Калі шэсць год таму Сяргея Стасевіча рукапаклалі на святара Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі, кіраўнік місіі айцец Аляксандр Надсан прызнаўся, што чакаў гэтай падзеі чвэрць стагоддзя.

Айцец Аляксандр Надсан і айцец Сяргей Стасевіч служаць паніхіду ля магілаў беларусаў на лонданскіх могілках Св. Панкрата. Дзяды-2011.

Айцец Аляксандр Надсан і айцец Сяргей Стасевіч служаць паніхіду ля магілаў беларусаў на лонданскіх могілках Св. Панкрата. Дзяды-2011.

Малады святар са здольнасцямі мэнэджара ўжо ажыццявіў рэканструкцыю легендарнага «Марыйнага дома» — сядзібы Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтра ў Лондане ды ініцыяваў праект пабудовы сапраўднай беларускай царквы. Мы гутарым з айцом Сяргеем пра Ўніяцкую царкву, рэлігійнасць беларусаў і «беларускую вёску» у Лондане.

«Абраў уніяцтва, каб пераадолець рэлігійны падзел паміж беларусамі»

— Айцец Сяргей, калі вы зразумелі, што жадаеце стаць святаром?

— З дзяцінства мяне цікавіла рэлігія.

Сканчваючы школу ў Івацэвічах і паступаючы на аддзяленне культуралогіі філасофскага факультэта БДУ, ведаў, што хачу быць менавіта грэка-каталіцкім (іначай кажучы — уніяцкім) святаром.
Усё адбывалася неяк само сабой, я проста рэалізоўваў пакліканне. Таму выбраў Мінск, дзе існавалі грэка-каталіцкія суполкі і святары, а таксама адукацыю, якая магла спатрэбіцца дзеля дасягнення маёй мэты. Ужо пасля, у Папскім Грэцкім калегіуме ў Рыме даведаўся, што пяць гадоў на філасофскім факультэце ў БДУ не адпавядаюць нават ступені бакалаўра філасофіі, дзеля атрымання якой ў каталіцкіх навучальных установах вучацца два гады.
Для святарства ж акрамя філасофіі патрэбна было яшчэ скончыць трохгадовы курс багаслоўя. Прыйшлося наноў вывучаць асноўныя філасофскія дысцыпліны яшчэ цэлы год. У БДУ не было нават такіх асобных курсаў, як анталогія, гнасеалогія…

— Як выглядае рэлігійная адукацыя ў замежных навучальных установах?

— Існуюць тэалагічныя факультэты пры ўніверсітэтах, адкрытыя для ўсіх. Там у сапраўднай акадэмічнай абстаноўцы супольна навучаюцца як семінарысты — тыя, што рыхтуюцца да святарства і жывуць ў сваіх духоўных семінарыях, так і свецкія студэнты. Найбольш складаным было менавіта ўвайсці ў сам працэс навучання, бо БДУ прывучыў легкадумна ставіцца да прадметаў і вучыцца толькі падчас сесіі. Таксама трапіўшы на падрыхтоўчы курс італьянскай мовы, упершыню сутыкнуўся з тым, што замежную мову можна вывучаць з «нуля» без іншай мовы-пасярэдніцы.

— Чаму вы абралі менавіта ўніяцтва?

— Я абраў усходняе каталіцтва як веравызнанне, што спалучае ў сабе беларускасць моўную, абрадавую з паўсюднасцю, універсальнасцю Каталіцкай царквы. У гэтым я бачыў пераадоленне рэлігійнага падзелу паміж беларусамі прынамсі асабіста для сябе.
Хаця я перайшоў у Каталіцкую царкву, прызнаў каталіцкую веру і пяршынства Папы рымскага, я захоўваю ўсходні абрад, як у Праваслаўнай царкве. Рыма-каталікі мне не чужыя: мы молімся і прычашчаемся разам як члены адной Царквы Хрыстовай.

Мінск — Рым — Лондан

— Як вы апынуліся на Альбіёне?

