Індывідуальны прадпрымальнік Юры Качук чытае літаратуру пра Другую сусветную вайну, піша карціны і іконы, любіць глядзець мультфільм «Ну, пачакай!» і ўмее смачна гатаваць. Каб ажыццявіць сваю даўнюю мару — выдаць кнігу кулінарных рэцэптаў традыцыйнай беларускай кухні, — ён прадаў жыллё.

Рыхтуе ракаў у піве

Некалькі гадоў таму ўзнікла ідэя — выдаць кнігу пра традыцыйную беларускую кухню. У аснову леглі рэцэпты з сямейных архіваў, ад сяброў і знаёмых.

Напрыклад, былы аднакласнік параіў, як лепш гатаваць вараных ракаў: не трэба ніякіх запраў, пасля варэння трэба хутка зліць ваду, заліць страву цёмным півам і гэтаксама хутка яго зліць. Часам, як кажа Юры, даводзілася «напружваць памяць» або рыхтаваць экспедыцыі па гарадах і вёсках.

Кожную страву Юры гатаваў сам, сам жа дэгуставаў, а пасля фатаграфаваў страву старэнькім «Алімпусам».

Каралём усіх беларускіх страў Юры лічыць «пячысты» — адварныя, тушаныя, смажаныя тушкі парася, птушкі або вялікія кавалкі свініны. У выніку ў кнізе сабралася больш за 350 кулінарных рэцэптаў — ад традыцыйных зразаў да паляндвіцы па-гусарскі.

Спачатку ў галаве склаўся дызайн будучай кнігі, потым Юры ўвасобіў яго на камп’ютары і раздрукаваў начорна-белым прынтары. І адправіўся ў польскае выдавецтва.

Каб выпусціць 500 асобнікаў кнігі і прывезці ўвесь наклад на радзіму, спатрэбіўся пачатковы капітал. Дзеля любімай справы давялося прадаць кватэру.

Як ні дзіўна, жонка такое рашэнне мужа падтрымала. Сям’я пераехала жыць да бацькоў.

«Ворага трэба ведаць у твар»

Цяпер Юры з жонкай жыве ў невялікай двухпакаёвай кватэрцы ў Зэльве. Яшчэ з парога нас уразіла, як шмат кніг у нашага героя. Увесь калідор па перыметры абстаўлены паліцамі з рознай літаратурай.

Потым гаспадар правёў нас туды, дзе, уласна, нараджаюцца яго ідэі.

Невялікая пакой застаўлена мэбляй. Шафы зверху данізу таксама забітыя кнігамі — Аляксандр Дзюма, Ніцшэ, маркіз дэ Сад. Асобная паліца — для літаратуры пра Другую сусветную.

— Вельмі люблю чытаць Суворава і Саланіна, пра выведку. Ворага трэба ведаць у твар, — усміхаецца наш суразмоўца. — Любімыя раманы — «17 імгненняў вясны». «Патоп» Генрыха Сянкевіча перачытваў 17 разоў. Ведаю ледзь не на памяць. «Агнём і мячом» — крыху менш, затое быў на прэм’еры ў Кракаве ў 1999 годзе.

Вучыць размаўляць ката Веню

Юрый Качук вельмі любіць зброю. Ад дзеда ў спадчыну яму перайшла сямейная рэліквія — пісталет кавалерыстаў XVI стагоддзя. Каштуе ён, па словах Юрыя, каля 30 тысяч еўра. Нядаўна ён перадаў зброю ў слонімскі музей.

Асобны куток прысвечаны сувенірам ад сяброў. Напрыклад, кінжал, які падарыў сябар вядомага савецкага рэжысёра Тэнгіза Абуладзэ, або сувенірны жаночы пісталет.

Адно з захапленняў нашага героя — маляванне.

Юрый піша нацюрморты, мора (побач з карцінамі павесіў два маленькія макеты караблёў) і абразы. Яго працы выстаўляліся ў Бельгіі і Аўстраліі.

Паўсюль на сценах — фота любімай дачкі, якая цяпер жыве ў Празе і… ката Вені, дакладней, Веньяміна Бенядзіктавіча. Па словах гаспадара, гэта кот, які ўмее размаўляць. Праўда, за той час, што мы правялі ў гасцях у Юрыя, акрамя злоснага мяўкання, ніводнага слова з вуснаў ката Вені мы не пачулі.

Дарэчы, Новы год Юрый разам з жонкай плануюць сустрэць традыцыйна — у гасцях у дачкі ў Празе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?