Чуткі пра звальненьне старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі хадзілі даўно, называлася нават прозьвішча пераемніка — Юры Жадобін.

У аўторак, 17 ліпеня, Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленьні ад займаных пасадаў старшыні КДБ генэрал‑лейтэнант Сьцяпана Сухарэнкі і яго першага намесьніка Васіля Дземянцея, з трактоўкай «у сувязі зь пераводам на іншую працу». Новым старшынёй КДБ, як і прагназавалася, стаў начальнік Службы бясьпекі прэзыдэнта Юры Жадобін.

«Новаму кіраўніцтву КДБ даручана ў найбольш сьціслыя тэрміны ўнесьці прэзыдэнту прапановы пра кадравае ўмацаваньне КДБ», — піша БелТА.

Юры Жадобін нарадзіўся ў 1954 г. ва ўкраінскім Днепрапятроўску (Сухарэнка ў Сьветлагорскім раёне). Вучыўся ў Казанскім танкавым вучылішчы, а таксама ў Маскоўскай Ваеннай акадэміі бранетанкавых войскаў. З 1990 г. Жадобін быў на камандных пасадах у сыстэме грамадзянскай абароны Беларусі. З 1999 г. — намесьнік міністра ўнутраных справаў, камандуючы ўнутранымі войскамі. Зь верасьня 2003 году займаў пасаду начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта.

Падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валеры Костка наступным чынам камэнтуе кадравыя перастаноўкі ў спэцслужбах:

«Ператасоўкі кадраў ніколі не ішлі на карысьць прафэсіяналізму гэтых органаў. З часоў адстаўкі У. Мацкевіча прафэсіяналізм «кадэбістаў» усё зьніжаўся і зьніжаўся. Мне падаецца, што так будзе і на гэты раз, тым болей, што КДБ узначаліў непрафэсійны «чэкіст».

Што датычыць Сухарэнкі, то мне падаецца, што гэты чалавек ужо адыграў сваю ролю, цяпер прыйшоў ягоны час сыходзіць. Разам з тым, заўважна, што зь сілавых ведамстваў спрабуюць прыбраць людзей, якія становяцца незалежнымі фігурамі, так было з Паўлоўскім [cтаршыня Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў], цяпер — з Сухарэнкам, не зьдзіўлюся, калі наступны на чарзе Шпілеўскі [старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту]. Відавочна, што Сухарэнка быў чалавекам Віктара Шэймана, таму яго звальненьне і звальненьне старшыні Менскага аблвыканкаму Дамашкевіча моцна б’юць па пазыцыі дзяржсакратара Рады бясьпекі і ўзмацняюць пазыцыі Віктара Лукашэнкі. Мяне ніколі не захапляла постаць Сьцяпана Сухарэнкі, але, баюся, што з прыходам Жадобіна КДБ канчаткова ператворыцца ў «ахранку», якая будзе ахоўваць інтарэсы толькі адной асобы».

Таксама Валеры Костка падзяліўся сваімі меркаваньнямі адносна сувязі адстаўкі старшыні КДБ і нядаўнім шпіёнскім скандалам:

;Абсалютна відавочна, што яшчэ да гэтага вялася нейкая гульня. Магчыма, Сухарэнка ўжо адчуваючы сваё звальненьне, вырашыў сыграць на шпіёнскай карце. Не выключаю, што ў гэтым выпадку магла быць нейкая дамоўленасьць між КДБ і ФСБ. Лукашэнка дэкляруе жаданьне ісьці насустрач Захад, у гэты ж час КДБ выкрывае польскіх шпіёнаў. Тым болей дзіўна, калі ўлічыць, што іх арыштавалі яшчэ зімой. А пра гэта стала вядома толькі зараз».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што новыя прызначэньні ў КДБ зьвязаныя зь няўпэўненым становішчам, у якім апынуліся беларускія ўлады.

«Гэта сьведчыць пра тое, што наверсе відавочна нэрвуюцца. Я думаю, што гэта можа быць зьвязана з эканамічнымі цяжкасьцямі, якія бліжэйшым часам могуць напаткаць краіну. Гэты крок, як і арышты старшыні «Белнафтахіму» Бароўскага і ідэоляга Адміністрацыі прэзыдэнта Холада, накіраваны на запалохваньне намэнклятуры, каб не дапусьціць у гэтым асяродку нейкіх хістаньняў», — кажа Класкоўскі.

Менавіта з падачы Сьцяпана Сухарэнкі ў сьнежні 2005 году Палата прадстаўнікоў прыняла зьмены да крымінальна‑працэсуальнага кодэксу. Менавіта тады быў прыняты артыкул 193, які прадугледжвае да двух гадоў зьняволеньня за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

За апошнія два гады каля дзесяці актывістаў апазыцыі былі асуджаныя па 193‑ім артыкуле. Ахвярай паправак быў і Мікола Астрэйка, які атрымаў два гады зьняволеньня за ўдзел у арганізацыі «Партнёрства», але быўвызвалены датэрмінова.

«У зьвязку з рыторыкай на паляпшэньня адносінаў з Захадам такі крок абсалютна лягічны, бо ў адстаўку мусяць пайсьці ўсе людзі, якія спрычыніліся да палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, але, ці так гэта насамрэч нам застаецца толькі гадаць. Перакананы, што адстаўка Сухарэнкі аслабіць КДБ. Увогуле, мне падаецца, што з камітэту дзяржаўнай бясьпекі гэтая структура паступова ператвараецца ў камітэт бясьпекі дзяржаўных асоб. Што тычыць асабіста маіх уражаньняў, то навіна для мяне, бясспрэчна, добрая».

Відаць, бліжэйшым часам Сьцяпан Сухарэнка страціць і пасаду старшыні фэдэрацыі біятлёну, звычайнае гэтае крэсла перадаецца ад аднаго кіраўніка КДБ да іншага. Да Сухарэнкі старшынямі фэдэрацыі біятлёну былі Ўладзімер Мацкевіч і Леанід Ерын.

Зьміцер Панкавец

Фота Беларусь-ФОТО

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0