Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч 19 ліпеня мае наведаць рок‑фэст «Басовішча» у Польшчы. У Гарадку будзе толькі адзін дзень.

«Выступаць Мілінкевіч на «Басовішчы» ня будзе, бо не прайшоў конкурснай праграмы — жартуе паплечнік экс‑кандыдата ў прэзыдэнты Юрась Губарэвіч. — Калі ж сур’ёзна, то ў фармаце «Басовішча» не прынятыя выступы са сцэны палітыкаў, таму і Мілінкевіч ніякіх прамоваў рабіць не зьбіраецца, ён едзе туды выключна, як прыватная асоба».

У Гарадку Мілінкевіч плянуе ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўляць з моладзьдзю, а таксама паслухаць добрую музыку.

Нагадаем, што рух «За свабоду» дапамог больш ста чалавекам атрымаць бясплатныя польскія візы, каб патрапіць на фэстываль. Таксама стараньнямі руху ад памежных пераходаў у Кузьніцы і Цярэспалю будуць хадзіць бясплатныя аўтобусныя рэйсы да Гарадка.

Сам жа фэстываль «Басовішча» пройдзе сёлета з 19 па 21 ліпеня.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0