На 66‑м годзе жыцьця раптоўна памёр знаны беларускі фальклярыст Васіль Ліцьвінка.

На 66‑м годзе жыцьця раптоўна памёр знаны беларускі фальклярыст Васіль Ліцьвінка. Дзякуючы аўтарскай праграме «Запрашаем на вячоркі», якую ён вёў з 1987 да 2003 году на Беларускім тэлебачаньні, яго ведалі прыхільнікі народнай песьні ва ўсіх рэгіёнах краіны. А землякі‑палешукі прымалі яго як роднага ў часе ягоных бясконцых навуковых экспэдыцыяў па Палесьсі.

Васіль Ліцьвінка нарадзіўся 7 сьнежня 1941 году ў вёсцы Верхні Церабяжоў, што месьціцца на Століншчыне на самай мяжы з Украінай.

Пасьля заканчэньня сярэдняй школы год выкладаў беларускую мову, літаратуру і сьпевы ў сямігодцы вёскі Лука там жа на Століншчыне. Пасьля была служба ў ваенна‑марскім флёце СССР, вучоба на філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту і больш за трыццаць гадоў апантанай дасьледчыцкай працы, неперапыннага збору і нястомнае прапаганды беларускага сьпеўнага фальклёру.

Дасьледчык народнай культуры Алесь Лозка гаворыць, што ўклад Васіля Ліцьвінкі ў беларускую фальклярыстыку немагчыма пераацаніць.

«У яго больш дзьвюхсот вялікіх друкаваных прац. Гэта кнігі «Зімовыя сьвяткі», «Веснавыя сьвяты і абрады», «Калыханкі і забаўлянкі», «Дзіцячы сьпеўнік»і іншыя. А вось кніга «Сьвяты і абрады беларусаў» за кароткі час вытрымала аж тры перавыданьні ў выдавецтве «Беларусь», — апавёў Алесь Лозка.

У 1981 годзе Васіль Ліцьвінка разам з калегамі дамогся стварэньня на філялягічным факультэце БДУ навукова‑дасьледчай лябараторыі беларускага фальклёру, якой кіраваў да выхаду на пэнсію.

Гэтыя гады, гаварыць ягоны сябра і калега Мікола Антропаў, былі самымі плённымі ў жыцьці спадара Ліцьвінкі. «Былі наладжаныя, і гэта самае галоўнае, зьбіральніцкія экспэдыцыі. Ён мне заўсёды гаварыў: «Ведаеш, Мікола, яшчэ тэарэтычныя працы напішуцца. Трэба сабраць фальклёр, бо зьнікне і ня будзе».

Разам са студэнтамі Васіль Ліцьвінка наладзіў штогадовыя экспэдыцыі пераважна па Палесьсі, вынікам чаго стаў багаты архіў лябараторыі, які ўключаны ЮНЭСКО ва ўсясьветную культурную спадчыну.

Адна з тых студэнтак — Тацяна Марозава, якая з тых вандровак стала такой жа апантанай, як і кіраўнік, фальклярысткай. Цяпер яна кіруе створанай Васілём Ліцьвінкам лябараторыяй. Жаль страты паважанага настаўніка ў яе асаблівы.

«Захапленьне народнай песьняй ён перадаў і мне. І Васіль Дзьмітравіч рэкамэндаваў мяне як захавальніцу фальклёрных скарбаў нашага ўнівэрсытэту. І, канечне, вось гэтая заўчасная сьмерць — яна перапыніла ўсе нашы меркаваньні, усе нашы думкі. А было некалькі праектаў, якія можна было прапанаваць для разьвіцьця нашай нацыянальнай культуры, адраджэньня нацыянальнай песьні», — сказала Тацяна Марозава.

Адзін з такіх перапыненых сьмерцю праектаў — стварэньне ў роднай вёсцы цэнтру рэгіянальнага фальклёру Століншчыны. Там, у вёсцы Верхні Церабяжоў Васіля Ліцьвінку 14 ліпеня пахавалі. У яго засталіся жонка, два сыны і ўнук.

Валянціна Аксак,Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0