Akute — «Не існуе»

Трыа Akute сваім другім альбомам працягнулі справу папулярызацыі поп­рока сярод моладзі. Іх канцэрты збіраюць аншлагі, яны выступаюць перад Placebo, яны гучаць у фільме «Вышэй за неба». Другі альбом Akute вольны ад «сіндрому другога альбома» — песні ў ім не горшыя Магчыма, у хуткім часе Akute стануць галоўнымі беларускамоўнымі спевакамі краіны.

Срэбнае вяселле — Laterna Magica

Шкада, што гурт Святланы Бень не спявае па-беларуску. Тым не менш, доўгачаканы другі альбом кабарэ-бэнду лепшы за дэбютны. Сталым наведнікам канцэртаў «Вяселля» песні даўно знаёмыя, аднак у студыі яны зазіхацелі новымі фарбамі — выявілася, што і без шоу (а па ўзроўні шоу з «Вяселлем» у нас ніхто не пацягаецца) гэтыя песні могуць выдатна існаваць. Асабліва адзначым абсурдысцка­-філасофскі трэк «Пищевая цепочка» — так і ўяўляеш, як яго спявае Эдыт Піяф.

Neuro Dubel — «До*уя советчиков»

Аляксандр Кулінковіч і кампанія запісалі самы «лёгкі» і «вясёлы» альбом ва ўсёй дыскаграфіі гурту. І амаль без мату. Ну, толькі ў загалоўнай песні і ў назве кружэлкі. «Дзюбель» узняўся да такога ўзроўню, што які б альбом ні запісаў — дрэнна ўжо не выйдзе. А вось песня-кавер на класічную «Куба, любоў мая» — гэта проста нейкае свята. Кулінковіч умее рэанімаваць рэчы, які да яго падаваліся неаперабельнымі.

Ляпіс Трубяцкой — «Рабкор»

З «Вясёлымі карцінкамі» яго, канечне, не параўнаеш, але «Рабкор» выконвае сваю асноўную функцыю. Як і абяцалі «Ляпісы», гэта своечасовая зборка агітак і лозунгаў. А тое, што «Ляпісы» — найлепшы канцэртны гурт краіны, і казаць неяк няёмка: на каго яшчэ з Беларусі едуць поўныя аўтобусы слухачоў у сталіцы суседніх дзяржаў? Да таго ж, на альбом трапіла «Не быць скотам» — згустак энергіі на верш Янкі Купалы.

«Палац» — «Кола грукатала»

Алег Хаменка з сябрамі працягваюць ствараць новую народную песню. Не адрозніш, дзе песня старадаўняя, а дзе аўтарства саміх музыкаў. Матэрыял зроблены бездакорна — за амаль дзесяцігоддзе «студыйнага» маўчання гурт нічога не згубіў.

***

Заходні топ-­5: ад Оўшэна да Коэна

Заходнія музычныя выданні не прыйшлі да адзінай высновы наконт найлепшага альбома 2012 года. Ніжэй — пяцёрка тых, хто найчасцей трапляў на прызавыя месцы.

Фрэнк Оўшэн — Channel Orange

Фрэнк Оўшэн, які піша песні для людзей кшталту Джасціна Бібера, выпусціў першы сольнік. Музыка натхняецца, здаецца, усёй музыкай, якая існуе ў прыродзе, выходзіць якасны неасоўл. Чакаем працягу.

Джэй Уайт — Blunderbus

Калі на вокладцы напісана «Джэк Уайт» — асаблівых сюрпрызаў не дачакаешся: на месцы і брудная гітара, і надрыў, і, канечне, жаданне стаць у адзін шэраг з Led Zeppelin. Мяркуючы па рэакцыі крытыкаў, Уайт як ніколі блізкі да звання «класіка».

Брус Спрынгсцін — Wrecking Ball

Амерыканскі рок­-герой Брус Спрынгсцін трапіў у першыя радкі рэйтынгаў. Яго Wrecking Ball — гэта шэдэўр на ўсе часы.

Black Keys — El Camino

Чарговая порцыя гаражнага рока, які імкліва вяртаецца ў моду.

Leonard Cohen — Old Ideas

Паэт і спявак Леанард Коэн выпусціў першы за 12 гадоў студыйны альбом. Ягоныя «старыя ідэі» — гэта начытаныя паверх інструментаў разважанні, адарвацца ад якіх нерэальна.

5+ Дахабраха & Port Mone — «Хмелева Project»

Дадаткам да топавай пяцёркі можа быць вынік супольнага праекту беларускага гурту Port Mone з украінцамі «Дахабраха». Гэта не музыка, якую можна слухаць штодня, але ў плане інтэлектуальнага фолку і этнікі даўно нічога мацнейшага не было. У альбоме спалучаюцца дажазавыя матывы, народная песня і медытатыўнасць.

***

Гангнам Стайл: народны хіт

У рэйтынгі не трапляе, але мусіць быць адзначаная песня Gangnam Style карэйскага рэпера Psy. На сайце YouTube яна сабрала болей за мільярд праглядаў — гэта абсалютны рэкорд у гісторыі сервера. Песня гэта пра багаты раён Сеула з смешным танцам-пародыяй на «мажорнае» жыццё стала міжнародных хітом — яе спяваюць усе: па-беларуску існуе ўжо два варыянты.

І, безумоўна, куды без бліскучай перамогі на Еўрабачанні Loreen з песняй Euphoria?

Loreen выступіла ў ліпені 2012 г. на "Славянскім базары" ў Віцебску, а затым у Мінску сустрэлася з жонкай асуджанага праваабаронца Алеся Бяляцкага Наталляй Пінчук.

Адкрыццё года -- Жэня Літвінковіч

Беларус з Жодзіна зрабіў фурор ва Украіне. Зараз ён выйшаў у суперфінал украінскага шоу "X фактор - 3"

А якая Ваша любімая песня-альбом 2012 г.? Выказвайцеся ў каментарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?