Анатоль Статкевіч са сваімі выданнямі. Фота sb.by

Анатоль Статкевіч са сваімі выданнямі. Фота sb.by

Герб роду Статкевічаў «Касцеша».

Герб роду Статкевічаў «Касцеша».

Вокладка кнігі «Я — сын Ваш».

Вокладка кнігі «Я — сын Ваш».

Сёння Лукашэнка вызначыў лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій. Сярод іх — пісьменнік Анатоль Чабаганаў, узнагароджаны за стварэнне 4-томнай серыі гісторыка-дакументальных кніг «Я — сын Ваш». Хто такі Чабаганаў, запыталіся многія. Сапраўды, гэтага чалавека лепш ведаюць пад прозвішчам маці.

Гэта першы беларускі бізнэсовец, які зрабіў сваё шляхецкае прозвішча і герб бізнэс-брэндам.

Анатоль Статкевіч займае 64 месца ў топ-200 найуплывовейшых беларускіх прадпрымальнікаў.
Праўда, па-расейску ён піша сваё прозвішча трохі іначай: «Стецкевич».

Цікава, што ў расейскамоўным выданні кнігі «Я — сын Ваш» ён падае сваё прозвішча як Стецкевич, а ў беларускамоўным – як Статкевіч. Рэч у тым, што прозвішча вар’іравалася ў гістарычных крыніцах.

Рэкламу яго групы кампаній «Стецкевич-спецодежда», упрыгожаную шляхецкім гербам, можна бачыць на мінскіх бігбордах.
Статкевічу належаць Навагрудская фабрыка спецвопраткі, Гомельская абутковая фабрыка. Пад брэндам «Стецкевич» ён прадае мэблю.

Своеасаблівай прыкметай яго паспяховасці можа быць і тое, што ўрад забавязаў яго «шэфствам» над сельгаспрадпрыемствам у Мінскім раёне.

67-гадовыСтаткевіч-Чабаганаў — адзін з нешматлікіх бізнэсоўцаў свайго пакалення — вучыўся на Захадзе. Сярод яго ўніверсітэтаў, поруч з Ленінграндскім інстытутам дакладнай механікі і оптыкі, Вышэйшай школай кіравання пры АПК СССР ёсць і Школа эканомікі і англійскай мовы ў Баўнмансе (Вялікабрытанія).

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў, сярод іншага, фундаваў помнік святой Сафіі Слуцкай у Слуцку (2000 г.), узнагароджаны ордэнам князя Уладзіміра РПЦ і ордэнам Кірылы Тураўскага Беларускага Экзархата РПЦ.

Да таго ж шляхецкага роду, што і бізнэсовец, належыць і палітык Мікола Статкевіч.
Ён таксама шануе свой родавы герб, і нават выходзіў з ім на Плошчу ў 2010 г.
Пошукам каранёў Анатоль Статкевіч займаўся 20 гадоў. Ён кансультуецца з прафесійнымі гісторыкамі, архівістамі, даследчыкамі генеалогіі, яго кнігі рэцэнзаваў доктар гістарычных навук Галенчанка.
Як прызнаецца аўтар у прадмове, штуршком да напісання стаў «трагічны лёс рэпрэсаваных сваякоў». Яго дзед, Міхаіл Сацкевіч-Статкевіч быў расстраляны ў 1930 годзе. (Форма родавага прозвішча вар'іравалася: Статкевіч, Сцяцкевіч, Сацкевіч...) А бацька бізнэсоўца, Васіль Чабаганаў, трапіў у Беларусь з Татарстана ў вайну. Быў акружэнцам, потым партызанскім камандзірам.

Выданне «Я — сын Ваш» выйшла ў серыі «Летапіс беларускай шляхты», з блаславення мітрапаліта Філарэта на дзвюх мовах: па-расейску (у выдавецтве «Беларуская праваслаўная царква») і па-беларуску (у выдавецтве «Роднае слова»).

Аўтар даследаваў болей за 40 шляхецкіх родаў — Статкевічаў, Карафа-Корбутаў, Некрашэвічаў, Татураў, Сеўрукоў, Карнажыцкіх, Тычынаў, Ліпскіх — пазначаючы сваіх наўпростых продкаў. Працу Статкевіч зрабіў каласальную. Ён прасачыў радавод ад 1320 года. Хоць назваць кнігу сур’ёзнай гістарычнай манаграфіяй нельга, кажуць архівісты. Гэта, хутчэй, кніга навукова-папулярнага жанра. Аўтар занадта літаральна часам успрымае гістарычныя дакументы, верыць у стапрацэнтавую праўдзівасць генеалагічных дрэваў, хоць у гісторыі ўсякае здаралася.

Адкрываецца кніга родавым гербам. Пад ёй — дэвіз:«Святую веру, продкаў род, культуру і Айчыну шануй і беражы».
Прадмовы да выдання напісалі мітрапаліт Філарэт і пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Рэцэнзаваў кнігу доктар гістарычных навук Г.Галенчанка. У ролі панегірыка Андрэя Рымшы — верш Міколы Мятліцкага, які сканчаецца словамі:

«…Адтуль, дзе досвітак славянаў,
Дзе гул эпох як гул грымот,
Вядзе Стацкевіч-Чабаганаў
Маёй Айчыны радавод».

Кніга напісаная жывой чытэльнай мовай і выдатна аформленая. У ёй мноства фота, дакументаў, генеалагічных табліц. Створаны і спецыяльны сайт, дзе кнігу ў абодвух моўных варыянтах можна цалкам прагартаць ад 1-й да 594-й старонкі. Аналагаў такому, бадай, няма ў Белнэце.

Мэту выдання кнігі Статкевіч акрэслівае так: «Паказаць гістрыю Айчыны праз гісторыю канкрэтнага рода».

Цікава, што багаты чалавек з сучаснага беларускага бізнэсу вырашыў укласці сродкі і час у стварэнне грунтоўнага радаводу.
Каго яна зацікавіць найперш? Блізкіх і далёкіх родзічаў па тых сарака прозвішчах, але найперш — уласную сям’ю, нашчадкаў. У гэтым сэнсе Статкевіч нагадвае арыстакратаў ВКЛ XVI стагоддзя, якія адрасавалі дыярыушы і кнігі «нашчадку разумнаму».

Сярод іншых лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне», паведамляе БелТА, — аўтары праекта рэстаўрацыі Нясвіжскага палаца. Спецыяльнымі прэміямі ўзнагароджаныя калектывы Тэатра оперы і балета і Тэатра-студыі кінаакцёра за яркае сцэнічнае ўвасабленне твораў Караткевіча і Крапівы; калектывам Нацыянальнай бібліятэкі (за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю кніжнай спадчыны) і Музея Янкі Купалы (за вялікую працу па прапагандзе творчасці народнага песняра), кінарэжысёр-дакументаліст Галіна Адамовіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?