Сьцяпан Сухарэнка

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў сёньня шэраг кадравых перастановак.

У прыватнасьці, вызваленыя ад займаных пасадаў старшыня КДБ генэрал-лейтэнант Сьцяпан Сухарэнка і яго першы намесьнік Васіль Дземянцей, у сувязі зь пераводам на іншую працу.

Старшынёй КДБ прызначаны Юры Жадобін, які дагэтуль займаў пасаду начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Замест яго начальнікам службы бясьпекі кіраўніка дзяржавы прызначаны падпалкоўнік Андрэй Уцюрын, які да гэтага займаў пасаду начальніка кіраваньня асабістай аховай гэтай структуры.

Новаму кіраўніцтву КДБ даручана ў найсьціслыя тэрміны ўнесьці прэзыдэнту прапановы пра кадравае ўмацаваньне КДБ.

***


Юры Жадобін

Юры Віктаравіч Жадобін нарадзіўся ў 1954 годзе ў Днепрапятроўску (Украіна). У 1976 годзе скончыў Казанскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, у 1985 – камандны факультэт Ваеннай акадэміі бранетанкавых войскаў ў Маскве.

З 1976 году па 1990 г. прайшоў усе службовыя пасады ад камандзіра ўзводу да камандзіра палка. З 1990 году па 1999 год Юры Жадобін служыў на камандных пасадах у сыстэме грамадзянскай абароны Беларусі, унутраных войсках МУС РБ. З 1999 году – намесьнік міністра ўнутраных справаў, камандуючы унутранымі войскамі.

Зь верасьня 2003 году – начальнік службы бясьпекі прэзыдэнта.

Жадобін узнагароджаны ордэнамі "За службу Радзіме" трэцяй ступені і "Чырвонай зоркі", мэдалём "За бездакорную службу" першай ступені.

Ул. інф. і паводле БелТА

Фота Беларусь-ФОТО

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0