Адзін з гасцей нанёс 22-гадоваму гараджаніну два нажавыя раненні ў грудзі. Ад атрыманых траўмаў малады чалавек памёр на месцы здарэння.

Трагедыя адбылася ў адной з кватэр па праспекце Савецкаму. Як паведамілі ў Баранавіцкім міжраённым аддзеле Следчага камітэта, званок з інфармацыяй пра смерць гараджаніна паступіў у міліцыю каля паўночы 3 студзеня ад лекара «хуткай дапамогі». На целе загінулага, 22 гадовага жыхара Баранавічаў, выяўленыя два нажавыя раненні ў грудзі.

«У кватэры знаходзілася кампанія гасцей. Што адбылося, ці была сварка — дакладна пакуль невядома. Вядзецца расследаванне», —
каротка распавёў намеснік начальніка Баранавіцкага міжраённага аддзела Следчага камітэта РБ Святаслаў Бармоцін.

У здзяйсненні злачынства падазраецца 24-гадовы жыхар Баранавічаў, які затрыманы. Па папярэдніх дадзеных следства, загінулы быў цвярозы, з падазраваным яны раней не былі знаёмыя.

Па дадзеным факце 4 студзеня распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 147 КК РБ (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула смерць). Калі віна гараджаніна будзе даказаная, яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?