Цяпер у футбольных асяродках «адной шостай часткі» сушы ідзе актыўнае абмеркаванне магчымага першынства СНД. З падобнай ініцыятывай выступіў піцерскі «Зеніт».

Нават ужо заснаваны аргкамітэт віртуальнага першынства, яго ўзначаліў славуты футбаліст і трэнер Валерый Газаеў. Ён адзначыў, што зацікаўленасць у такім чэмпіянаце маюць расійскія, украінскія, беларускія, армянскія і казахскія клубы.

Пакуль ініцыятыву стрымлівае той факт, што ў Лігу чэмпіёнаў з новаўтварэння змогуць трапляць толькі каманды па вызначанай квоце, а не ад кожнай краіны, як ёсць цяпер. Прынамсі, пра гэта сказаў бос еўрапейскага футбола Мішэль Плаціні.

Абсалютна відавочна, калі чэмпіянат СНД стартуе, то з Беларусі ў Суперлізе, ці як там турнір будзе называцца, зможа гуляць толькі барысаўскі БАТЭ.
Прыхільнікі постсавецкага першынства настойваюць на тым, што гэткім чынам барысаўцы на працягу года будуць мець паядынкі з моцнымі супернікамі, а не толькі шэсць гульняў у еўракубках восенню.

Разам з тым, параўноўваць сілу і магчымасці БАТЭ і расійскіх ці ўкраінскіх каманд, абсалютна недарэчна.

Напрыклад, бюджэт маскоўскага ЦСКА складае 51,4 мільёна даляраў. Ясна, што грошы часам вырашаюць не ўсё. Той жа ЦСКА летась у Лізе Еўропы саступіў сціпламу шведскаму АІКу. Гэта пры тым, што маскоўцы маюць у сваім складзе двух гульцоў зборнай Швецыі Эльма і Вернблума. АІК такіх зорак сабе дазволіць не можа.

А ёсць жа яшчэ махачкалінскі «Анжы». Уладальнік клуба калійны магнат Сулейман Керымаў увогуле не шкадуе ніякіх грошай, завабліваючы на Каўказ гульцоў сусветнага ўзроўню — Раберта Карлас, Это’о, Дыяра. Бюджэт дагестанцаў — 180 мільёнаў даляраў.
Расійскі футбол апошнія гады — гэта не толькі бітва стратэгій і тактык, але і змаганне кашалькоў.

Калі верыць газеце «Прессбол», то бюджэт БАТЭ на 2012 год складае ўсяго 6,5 мільёны даляраў. Гэта ў 27 разоў меней, чым у «Анжы».

Ва Украіне сітуацыя падобная да расійскай. Кіеўскае «Дынама» мае на год 90 мільёнаў даляраў. Данецкі «Шахцёр» Рыната Ахметава таксама не меней.
Відавочна, што сярод такіх таўстасумаў БАТЭ адводзіцца роля «беднага сваяка». Хай і ўжо даволі вядомага ў Еўропе. Не бяром у разлік аслабленне нацыянальнага першынства. Падумаем, ці будзе сэнс ад аўтсайдарскага становішча беларускага лідара ў чэмпіянаце СНД? Вельмі сумнеўна.

Журналіст газеты «Прессбол» выступіў з іншай ініцыятывай «чэмпіянату ВКЛ». Прапанаваў беларусам праводзіць сумесны чэмпіянат з краінамі Балтыі — Літвой, Латвіяй і Эстоніяй.

Магчыма, некаторыя зараз абвінавацяць аўтара ў залішняй самаўпэўненасці, але на мой погляд чэмпіянаты названых краін саступаюць па сваёй сіле беларускаму першынству. Такое аб’яднанне было б хутчэй выгадна якраз літоўцам, латышам і эстонцам, а не беларусам.
За выняткам адно-двух камандаў у балтыйскіх першынствах, астатнія клубы мала розняцца ад умоўнай бабруйскай «Белшынай». Каму цікавы чэмпіянат, дзе такіх «Белшын» будзе штук 10? Нікому. Не верыце, паглядзіце на наведвальнасць нашага першынства.
Калі ўжо аб’ядноўвацца, то тут цікавей выглядаў бы варыянт з чэмпіянатамі трох іншых славянскіх краін — Польшчы, Чэхіі і Славакіі. Назавем яго «Чэмпіянат Сярэдняй Еўропы».
Так, чэмпіянаты Польшчы і Чэхіі, відавочна, крыху мацнейшыя за наш, але не настолькі рэзка, каб беларусы выглядалі ў аб’яднаным першынстве статыстамі.

Зірнем на рэйтынгі УЕФА, якія зарабляюць клубы для краіны падчас еўракубкаў. Розніца зусім невялікая. Чэхі на сёння займаюць васямнаццаты радок, палякі — 20-ы, беларусы — 21-ы, славакі — 26-ы.

Умоўна абазначым, што для аб’яднанага першынства патрэбна па 4 каманды з кожнай краіны. Возьмем квартэт наймацнейшых клубаў апошніх першынстваў. Атрымліваецца 16 каманд. Паўнавартаснае першынство. Адкажыце, каму было нецікава такое відовішча?

Параўнаем таксама бюджэты клубаў.

Як бачым на графіку, БАТЭ мае 6-ы бюджэт сярод клубаў лігі. Хаця відавочна, што 6,5 мільёнаў — гэта бюджэт эканом-класа. І БАТЭ можа дазволіць сабе большы.
Дарэчы, як і «Шахцёр» (Беларуская калійная кампанія) з «Дынама» (Юрый Чыж). Пры ўдалых абставінах у такім чэмпіянаце барысаўцы б змагаліся за медалі, а салігорцы і мінчукі — былі б у сярэдзіне табліцы.

Выдаткі на чэмпіянат Сярэдняй Еўропы ўсё ж былі б непараўнальна меншымі за першынство СНД.

Вядома, што гэта проста фантазіі. І наўрад ці такі праект можа некалі быць ажыццёўлены. У футболе, у адрозненне ад хакея ці гандбола, практыка аб’яднаных турніраў ці першынстваў не распаўсюджаная.

У любым разе, трэба працягваць мацаваць унутраны чэмпіянат, а не марыць, што першынство СНД, ВКЛ ці Сярэдняй Еўропы вырашыць усе нашы праблемы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?