Анатоль Рубінаў

У сераду, 18 ліпеня, першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Рубінаў падвёў вынікі цэнтралізаванага тэставаньня, а таксама пачатку ўступнай кампаніі ў ВНУ. Рубінаў займае сёлета пасаду старшыні дзяржаўнай камісіі па кантролі за тэставаньнем і уступнай кампаніяй.

Сп. Рубінаў зазначыў, што тэставаньне як форма уступных іспытаў прыжылася ў нашай краіне. «Тэставаньне цалкам адкідае магчымасьць нейкага суб’ектывізму ў ацэнцы ведаў абітурыентаў. Ніякага блату быць ужо ня можа. Мне часам тэлефануюць сябры з просьбай паспрыяць у паступленьні іх дзяцей, але нават я не магу нічога зрабіць».

Усяго сёлета на праходжаньне цэнтралізаванага тэставаньня запісалася 195 тысяч чалавек, гэта прыкладна на 20 тысяч болей, чым летась. Яны мусілі здаць 512 тысяч тэстаў, 47 тысяч на іспыты не зьявіліся. Найбольшая колькасьць чалавек здавала матэматыку — 127 тысяч.

Самыя найгоршыя веды абітурыентаў у фізыцы, матэматыцы і гісторыі Беларусі

Найменшы сярэдні бал па прадметах быў набраны па фізыцы — толькі 24%, па матэматыцы — 32%, па гісторыі Беларусі — 35%. Па астатніх прадметах сярэдні бал быў у межах 40‑45%.

8% здалі тэсты на адмоўныя адзнакі, гэта значыць менш за 15 балаў. Звыш тысячы чалавек, які здавалі матэматыку, не атрымалі ўвогуле ніводнага балу. У сувязі з гэтым Рубінаў адзначыў: «Я не разумею, каму патрэбныя тэсты, якія ніхто ня можа здаць? Цяпер стаіць канкрэтнае пытаньне аб іх спрашчэньні, бо атрымаць выдатна цяпер амаль немагчыма».

Таксама Анатоль Рубінаў сказаў, што актыўна абмяркоўваецца магчымасьць зрабіць тэставаньне платным. «Мы настойвалі на гэтым яшчэ летась, але міністэрства адукацыі было супраць. Няхай гэта будзе чыста сымбалічны кошт. Скажам, адна трэцяя ад базавай велічыні — 10 тысяч рублёў. Тры экзамэны — 30 тысяч. Мне здаецца, што знайсьці такія грошы ў стане любая сям’я, а нам бы гэта была вельмі істотная дапамога». Таксама Рубінаў расказаў, што сёлета ці ў пачатку наступнага году тэставаньні хочуць праверыць на настаўніках, каб паглядзець наколькі добрыя вынікі пакажуць яны.

На 100 балаў тэставаньне сёлета здалі толькі 18 чалавек, 13 зь іх здавалі матэматыку, 3 — беларускую мову, 2 — расейскую мову. 66 чалавек былі выдаленыя з залі за розныя парушэньні, у асноўным за пранесеныя з сабой мабільныя тэлефоны і шпаргалкі.

Было адзначана, што сёлета нашмат лепш была пастаўлена праверка тэставых работ. У параўнаньні зь мінулым годам яна скарацілася на пяць дзён. Вынікі ж можна было даведацца ня толькі ў самім унівэрсытэце, але і праз інтэрнэт, ці sms‑кі, у выпадку, калі пакідаеш свае кантактныя дадзеныя.

Тэставаньне зробяць платным

Расейскую мову сёлета здавалі 112 тысяч чалавек, а беларускую — 82. Прапорцыі практычна не зьмяніліся зь мінулым годам.

Што датычыць ужо уступнай кампаніі, то сёлета ВНУ краіны маюць набраць каля 80 тысяч студэнтаў. Зьнізіўся набор на эканамічныя, юрыдычныя і пэдагагічныя спэцыяльнасьці, павысіўся ж — на будаўнічыя.

Большасьць ВНУ пры паступленьні будзе прымаць сэртыфікаты аб праходжаньні цэнтралізаванага тэставаньня, аднак некаторыя, як БДУ, пакідаюць яшчэ адзін унутрыўнівэрсытэцкі іспыт. На думку Рубінава, тут яшчэ застаецца невялікі прастор для карупцыі. Так, летась па факце парушэньняў працы ўступных камісій было заведзена чатырнаццаць крымінальных справаў. «Спадзяюся, гэта будзе ўрокам сёньнішнім экзамэнатарам», — зазначыў чыноўнік.

Ужо сёньня можна казаць пра конкурсы ў ВНУ, якія ішлі ў першы этап: Унівэрсытэт культуры — 3,6 чалавекі на месца, Акадэмія музыкі — 1,4, Акадэмія МУС — 2,6, Ваенная акадэмія — 2.

Зьміцер Панкавец

Фота soyuz.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0