— У 1999-м скончыў БДУ, надышла пара здзейсніцца маёй запаветнай мары. Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі айцец Аляксандар Надсан, з якім я пазнаёміўся двума гадамі раней на каталіцкім моладзевым форуме ў Парыжы, прапанаваў прыехаць да яго ў Лондан. У айца тады быў праект — ён спансіраваў навучанне багаслоўю ў Еўропе маладых беларусаў-уніятаў. Пры спрыянні айца Аляксандра мяне прынялі ў Папскі Грэцкі калегіум у Рыме, які скончыла шмат беларусаў і ў тым ліку ён сам. Атрымаўшы ступень бакалаўра тэалогіі ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага («Анджэлікум»), я вярнуўся ў Брытанію, дзе скончыў магістратуру Хітруп-Каледжа пры Лонданскім універсітэце.

— Які статус мае Беларуская каталіцкая місія ў Англіі?

— Пасля вайны Каталіцкая царква заснавала ў Вялікабрытаніі шэраг нацыянальных місій для шматлікіх імігрантаў (вайскоўцы, уцекачы з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы і інш.). У той час на Брытанскіх выспах апынуліся блізу 10 тысяч беларусаў (у асноўным — жаўнеры Арміі Андэрса з сем’ямі).
Айцец Чэслаў Сіповіч якраз абараніў у Рыме доктарскую дысертацыю ў тэалогіі, і паколькі дарога ў Савецкі Саюз была зачынена, яго накіравалі ў Лондан. У 1947 годзе паўстала Беларуская каталіцкая (усходняга абраду — К.Л.) місія ў Англіі.
Ніводная з тых місій, апроч беларускай, сёння не існуе: яны альбо зніклі, альбо трансфармаваліся ў паўнавартасныя парафіі — царкоўныя супольнасці з уласным царкоўным будынкам.
Гэтак, нашы суседзі літоўцы, украінцы і палякі займелі ўласныя цэрквы, якія сёння абслугоўваюць вернікаў.

Мы так і засталіся місіяй і сёння знаходзімся ў непасрэдным падпарадкаванні Кангрэгацыі для Ўсходніх цэркваў. Гэта частка Рымскай Курыі, якая займаецца справамі ўсходніх каталіцкіх цэркваў свету. Апроч таго мы знаходзімся на тэрыторыі рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Вестмінстэра, таму многія пытанні павінны ўзгадняць і з імі.

Паколькі наша царква не мае ўласнага біскупа, у канцы 2006 года мы звярнуліся па дапамогу да Украінскай грэка-каталіцкай царквы ў справе майго рукапалажэння. Мяне высвяцілі спачатку на дыякана, а потым на святара.

— Хто асноўныя вернікі ў беларускай царкве святых Пятра і Паўла ў Лондане?

— Гэта беларусы-грэка-католікі, у большасці сваёй не старэйшыя за 40 гадоў. Многія з іх прынялі хрост у нас. Ходзяць да нас таксама славацкія грэка-католікі і нават адзін брытанскі кітаец.

Чаму поп і ксёндз у беларускім фальклоры — адмоўныя персанажы

— Паводле розных даных, у Лондане жыве болей за 1000 беларусаў. Чаму, на вашу думку, яны не вельмі спяшаюцца ў царкву?

— З аднаго боку, беларусы пазбаўлены традыцыйнай рэлігійнасці. У іх няма ані рэлігійных ведаў, ані глыбокай веры, і цэрквы мала робяць для таго, каб змяніць гэтую сітуацыю.

Падчас навучання ў Рыме я даваў інтэрв’ю адной беларускай журналістцы. «Я разумею, як грэка-католік вы навучаецеся ў Рыме. А чым вам дапамагае Грэцыя?» — на поўным сур’ёзе запыталася яна.

З іншага боку, нашы людзі вельмі забабонныя, вераць у магічныя рытуалы як спосаб прыдбаць здароўе, багацце і г.д. Аднак каб дасягнуць дабрабыту, захаваць здароўе на Захадзе, чалавеку не патрэбны рытуалы — ён здольны здзейсніць гэта самастойна. Беларусы ж, пастаўленыя дзяржавай перад неабходнасцю выжываць, вельмі матэрыяльна арыентаваныя.

Таму калі наш чалавек пераязджае на Захад і задавальняе матэрыяльныя патрэбы, у яго аўтаматычна адпадае патрэба ў царкве, рэлігіі, забабонных рытуалах.

