Апазыцыйны вэнэсуэльскі тэлеканал Radio Caracas Television (RCTV), ліцэнзія на вяшчаньне якога не была падоўжана ўладамі, зноў выйшаў у этэр. Аднак цяпер глядзець перадачы тэлеканала можна толькі цераз спадарожнік ці кабэльнае тэлебачаньне.

Станцыя спыніла вяшчаньне на агульнанацыянальнай частаце паводле рашэньня прэзыдэнта Чавэса апоўначы 28 траўня. На вуліцы Каракаса тады выйшлі як прыхільнікі прэзыдэнта, так і тыя, хто пратэстуе супраць ягонага рашэньня. Паліцыя ўжыла вадамёты і сьлезацечны газ для разгону дэманстрантаў.

Адмаўляючыся падаўжаць ліцэнзію RCTV, улады спаслаліся на відавочную крытыку ўраду ў этэры.

Прыватны тэлеканал Radio Caracas Television — найстарэйшы і адзін з самых папулярных у Вэнэсуэле, у той жа час менавіта ў праграмах RCTV гучыць жорсткая крытыка прэзыдэнта і ўраду краіны.

У канцы траўня былую частату RCTV заняў праўрадавы тэлеканал, які трымаецца каштоўнасьцяў сацыялістычнай рэвалюцыі прэзыдэнта Чавэса.

Многія прыхільнікі ўраду падтрымалі гэтыя захады, заяўляючы, што RCTV прадстаўляючы інтарэсы выключна эліты. Аднак гэтае рашэньне выклікала бурную рэакцыю ў грамадзтве, паколькі многія палічылі яго ўшчамленьнем свабоды слова.

Урад адмаўляе, што так ёсьць на самой справе, зазначаючы, што іншым прыватным сродкам масавай інфармацыі працаваць ніхто не забараняе.

У доказ таго, што свабода слова ў краіне не ўшчамляецца, улады ўказваюць на тое, што канал цяпер зноў у этэры, хай і не агульнадаступнай частаце.

RCTV вярнуўся ў этэр зь вялікай помпай. Гэты голас іншадумства будзе па‑ранейшаму крытыкаваць урад, але цяпер ён будзе даступны меншасьці вэнэсуэльцаў.

Паводле BBC

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0