Прэс-канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі 20 сакавіка для журналістаў, чальцоў ураду, прадстаўнікоў вэртыкалі і першакурсьнікаў Акадэміі кіраваньня, якія занялі пустыя месцы ў залі, засьведчыла: новаабраны прэзыдэнт нічым не адрозьніваецца ад стараабранага: любіць віншаваньні, не адказвае на непрыемныя пытаньні і робіць сэнсацыйныя прызнаньні.

Ён заявіў, што 19 сакавіка «Бог быў зь беларускім народам. Нідзе не было такой жудаснай завеі, як на гэтай плошчы». Потым усе пачулі, што ўдзельнікам падзеяў – 14–15-гадовым юнакам – на плошчы заплацілі па 20 тыс. рублёў. Потым Лукашэнка заявіў, што Мілінкевічу патэлефанавалі з Амэрыкі й загадалі абвясьціць сябе прэзыдэнтам. «Ён усю ноч думаў і не пагадзіўся. Вялікі дзякуй яму за гэта».

На пытаньне пра ўзровень жыцьця людзей у «зоне кантролю» ў Веткаўскім раёне, ён адрэагаваў рэзка: «Урон ад аварыі для Беларусі склаў каля 300 млрд даляраў. І мы самастойна такіх грошай знайсьці ня можам. І я параіў бы Амэрыцы, замест таго, каб укідаць сотні мільярдаў у вайну, дапамагчы Беларусі. Вось гэта будзе сяброўскі жэст».

На пытаньне журналіста «НН» (адзінае па-беларуску): «Ці залежыць ад вас як ад прэзыдэнта, каб недзяржаўныя газэты («Товарищ», «БДГ. Деловая газета», «Народная Воля») зноў друкаваліся ў Беларусі?» А.Лукашэнка адказаў разгорнута. Пачаў з таго, што «вы аплёўваеце народ. Вам выгадна друкавацца за мяжой». На крык журналіста (адразу пасьля пытаньня адключаюць мікрафон, так што апаніраваць прэзыдэнту складана) аб тым, што «НН» выходзіць у Беларусі, А.Лукашэнка дадаў: «Ну вось, бачыце – вы харошая газэта, друкуецеся ў Беларусі і будзеце друкавацца надалей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0