Аднойчы падчас традыцыйнага святкавання Купалля ў нашай лонданскай «вёсцы» да мяне падышла дзяўчына і запыталася: «А вы, это, в самом деле или притворяетесь?» — «Што „в самом деле“?» — не зразумеў я. — «Ну, тут все переодеты в народные костюмы…» -«Праўда, я на самой справе». — «Не может быть! Никогда бы не поверила». Іншым разам жанчынка запыталася, ці гэта праўда, што скокамі праз вогнішча адпускаюцца ўсе грахі…

— Але і цэлы, прынамсі, хрысціянскі свет секулярызуецца даволі хуткімі тэмпамі…

— Сапраўды, рэлігія на Захадзе выконвае сёння вельмі абмежаваныя функцыі. Напрыклад, рэлігійнасць брытанскага грамадства мінімальная. Калі мясцовым каталіцкім парафіям пакуль удаецца захоўваць адносна высокі адсотак вернікаў, то ў англіканаў (а менавіта яны складаюць большасць) назіраецца выразны заняпад рэлігійнасці. Характэрна, што і вернікамі тут сябе называюць толькі тыя, хто рэгулярна ходзіць у царкву, «практыкуе».

Беларусь патрапіла ў гэтую плынь праз камуністычнае мінулае, калі дзяржава змагалася з рэлігіяй рэпрэсіўнымі метадамі. Разам з тым, у беларусаў захаваліся рудыменты традыцыйнай рэлігійнасці.

На ідэнтыфікацыйным узроўні ў многіх — нават калі яны і ня ёсць сапраўднымі вернікамі — усё яшчэ спрацоўвае атаясамленне: ты хто — праваслаўны ці каталік, то бок рускі ці паляк. Такім чынам, ідэя нашай царквы ім незразумелая, бо яна ані тая, ані другая…

«Нашыя спрадвечныя храмы атрымалі праваслаўныя»

— Ці ў перспектыве беларуская нацыянальная ідэя будзе жыццяздольная без рэлігійнага складніка?

— У беларускай нацыянальнай ідэі якраз і не было рэлігійнага складніка. Затое ў фармаванні сучасных еўрапейскіх нацый — асабліва гэта тычыцца блізкіх да нас цэнтральнаеўрапейскіх народаў — рэлігія адыгрывала істотную ролю. У другой палове 19 стагоддзя, калі гэта працэс праходзіў ключавую стадыю, у беларусаў не было свайго веравызнання. Тутэйшыя людзі былі падзелены паміж дзвюма цэрквамі, моцна заангажаванымі ў фармаванне двух мацнейшых нацый — праваслаўнай (расійцы) і каталіцкай (палякі). Паводле логікі, нашай царквой павінна было стаць уніяцтва — дамінантнае веравызнанне на беларускіх землях у канцы 18 стагоддзя, што аб’яднала каталікоў і праваслаўных. Але ў 1839 годзе расійскія імперскія ўлады канчаткова ліквідавалі беларускую Ўнію, а мільёны вернікаў сіламоц перавялі ў праваслаўе.

Не дарма ў беларускім фальклоры поп і ксёндз — гэта найчасцей чужынцы, якія прыехалі з розных старон чыніць духоўны гвалт, насаджваючы кожны сваю веру. З іх кпяць, а не паважаюць. Сапраўдная ж народная вера — уніяцтва — знікла, а разам з ёй і ўніяцкія святары, якія карысталіся аўтарытэтам сярод насельніцтва.

Тое, што не атрымалася ў беларусаў, ажыццявілі нашы паўднёвыя суседзі ўкраінцы. Украінская нацыя паўстала менавіта ў заходняй частцы краіны на грунце ўкраінскай, грэка-каталіцкай веры.

Мяркую, што пры наяўнасці аб’яднаўчага рэлігійнага складніка беларуская нацыянальная ідэя была б больш жыццяздольнай і трывалай.
Царква можа ўздзейнічаць на фармаванне нацыі, якая, як лічаць некаторыя даследчыкі, у нас да канца не аформілася, праз мову. Каталіцкая царква як заходняга, лацінскага абраду, так і нашага, усходняга цяпер паслядоўна ўжывае беларускую мову, і нават калі людзі не размаўляюць у штодзённым жыцці па-беларуску, яны прыходзяць на службу і чуюць беларускае слова. Ператвараючы беларускую мову ў сакральную, можна ўплываць на фармаванне самасвядомасці людзей.
На самым пачатку 1990-х пры духоўнай падтрымцы айца Аляксандра Надсана ідэю ўніі ўзнялі некаторыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Наша царква пачала адраджацца, але пасля 1994-га на далёкіх і амбітных планах быў пастаўлены крыж.

