Дзённікі ўкраінскага дысідэнта часоў брэжнеўскага «застою» перагукаюцца з лістамі сённяшніх беларускіх палітвязняў.

Ён нарадзіўся 6 студзеня 1938 года ў вёсцы Рахноўка (Вінніцкая вобл. Украіны). Пазней яго сям’я перабралася ў Данецкую вобласць. Пасля школы (1954) Стус скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Данецкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, працаваў у вясковай школе настаўнікам украінскай мовы і літаратуры, паступіў у аспірантуру кіеўскага Інстытута літаратуры ім. Тараса Шаўчэнкі (1963).

4 верасня 1965 г. разам з паэтам Дзюбам і дысідэнтам Чарнаволам перад грамадскім праглядам фільма «Цені забытых продкаў» у кіеўскім кінатэатры «Украіна» Стус публічна выступіў з пратэстам супраць хвалі арыштаў украінскай інтэлігенцыі. У выніку Стуса выключылі з аспірантуры. Ён быў адным з тых, хто падпісаў Ліст-пратэст139-ці; публічна абвінавачваў КДБ у забойстве мастачкі і дысыдэнткі Алы Горскай.

12 студзені 1972 года быў арыштаваны адначасова з шэрагам іншых украінскіх дысідэнтаў. У верасні адбыўся суд з абвінавачваннем па арт. 62 КК (Антысавецкая агітацыя і прапаганда).
Адбыўшы пяць гадоў лагернага зняволення ў Мардовіі і два гады «хіміі» ў Магаданскай вобласці, паэт у верасні 1979 года вярнуўся ў Кіеў, дзе працягнуў сваю дзейнасць, выступаючы ў абарону «вязняў сумлення». З 1978 года ён з’яўляўся ганаровым членам англійскага ПЭН-клуба.

Ужо ў пачатку 1980 Стуса затрымалі ў другі раз. Ён атрымаў 10 гадоў прымусовых работ і 5 гадоў высылкі. У лагеры ён працягваў пісаць і перакладаць.

Ён памёр у лагеры 4 верасня 1985 года падчас галадоўкі пратэсту.

У 1989 годзе прах Васіля Стуса быў перавезены ва Украіну і пахаваны ў Кіеве. Стус пасмяротна рэабілітаваны ў 1990 годзе.

* * *

Васіль Стус. З лагернага сшытку

Запіс 1

Дык вось, пятага сакавіка я апынуўся на Калыме.
За сьпінай засталіся 53 дні этапу, амаль два месяцы. Прыгадваю камеру чалябінскай турмы з процьмаю прусакоў насьценах; наглядзеўшыся на іх, я адчуваў, як сьвярбіць усё цела, а пасьля — новасібірская перасылка, перабытая побач з В. Хаўстовым2, жудасная іркуцкая турма — мяне ўкінулі ў камеру да бічоў-аліментнікаў: завашыўленыя, брудныя, атупелыя, яны разносілі смурод перыферыйнай задушлівай свабоды, ад чаго хацелася выць ваўком: выяўляецца, і так можна жыць, і так пакутаваць ад цяжару турмы. П’яныя наглядчыкі Іркуцку — нібы ўзятыя з кагорты жандараў-самадураў эпохі Мікалая І ці Аляксандра ІІ. Адзін з іх ледзь ня зьбіў мяне за тое, што я сказаў уголас пра яго грубыя паводзіны. Нарэшце, Хабараўск, а тады — пасажырскі самалёт, дзе вольныя і зьняволеныя падзеленыя шэрагамі крэслаў: тут ужо саромецца няма каго. Мяне скавалі кайданкамі з нейкім рэцыдывістам, і так мы перачакалі з ім дзьве гадзіны палёту.

А вось і Калыма. Халоднае нізкае неба, маленькая турма на нейкім выгане, параўнальна добрая ежа і цёплая цёмная адзіночка. Пасьля прапалкі можна ўжо было цярпець сваю адзежу. Выклікаў начальнік турмы: ён быццам бы ніколі ня бачыў палітвязьня.

За некалькі дзён варанок з буржуйкаю ўнутры дакінуў мяне да Усьць-Омчуга. Гэта 400 кіламетраў ад Магадану.
Пасадзіўшы ў камеру КПЗ і пратрымаўшы там некалькі дзён, мяне выклікалі да начальніка міліцыі Пераверзева, і той абвясьціў, што працаваць я буду на рудніку імя Матросава шахцёрам, жыць — у інтэрнаце ў пакоі № 6, а калі я паскардзіўся на нездароўе, абяцаў паказаць лекарам. За нейкіх 20 хвілінаў прайшоў медагляд; усе лекары адзначылі, што я здаровы.

