Судовы працэс над былым намеснікам міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Яўгенам Полуднем пачнецца 14 студзеня.

Слуханні будуць праходзіць у закрытым рэжыме. Справу разглядае Ваенная калегія Вярхоўнага суда. Суд адбудзецца ў памяшканні Беларускага ваеннага суда.

Нагадаем, Яўген Полудзень абвінавачваецца ў злоўжыванні ўладай, перавышэнні ўлады і атрыманні хабару.
Дзеянні былога намесніка кіраўніка МУС кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), чч. 2 і 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча) і ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару).
Полудзень быў затрыманы 8 снежня 2011 года.
Праз тыдзень яму прад’явілі абвінавачанне па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). У лютым 2012 года ў дачыненні да Полудня была распачата справа — па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча). Абедзве справы аб’ядналі ў адну вытворчасць. Следства ўстанавіла, што Полудзень сістэматычна на працягу доўгага перыяду часу атрымліваў ад службовых асоб органаў унутраных спраў матэрыяльныя каштоўнасці і грашовыя сродкі.

На сустрэчы з журналістамі 27 красавіка начальнік Следчага камітэта Валерый Вакульчык паведаміў, што справа — шматэпізодная, па ёй праходзіць шмат сведак. «Абгрунтаванасць затрымання Полудня не выклікае сумненняў», — сказаў кіраўнік СК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?