— Я звярнуў ўвагу на тое, што ніводная афіцыйная крыніца, рэпрэзентуючы сучасную канфесійную сітуацыю ў Беларусі, аніяк не згадвае пра грэка-каталікоў. Дзіўна чытаць пра традыцыйнасць лютэранства на Беларусі пры адсутнасці якіх-кольвек згадак пра ўніяцтва, якое дамінавала на нашай зямлі 200 год назад… Што грэка-каталіцкая царква на Беларусі ўяўляе з сябе сёння, пасля паўтара стагоддзя забаронаў і забыцця?

— У Мінску, а таксама пераважна ў абласных і раённых цэнтрах існуюць суполкі вернікаў, якія ўспрынялі ідэю ўніі, еднасці каталіцкай царквы пры захаванні ўсходняга абраду. Усе богаслужбы адбываюцца на беларускай мове. Суполкі, як правіла, нешматлікія. Дагэтуль у нас няма свайго біскупа — паўнавартаснага кіраўніка царквы.

У 1990-я ў нас назіраўся вялікі энтузіязм што да ўніяцтва. Нават праваслаўныя святары выказвалі пажаданні аб пераходзе да ўніі. Суполкі рэгістраваліся па ўсёй Беларусі. Аднак нашы спрадвечныя цэрквы належалі дзяржаве, а грэка-каталіцкіх святароў было зусім мала, вернікі складаліся ў асноўным з інтэлігенцыі, і за вяртанне маёмасці папросту не было каму змагацца. Урэшце амаль усе гэтыя храмы атрымала Праваслаўная царква.

Гэтак у Слоніме існаваў манастыр езуітаў усходняга абраду. Пры ім у 1938 годзе (Заходняя Беларусь тады была ў складзе Польшчы) збудавалі царкву ўсходняга абраду і касцёл заходняга. Калі каталіцкі касцёл сёння зноў дзейнічае, то ўніяцкую царкву аддалі праваслаўным. Цяпер на ёй вялікая «цыбуліна». Мясцовую грэка-каталіцкую парафію ўлады праігнаравалі.

Царква Святога Язэпа на цяперашняй плошчы Свабоды ў Мінску мусіла быць перададзена ўніяцкай царкве паводле рашэння Мінгарвыканкама яшчэ ў 1990-х.
Аднак пераезд архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі не адбыўся дагэтуль, а ў сценах бернардынскага кляштарнага комплексу XVIII стагоддзя хутка паўстане гатэль з паркінгам, казіно і музеем.

Дзяржава не давала зямлю пад пабудову грэка-каталіцкіх цэркваў, чыніла перашкоды пры рэгістрацыі будынкаў у рэлігійныя ўстановы. За 20 год незалежнасці нам удалося пабудаваць усяго адну сапраўдную царкву — у Полацку. Яшчэ адзін навабуд у Берасце нагадвае звычайны будынак з крыжам.

«Для рэпрэзентацыі нашай культуры ў Лондане не хапае царквы»

— У першым матэрыяле цыкла «Беларуская Брытанія» мы гутарылі з маладым лонданскім архітэктарам кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэлем Со — аўтарам праекта новай беларускай царквы, якая мае паўстаць на тэрыторыі Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтра ў Лондане ў бліжэйшай будучыні. Чаму менавіта цяпер з’явілася такая патрэба?

— Беларускі цэнтр існуе на поўначы Лондана з другой паловы 1940-х гадоў. Апроч вядомай усім бібліятэкі-музея імя Францішка Скарыны тут у «Марыйным доме» (Marian House) жылі беларускія святары ўсходняга абраду, дзейнічала каталіцкая школа-інтэрнат для хлопцаў. Ужо больш за паўстагоддзя тут штодня адбываюцца беларускія богаслужбы. Разам з тым у нас ніколі не было сапраўднага храма (царква месціцца ў памяшканні былой грамадскай залы). Цэрквы ж ёсць неад’емным элементам беларускага ландшафту. Паколькі мы хочам захаваць тут маленькую сімвалічную Беларусь, для рэпрэзентацыі нашай культуры і рэлігіі не хапае царквы. Гэта першае, аб чым я падумаў, прыехаўшы ў Лондан шэсць год назад. Айцец Аляксандр падтрымаў маю ініцыятыву.