Увечары 5 сакавіка мяне прывезьлі ў пасёлак.

У пакоі, як быццам чакаючы мяне, сядзелі п’яныя дзецюкі і пілі гарэлку. Ніхто мне не зьдзівіўся. Раўло радыё, вішчаў магнітафон і транзістар: ім было весела.

Пачалася мая праца. Брыгада […] — ударная, камуністычная. Ці не палова работнікаў — партыйныя. Гэта ўзорная брыгада. Яны мусілі мяне перавыхоўваць.

У забоі страшэнны пыл, бо вентыляцыі няма: сьвідруюць вертыкальныя глухія штрэкі.

Малаток важыць каля 50 кг, штанга — да 85 кг.
Калі сьвідруюць «вокны», даводзіцца браць рыдлёўку. Рэсьпіратар (марлевая павязка) праз паўгадзіны робіцца непрыдатны: ён макрэе і пакрываецца шарам пылу. Тады скідаеш яго і працуеш без абароны.

Кажуць, што маладыя хлопцы (адразу пасьля войска) за паўгады такой пякельнай працы становяцца сілікозьнікамі3. З-за пылу ня бачыш рыдлёўкі, якой махаеш.

Як скончыш працаваць — ніткі сухой няма — выходзіш да клеткі на ледзяное паветра, якое не падаграецца. Пнеўманія, міязіт, радыкуліт — пера сьледуюць кожнага шахцёра. А яшчэ ж вібрацыя і сілікоз. Але за 500–700 руб. у месяц людзі нічога не баяцца.
Праз 5 гадоў ён зьбярэ грошы на машыну, калі не сап’ецца ці не скалечыцца.

Траўматызм на рудніку — даволі высокі. То абваліцца столь, прыдушыўшы ахвяру «заколам», то бурыльшчык упадзе ў «дучку», то трапіць пад ваганетку, перабітыя рукі, ногі, рэбры — ці ня ў кожнага другога. Але калымчукі — людзі моцныя. Яны ведаюць, што дабрабыт лёгка не даецца. За яго трэба плаціць — маладосьцю, здароўем, а то й цэлым жыцьцём. Жыцьцё жорсткае — нічога ня зробіш. А на Калыме ёсьць прадукты, хоць і не заўсёды знойдзеш мяса. Але дзе яно ёсьць, тое мяса?

Запіс 2

Я вяртаўся ў інтэрнат і падаў, як забіты. Былі праца і сон. Прамежкаў не існавала.
Так я змог вытрымаць тры месяцы. Давялося заявіць, што такая праца — не для майго здароўя. Міліцыі гэта не спадабалася, пачаліся перасьледаваньні. Да таго ж, я зьмяніў пакой, перайшоў у іншы. Гэта зноў было парушэньнем: як я насьмеліўся, калі мне, насуперак палажэньню пра высылку, загадана жыць менавіта ў гэтым пакоі і менавіта з гэтымі людзьмі. Але іх бясконцыя п’янкі перашкаджалі мне адпачываць.

У траўні мяне выклікалі ў райцэнтр і пачалі пагражаць: за наступнае парушэньне рэжыму будуць судзіць. Я спаслаўся на палажэньне пра высылку, якое дазваляе мне пражываць у межах азначанага раёну, абіраць месца жыхарства па сваім жаданьні. Пераверзеў толькі нядобра пасьміхаўся, а тады перайшоў на брудную лаянку. Давялося паставіць яго на месца.

«Са мною нават у канцлагеры не размаўлялі гэткім тонам, таму кіньце лаяцца, іначай я пайду. Я не зьбіраўся да вас ехаць, а выклікалі — дык размаўляйце па-людску».

Неўзабаве прыехала жонка — нас пасялілі ў г. зв. гатэлі, адначасна падсяліўшы двух кагэбістаў, якія спакойна праслухоўвалі ўсе нашыя размовы.

Неяк раз яны ўварваліся да нас, селі да стала, а адзін з іх выцягнуў нож і пачаў выпрабоўваць мяне на нервы.
Я проста не прарэагаваў на гэтую танную прыдумку. Іншы сусед хацеў падараваць мне нож; я адмовіўся ад падарунку, нават ня ведаючы, што гэта правакацыя, за якую могуць судзіць (захоўваньне халоднай зброі)!

