У час, калі ва ўсіх сферах падводзяцца вынікі мінулага года, мы вырашылі зірнуць глыбей: якіх прапываў дасягнулі айчынныя медыкі за дзесяцігоддзе?

2003: выдаленне тромбаў ультрагукам

Беларускія лекары першымі ў свеце выдалілі тромб з сасудаў з дапамогай ультрагуку.

Сутнасць методыкі — у сасуд уводзіцца звыштонкі хвалявод, які знішчае тромб ультрагукам, а не механічна працінае яго (як пры ўжыванні эндаваскулярнага метаду лячэння трамбозу).

2004: лячэнне варыкозу лазерам

У 2004 годзе хірургі з Беларусі авалодалі найноўшай бяскроўнай тэхналогіяй лячэння варыкознай хваробы венаў: хворыя ўчасткі выдаляюць лазерным выпраменьваннем праз зонд. Аперацыя робіцца пад мясцовым наркозам. Паведамлялася, што аналагаў такой тэхналогіі няма.

Лячэнне варыкозу з дапамогай лазера дазваляе не ўжываць іншае «шырокамаштабнае» хірургічнае ўмяшанне.

2007: каністэрапія

Першае з’яўленне каністэрапіі (лячэння з дапамогай сабакі) ў Беларусі. Анімалатэрапія (ці зоатэрапія) шырока распаўсюджаная па ўсім свеце, асабліва калі справа тычыцца лячэння і рэабілітацыі дзяцей: можна плаваць з дэльфінамі, займацца іпатэрапіяй (лячэнне з дапамогай коней) і г.д. Але каністэрапія — самая даступная.

У Беларусі лячыць дзетак у 2007 годзе пачаў стафардшырскі тэр’ер Рон у Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў.

2008: перасадка печані

У гэтым годзе беларускія трансплантолагі зрабілі важны крок — перасадзілі печань.

Другая «гучная» перасадка гэтага органа адбылася ў 2012, калі печань у Мінску перасадзілі былому кіраўніку ізраільскай разведкі «Масад» Меіру Дагану.
Праўда, аперацыю праводзіў французскі хірург, а беларускія былі асістэнтамі.

2009: лячэнне атлусцення і дыягностыка дэпрэсіі

Зноўку поспех транспланталогіі (наступнымі гадамі іх будзе больш і больш): пацыентцы, хворай на цукровы дыябет, перасадзілі адразу і нырку, і падстраўнікавую залозу. У гэтым жа годзе ў Беларусі ўпершыню перасадзілі сэрца.

Але 2009 год запомніўся не адной транспланталогіяй:

медыкі ўпершыню імплантавалі ў страўнік жанчыне спецыяльны балон з паветрам, каб дапамогчы ёй схуднець і вылячыць ад атлусцення.
Таксама ў РНПЦ «Кардыялогія» асвоілі методыку замеру ўзроўню стрэсу. Такая дыягностыка дазваляе даведацца пра схільнасць асобы да дэпрэсіі і звязаных з ёю захворванняў.

2010: лячэнне несумяшчальных рэзус-фактараў

У 2010 хірургі паспяхова правялі складаную аперацыю і перасадзілі частку печані бацькі хвораму дзіцяці. А ў РЦ «Маці і дзіця» навучыліся лячыць несумяшчальнасць рэзус-фактараў маці і дзіця яшчэ да нараджэння.

2011: пратэзы вушных ракавін і лячэнне храпу

У гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі пацыентцы з дыягназам «цяглічная дыстанія» ў глыбінныя структуры галаўнога мозга імплантавалі электрастымулятар, які дазволіў жанчыне з цяжкім захворваннем вярнуцца да нармальнага жыцця.

РНПЦ аталарынгалогіі ў 2011 наладзіў вырабніцтва якасных пратэзаў вушных ракавінаў.

Плануецца, што выраб такіх пратэзаў будзе наладжаны ва ўсіх абласных медыцынскіх цэнтрах Беларусі да 2015 года.
Таксама навукоўцы правялі ўнікальную аперацыю па перасадцы клетак парашчытападобнай залозы ад жывога донара, а таксама навучыліся змагацца з храпам з дапамогай імплантантаў мяккага паднябення.

2012: складаныя перасадкі, ствалавыя клеткі, лекі ад страху

Гэты год быў багатым на прарывы ў айчыннай медыцыне. Аднаму пацыенту адначасова перасадзілі печань і нырку, іншаму — сэрца і нырку. Упершыню ў Беларусі была перасаджаная донарская артэрыя, а таксама пачалі рабіць аперацыі па закрыцці дэфектаў міжжалудачкавай перагародкі без адкрытага хірургічнага ўмяшальніцтва.

У Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі прэзентавалі новы спосаб лячэння апёкаў і язваў ствалавымі клеткамі. Звычайна апёк закрываюць кавалкам скуры самога пацыента, але прымяненне ствалавых клетак дазволіць абысціся без лішняга траўмавання.

Яшчэ адна цікавая навіна медыцыны: беларускія навукоўцы вынайшлі лекі, якія купіруюць пачуццё страху. Гэтая распрацоўка дапаможа тым, хто пакутуе ад псіхічных захворванняў, фобіяў, нервовых разладжванняў і беспадстаўных трывог.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?