Вялікай праблемай было знайсці архітэктара. Мясцовыя спецыялісты не разумелі нават сэнс слова «беларуская». Тое, што яны прапаноўвалі, не мела аніякай архітэктурнай вартасці. Працаваць з беларускімі архітэктарамі таксама немагчыма, бо тэхнічныя нормы ў Беларусі і Вялікабрытаніі істотна адрозніваюцца.

Патрэбен быў мясцовы спецыяліст, які б ажыццявіў праект на аснове беларускай архітэктурнай традыцыі. Урэшце Бог паслаў мне яго ў асобе Рафаэля Со, які таксама з’яўляецца нашым вернікам.

Блаславенне Рыму на рэканструкцыю сядзібы нашага цэнтра — «Марыйнага дома» з пабудовай царквы мы атрымалі яшчэ пяць год таму. Сёлета адбылося яе асвячэнне пасля рэканструкцыі. Цяпер мы павінны атрымаць дазвол ад уладаў нашага раёна на ўзвядзенне храма.

— Вы стала жывяце за межамі Беларусі больш за дзесяць год. Ці не пакутуеце ад настальгіі па радзіме?

— Мы жывем тут ў своеасаблівай «беларускай вёсцы» (Беларускі рэлігійны і культурны цэнтр імя святога Кірылы Тураўскага ў лонданскім раёне Паўночны Фінчлі — К.Л.): размаўляем і молімся толькі па-беларуску, творым беларускае культурнае асяроддзе, пазбаўленае ўсюдыіснай расійшчыны.
Побач яшчэ жывуць прадстаўнікі папярэдніх пакаленняў эміграцыі, якія захавалі даваенную беларускасць. Таму ніякай асаблівай настальгіі не адчуваю. Наадварот, прыязджаючы ў Беларусь, у мяне хутка з’яўяецца настальгія па Лондане, бо менавіта тут я знайшоў Беларусь, якой так бракуе на нашай радзіме.

— У прэсе вас ахрысцілі пераемнікам айца Аляксандра Надсана. Ці не завялікі цяжар адказнасці?

— Я ніколі фармальна не прызначаўся пераемнікам айца Аляксандра. У царкве таксама няма перадачы ўлады ў спадчыну. Такім чынам, я раблю толькі тое, што пастаноўлена вышэйшымі царкоўнымі уладамі ў Рыме: я асістэнт айца Аляксандра, які ёсць кіраўніком нашай Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі. А пра цяжар адказнасці наш Госпад Ісус Хрыстос у Евангеллі кажа так: «Вазьмеце цяжар Мой на сябе, бо ён лёгкі».

«Свята ажыццёўленай надзеі»

— Як вы звычайна святкуеце Каляды ў Лондане?

— Традыцыя святкаваць Раство паводле новага стылю (25 снежня) прыйшла на Беларусь разам з першымі друкаванымі ў Лондане календарамі айца Аляксандра Надсана.
Увёў новы стыль яшчэ айцец Чэслаў Сіповіч. Найвялікшая ж усходняя каталіцкая царква ў свеце — ўкраінская — і дагэтуль трымаецца юліянскага календара.

На Каляды ў нас адбываюцца святочныя богаслужэнні. Усіх, хто ўдзельнічаў у вячэрняй службе, мы запрашаем на традыцыйную посную куццю. Да таго ж вось ужо дзесяць год адзін з нашых вернікаў Павал Шаўцоў ладзіць беларускую батлейку.

Божае нараджэнне — свята ажыццёўленай надзеі на тое, што дабро перамагае зло. Збавіцель свету, які нарадзіўся ў вусцішнай пячоры сярод цемры і змроку ў выглядзе маленькага дзіцяці, — сімвал гэтай надзеі. Хачу пажадаць усім беларусам не губляць веры і спадзявацца на лепшае. Усім жа тым, хто зараз пакутуе ў цемрадзі зямных вязніц, — надзеі на вызваленне!

Дасье

Сяргей Стасевіч нарадзіўся ў 1978 г. у Івацэвічах. Скончыў філасофскі факультэт БДУ (1999), Папскі ўніверсітэт святога Тамаша Аквінскага (Рым, 2004), Хітруп-Каледж (Лонданскі універсітэт, 2009). Магістр кананічнага права. Працаваў у рэдакцыі газеты «Каталіцкія навіны». Рэдактар малітоўніка «Госпаду памолімся» (Мінск, 2002). У 2006 г. высвячаны на грэка-каталіцкага святара ў Лондане.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?