Калі жонка зьехала, са мною здарыўся няшчасны выпадак: жадаючы прабрацца ў пакой (сусед выправіўся на некалькі дзён у залёты, не пакінуўшы мне ключ), я спрабаваў залезьці праз акно, але ўпаў — і зламаў абедзьве пяткавыя косьці, мяне адвезьлі ў бальніцу, наклалі гіпс, а ў пакой падсялілі новага жыхара. Я ўжо прывык да таго, што за мною арганізоўвалі татальны кантроль, і не сумняваўся, адкуль гэты жыхар. Праваляўшыся два месяцы, я вярнуўся ў інтэрнат. На нагах быў гіпс з металічнай дужкай — ніжэй Plattfus’а. На вуліцы мароз, сьнег. Прыбіральня — за 200 метраў. У мяне пара мыліцаў і гіпсавыя чаравікі, з якіх пальцы выглядаюць. Прынесьці вады, схадзіць у буфет ці па патрэбе — стала вельмі сур’ёзнай праблемай. З гэтых падарожжаў я вяртаўся, адчуваючы на ілбе цыганскі пот. Было нявесела.

Запіс 3

Я сядзеў за вершамі, вырашыўшы транспартную праблему (проста давялося зрэзаць гіпс, які я павінен быў насіць яшчэ два месяцы).

Зрэдку хадзіў на пошту, бо для ссыльнага яна была паловай жыцьця з сустрэчамі і кантактамі: пошта яднала нас, ссыльных,
вяртала голас Чарнавола і Шабатуры, Садунайтэ і Кацюбінскай, прыносіла навіны замежжа.

За лісты даводзілася весьці сапраўдную вайну з КДБ.

Дзясяткі і дзясяткі лістоў папросту зьнікалі. А на мае скаргі адказвалі вельмі цікава: «У магаданскім аэрапорце мяшок, у якім носяць карэспандэнцыю, дзіравы». Давялося некалькі разоў выбіваць тэлеграмы да Андропава: «Вашая служба крадзе мае лісты».
Тэлеграмы адсылалі, але карысьці не было. Хіба наадварот: гэта стала добра відаць па штомесячных наведваньнях у міліцыю (г.зв. рэестрацыя). Езьдзіць туды трэба было за 30 км (пас. Гастэла). Адчувалася, што насоўваецца навальніца.

10.11.78 году, калі я, ледзьве соваючыся, ужо працаваў у шахце, мяне выклікалі ў аддзел кадраў. Выявілася, наляцелі на мяне з вобыскам. Групу ачольваў маёр Грушэцкі з Украіны. Вобыск быў па справе Лук’яненкі9. Ім усё роўна, што я з Лук’яненкам не знаёмы, хіба абмяняліся з ім адным-двума лістамі, — у мяне канфіскавалі чарнавікі маіх лістоў да Гамзатава10, Грыгарэнкі11, некаторыя лісты іншых сяброў, сшытак вершаў. Потым тры дні дапытвалі ў Усьць-Омчузе. Сьведчаньняў я ня даў, хіба выказаў абурэньне.

Цяпер цкаваньне выйшла на новы этап.

У пакой падсялілі п’яніцаў (гэта яны праз нейкі час выступілі сьведкамі на новым працэсе). Яны пілі, і пры мне адзін з іх нават пасцаў у чайнік. Калі я пратэставаў, мне адказвалі: «Молчи, а то опять попадешь, где был».
Я патрабаваў, каб іх выселілі — беспасьпяхова. Я намагаўся знайсьці іншы пакой — мне было забаронена гэта рабіць.
Даведаўся, што КДБ, міліцыя, парткам нацкоўваюць на мяне людзей. Аднаму з іх, напрыклад, прапанавалі падкласьці ў мае рэчы стрэльбу ці нож, іншаму — падпаіць мяне. За гэта абяцалі ўзнагароду — 1500 руб. (то бок два месячныя калымскія заробкі). А да якога стану? Ды каб хоць трохі пах быў — адказалі яму.
Але я пра тое яшчэ ня ведаў.

Штовечар да мяне хоць нехта ды наведваўся-то камсамольскі патруль, то міліцыя. Размовы былі недобразычлівыя, правакацыйныя. Асабліва назаляў капітан Любавін. Даводзілася проста не рэагаваць на ягоную прысутнасьць.

