У Гродне 5 студзеня ў судзе Ленінскага раёну прайшоў разгляд адміністрацыйных справаў, распачатых супраць гарадзенскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча. У сусветны Дзень правоў чалавека 10 снежня 2012 года яны сфатаграфаваліся з партрэтамі зняволенага Алеся Бяляцкага і кніжачкамі з тэкстам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Пазней гарадзенскай міліцыяй гэты медыйны факт быў кваліфікаваны як «несанкцыянаваны пікет» — 18 снежня былі складзены пратаколы апытання, а 19 снежня актывісты былі азнаёмлены з пратаколамі пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. Усе тры справы былі аб’яднаныя ў адзін адміністрацыйны працэс, які вёў суддзя Віталь Ляцко. Разгляд доўжыўся каля двух з паловай гадзін. У судзе не было прадстаўлена аніякіх доказаў віны праваабаронцаў, не знойдзена ніякіх сведак, усё абвінавачанне грунтавалася выключна на рапартах і домыслах прадстаўнікоў міліцыі.

У выніку суддзя Віталь Ляцко, не робячы перапынку ў паседжанні, абвесціў сваё пастанову — па 15 базавых велічыняў штрафу кожнаму. У суме гэта складае 4,5 мільёнаў рублёў. Праваабаронцы перакананыя, што працэс меў выключна заказны палітычны характар і лічаць такі прысуд абсалютна неадэкватным юрыдычным рэаліям абсурднай адміністрацыйнай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?