цэны ў асноўных сетках тэхнікі («Пяты элемент», «Карона-Тэхна» і «Электрасіла»), перавёўшы іх у даляры. Для даведкі прывядзём таксама цану ў інтэрнэт-крамах.

Знайсці мадэль, якая прадавалася б адразу ва ўсіх сетках, складана. Тым больш што крамы не дбаюць пра патэнцыйных купцоў — ніводная не вывешвае на свой сайт уцямнага каталога тэхнікі з цэнамі.

Але лідар бачны і на прыкладзе адвольна ўзятых дзесяці папулярных тавараў.
Сем разоў найменшая цана ў «Кароне-Тэхна», па адным разе — у «Пятым элеменце» і «Электрасіле». У выпадку ж з пральнай машынай «Атлант» — абсалютная нічыя.

Розніца паміж самай дарагой і самай таннай прапановай часам дасягае 50%! На еўрапейскім рынку такая нацэнка зрабіла б прадаўца неканкурэнтаздольным. У Беларусі ж адбываецца іначай. Сеткі, прадстаўленыя ў дробных гарадах, не маюць канкурэнцыі, таму могуць выстаўляць адвольныя цэны.

У інтэрнэце ж цана яшчэ меншая, чым у «Кароне-Тэхна»! Чаму ж не ўсе беларусы купляюць у Сеціве, калі там танней? Усё вельмі проста.
Сеткі дазваляюць купляць тавар, заплаціўшы сваімі грашыма толькі 10% ад цаны ці нават менш. На астатнюю суму афармляецца крэдыт. І хоць рэальная стаўка складае 35% гадавых і нават больш, гэта не адштурхоўвае кліентаў — нейкую частку крэдыту з’ядуць інфляцыя з дэвальвацыяй.

У некаторых выпадках можна атрымаць нават беспрацэнтную растэрміноўку. Такую прапанову робіць, напрыклад, «Карона-Тэхна». Праўда, у растэрміноўку выдаецца не ўвесь тавар. Тэлевізары ўзяць не ўдасца.

***

«Электрасіла» — 17 крамаў (Мінск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр). Уладальнік — Андрэй Хоміч.

«Карона-Тэхна» — 5 крамаў (Мінск, Брэст, Бабруйск, Віцебск). Уладальнік — Павел Тапузідзіс.

«Пяты элемент» — 28 крамаў (Мінск, Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Жлобін, Ліда, Магілёў, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск, Полацк, Салігорск). Уладальнік — Андрэй Балабін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?