І тут атрымаў я тэлеграму, што бацька памірае. Але міліцыя мяне не адпусьціла — давялося абвясьціць галадоўку ў знак пратэсту. Праз тыдзень яны ўсё-ткі далі дазвол, але перад тым пратрымалі цэлую ноч у КПЗ — за тое, што на дзьвярах у пакой я павесіў аб’яву: «Прашу не трывожыць. Галадоўка з патрабаваньнем даць магчымасьць пахаваць бацьку».
Увесь час — ад Усьць-Омчуга да Данецка — мяне суправаджаў атрад шпіёнаў з КДБ. Так было ў аэрапорце, так было ў Данецку. Пахаваўшы бацьку, я вярнуўся на Калыму — быццам у турму. Я адчуваў, што ў любы дзень мяне могуць зноў кінуць за краты.

Запіс 4

Калі я вярнуўся ў Магадан, у аэрапорце мяне чакаў выклік — неадкладна зьявіцца ў абласны КДБ. Начаваць давялося ў гатэлі. У панядзелак паехаў у горад (гэта 60 км дарогі). Прымаў мяне намесьнік начальніка Сафонаў. Ён прачытаў мне другое папярэджаньне — з пагрозай неўзабаве асудзіць.

У Усьць-Омчузе, калі я зайшоў да начальніка міліцыі Пераверзева, атрымаў новы сюрпрыз —

намесьнік рэдактара райгазеты «Ленинское знамя» абвясьціла, што зьбіраецца пісаць пра мяне артыкул, і задала некалькі правакацыйных пытаньняў.
Я сказаў, што гэткі жанр мне вядомы, і таму размаўляць не жадаю.

І сапраўды, праз нейкі час зьявіўся вялікі артыкул «Друзья и враги Василя Стуса». У ім прыгадалі ўсё. І тое, што я атрымліваю пасылкі з-за мяжы, і што парваў свой прафсаюзны білет, даведаўшыся, што самі прафсаюзьнікі выступаюць супраць аказваньня мне медыцынскай дапамогі; і «сьведчаньні» многіх работнікаў рудніка. Як потым выявілася, Супрага не марнавала часу: пакуль я быў у Данецку, яна бегала па рудніку, рыхтавала матэрыял.

Шмат хто казаў мне пасьля, што такога яны і блізка не гаварылі, але журналісцкія абавязкі Супрага, забясьпечаная дапамогай КДБ, разумела па-свойму. «Стус готов грабить и убивать», — сьведчыла адна медсястра з Транспартнага. — «Он похож на фашиста, такой на моих глазах убивал детей», — гнулі камедыю іншыя.

Прыкра было ад такога. Неяк я адмовіўся працаваць, бо не далі рэсьпіратараў. Мне паабяцалі выдаць персанальны. Я адмовіўся, падкрэсьліваючы, што рэсьпіратар — гэта сродак абароны абавязковы для кожнага шахцёра. Вось жа, я адстойваю агульны прынцып, [пратэстуючы] супраць парушэньня тэхнікі бясьпекі. Рэсьпіратары потым знайшліся. Зразумела, іх выдалі ўсім. А мяне пакаралі за «страйк». Супрага і гэтага выпадку не абмінула, перавярнуўшы на свой капыл усе факты.

Якраз у гэты час прыехала жонка.

Газета паўплывала на людзей. Яны баяліся мяне, рыхтык чумнога. Я зразумеў, што маніпуляваць грамадскай думкай — вельмі проста. Асабліва, калі самога грамадства — няма, дык няма ў яго і сваёй думкі.
І вось, убачыўшы, што прад’явіць зыск Супразе немагчыма (ніводзін суд у Саюзе ня будзе разглядаць такую справу), я пачаў націскаць на тое, каб даць ёй публічны адказ. На гэта адміністрацыя пагадзілася. Зрабілі пашыранае паседжаньне рудкаму, куды запрасілі падрыхтаваную публіку. Быў і журналіст з газеты (Супрагі не было). Я пачаў выкрываць хлусьню досыць рэзка і аргументавана. Рэжысёры ўбачылі, што сьпектакль можа праваліцца — наладзілі абструкцыю, не даючы мне гаварыць. Нічога іншага не заставалася, як пакінуць залу разам з жонкай, абвінаваціўшы публіку ў баязьлівасьці.

А ў прэсе не сьціхала віхура: дзясяткі чытачоў паводле добрай савецкай традыцыі працягвалі абурацца маімі паводзінамі. Цяпер маё становішча стала яшчэ больш драматычным.

Разьвітваючыся з жонкай, я сказаў ёй: «Адчуваю, што ў наступны раз пабачымся, напэўна, у лагеры». Хаваючы сьлёзы, яна згадзілася з гэтым. Але сьпіны гнуць я не зьбіраўся, што б там ні было. За мною стаяла Украіна, мой прыгнечаны народ, за гонар якога я мусіў змагацца да апошняга.

Запіс 5

Цягам гэтага часу я практычна ня меў медыцынскай дапамогі. Вяртаючыся з працы, не адчуваючы ног, я грэў ваду ў місе і, паклаўшы туды электранагравальнік, рабіў сабе солевы раствор, каб папарыць ногі. Левая пятка зраслася няправільна: хірург проста не заўважыў гэтага. Парафінавыя аплікацыі даводзілася рабіць уласнаруч.

Затое правакацыяў пабольшала. Аднойчы пасьля цяжкай прастуды (у той вечар вярнуўся з «мацерыка» мой сусед па пакоі) я выпіў з іншымі 100–150 г каньяку, яшчэ ня ведаючы, што мне гэта забаронена. Міліцыя адразу прарэагавала на гэта — і пачала мяне падпільноўваць. Калі ўвечары, амаль перад сном, я выйшаў на хвіліну з інтэрнату, — на мяне тут жа накінулася міліцыя і павезла ў выцьвярэзьнік. Я абвясьціў, што пачну палітычную галадоўку пратэсту, калі яны ня спыняць камедыю. Лекар, выкліканы міліцыяй, выявіў ап’яненьне ў лёгкай стадыі. Я сеў пісаць пратэст пракурору. За гэты час нападнікі перайгралі сітуацыю: адвезьлі мяне ў інтэрнат. Пасьля гэтага я і даведаўся, што міліцыя вырашыла аформіць мяне на прымусовае лячэньне ад алкагалізму — ім патрэбны быў хоць нейкі эпізод. Вось тады яны і паабяцалі 1500 руб., каб мяне падпаілі. Але нумар не прайшоў.

Давялося абшукваць свае рэчы ў пакоі, каб папярэдзіць выпадак падкідваньня: стрэльбы, нажа, парнаграфічнага тэксту і г.д. Вяртаючыся ўвечары з працы, я ня раз бачыў перад сабой выламаныя дзьверы. Вось жа, давялося зьвярнуцца да пракурора са сьпецзаявай: калі ў маіх рэчах будуць знойдзеныя зброя, выбуховыя рэчывы, залаты пясок і г.д. — гэта будзе наступствам рэалізаванай правакацыі.

Даведзены да мяжы, я склаў заяву ў Вярхоўны Савет СССР з другой просьбай пра адмову ад грамадзянства. Гэта было напрыканцы 78 году. У ёй я пісаў, што забарона займацца творчай працай, штодзённае прыніжэньне маёй чалавечай і нацыянальнай годнасьці, стан, праз які я адчуваю сябе рэччу, дзяржаўнай маёмасьцю, якую КДБ запісала на свой рахунак; сітуацыя, з-за якой маё пачуцьцё украінскага патрыятызму перавялі ў ранг дзяржаўнага злачынства; нацыянальна-культурны пагром на Украіне — усё гэта вымушае мяне прызнаць, што мець савецкае грамадзянства — рэч для мяне немажлівая.

Быць савецкім грамадзянінам — г.зн. быць рабом. Я на такую ролю згоды не даю. Чым больш пакутаў і зьнявагаў я зазнаю — тым трывалейшы будзе мой супраціў сістэме зьдзеку з чалавека і яго элементарных правоў, супраць майго рабства. Праз нацыянальную скіраванасьць.

Гэтая заява ад 18.Х.78, ужо другая такога кшталту (першую я напісаў у лагеры), зразумела, засталася без адказу. Пасьля, у сакавіку 1979 году, мяне выклікалі да дырэктара рудніка Вайтовіча. У кабінеце сядзела каля 20 чалавек г. зв. грамадскасьці, некалькі невядомых мне асобаў і начальнік міліцыі Пераверзеў. Гэты апошні абвясьціў, што па даручэньні Прэзідыуму Вярхоўнага Савету ён дасьць мне адказ на маю заяву. І пачаў яе чытаць, увесь час паўтараючы, што гэта паклёп, за які мяне трэба судзіць.

Цалкам запісы Васіля Стуса чытайце ў часопісе «Дзеяслоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0