Са знаёмым прадпрымальнiкам сярэдняй рукi пад’ехаў да яго дому. Была агульная справа. Выйшлi з машыны, ён абярнуўся да яе, цiснуў на нейкi пульт — у машыне шчоўкнула. У мяне мiльганула: вось якiя цяпер ключы, электронныя. А калi зайшлi ў падворак, ён дастаў з сумачкi два ладныя жмуткi звычайных ключоў, адным з iх i адчынiў дзверы на веранду.

— Паслухайце, а навошта вам столькi ключоў?

Гаспадар узважыў iх на далонi i ўсмiхнуўся:

— А сапраўды шмат, ой, шмат. Але, ведаеце, нiбыта ўсе i патрэбныя. Тут i хатнiя, i ад усiх гаспадарчых пабудоў, i ад крамы. Не, лiшнiх, здаецца, няма…

Я ў думках залез у сваю кiшэню. Не, сёння ў мяне нiводнага ключа няма. Той, што ад хаты, застаўся адзiн (астатнiя пагублялi), таму, адыходзячы, хаваем яго ў вызначаным месцы. А астатнiя мне навошта? Ад хлявоў, лазнi кладзём у хаце, навошта iх цягаць з сабою. А дрывотнi нiколi i не зачынялi. Нiякiх сейфаў няма, шафы нiколi не бралiся пад iх ахову.

А потым падумалася: трэба напiсаць i пра такую простую рэч — ключ.

Канешне ж, з’явiлiся яны ў нашых папярэднiкаў разам з замкамi не тады, калi жылi тыя ў шалах, зямлянках, а тады, калi займеў чалавек на свой род цi сям’ю прыватнае жыллё.

А папярэднiцай замка i ключа, у прыватнасцi на Беларусi, была клямка, простае, спачатку нават i драўлянае прыстасаванне, якое не замыкала хату, а проста зашчоўквала дзверы, каб не расчынялiся. Ёсць два вiды клямак. У першым, каб адчынiць дзверы — трэба нацiснуць на язычок, адчынiць—зачынiць дзверы, кiнуць потым гэты язычок назад. Другi — зашчапка, якая надзяецца на прабой i прыцiскаецца замком цi якой затычкай. Наколькi даведаўся, першыя клямкi ў нас сталi з’яўляцца яшчэ ў сярэднявеччы, але менавiта пачатак ХIХ стагоддзя быў iхнiм росквiтам. Клямкi ў асноўным кавалiся. I тут ужо кавалi праяўлялi свой талент i густ. За клямку ж браўся найперш госць, з яе пачыналася яго ўяўленне аб гаспадары i заможнасцi яго хаты. А вось замкi ды ключы ў нашай вёсцы яшчэ на маёй памяцi ўжывалiся вельмi рэдка, абыходзiлiся ўсё той жа клямкай. Калi выходзiлi гаспадары з хаты нават на доўгi час, то, каб хутчэй, цi якую галiнку ў клямку засунуць, цi проста венiк да дзвярэй прыставяць — значыць, нiкога няма. Зладзеяў у вёсцы не баялiся — iх проста не было. А староннi чалавек у той час быў такой рэдкасцю, што цiкаўнага вока абмiнуць ён не мог. I не паспяваў ён яшчэ зайсцi ў дварышча, як суседка крычала гаспадынi, што брала бульбу за хлявамi:

— Гэй, Ганна, да цябе нейкi чалавек пайшоў!

Цяпер у вёсцы, зразумела, не так. Замкi вешаюцца не толькi на хаты, але i на ўсе прыбудовы. На ноч усе чыгуны, бiклагi, iншы посуд з дварышча прыбiраюцца. Вельмi шмат шастае аматараў каляровых металаў. Вяскоўцы перавагу аддаюць навясным замкам. Ён i выглядае неяк надзейней i ключ большы. У райцэнтры, у прыватных хатах да замкоў звярнулiся яшчэ раней. Праўда, цяпер тут аддаюць перавагу ўразным замкам, да якiх выдаецца тры тоненькiя блiскучыя ключыкi. Усё‑такi не вiсiць на дзвярах нешта важкае, здалёк бачнае. Як адзiн мой сябар расказваў: «Iду да знаёмага па тэрмiновай справе, але ўжо за пяцьдзесят метраў бачу: на дзвярах вiсiць жаба, нiкога няма». Цяпер i навясныя досыць прыстойныя i ключы да iх вельмi фiгурыстыя. Ды ўразны ж замок далiкатнейшы. А ўсё часцей у хату нават днём не ўвойдзеш — зачынiлiся гаспадары, званком выклiкайце цi ў вокны стукайце. Прайшлi ў нас i тыя часы, калi, замыкаючы хату, клалi ключ проста пад палавiчок на ганку. У буйных жа гарадах мiлiцыя заклiкае не давяраць замкам i ключам, нават самым «кручаным» (прабачце, сабакi бываюць кручанымi, а рэчы — «крутымi») — толькi сiгналiзацыя. А то i вiдэакамеры назiрання.

Што ж, не тыя часы, не тыя людзi. Шмат развялося лiхадзеяў, як называлi iх i называюць простыя людзi. Толькi ж з лiтаратуры ведаем, што на свае склады, на крамы старадаўнiя купцы навешвалi пудовыя замкi, ключы ад якiх цi можна было падняць адной рукой. Дык жа «падломвалi» i такiя.

Не буду, не ведаючы дакладна, пiсаць пра саму этымалогiю гэтага слова. Але ў беларускай мове яно iснавала здаўна i абазначала не толькi саму рэч, якой адмыкалi цi замыкалi. З гiстарычнай лiтаратуры помнiце — ключнiк, ключнiца. Гэта ў магнатаў, у шляхцiцаў былi не столькi слугачы, якiм у абавязкi даводзiлася насiць ключы, але людзi, надзеленыя вялiкiм даверам пана, часам ледзь не аканомы.

Ёсць у слове ключ ячшэ адно старажытнае значэнне. З кiеўскага летапiсу:

«Заповеда Олег дати восем на корабль и по 12 гривень на ключ». Вучоныя даводзяць, што ключамi ў Алегавым войску называлiся падраздзяленнi з адных ваколiц. Ключом раней называўся i вялiкi двор, маёнтак, якi дзялiўся на фальваркi цi засценкi. У ключы аб’ядноўвалася i сялянская акруга, якая выбiрала свайго прадстаўнiка ад жыхароў. I называўся ён — ключвойт.

I нават цяпер выкарыстоўваецца слова ключар — духоўная асоба, якая распараджаецца царкоўнай маёмасцю.

Ключом, гаечным, можна нешта закруцiць цi адкруцiць у механiзме.

Ключом — завесцi насценны гадзiннiк, калi ён яшчэ ёсць у хаце.

Але ж гэта яшчэ i найбольш важнае месца ў ваенных адносiнах. Не толькi ў ваенных. Трывожыць расiйскiх людзей Ключаўскi вулкан на Камчатцы.

Музыканты не могуць абысцiся пры напiсаннi нот таксама без своеасаблiвага ключа.

А ў архiтэктуры — гэта верхнi, клiнападобны камень, якiм заканчваецца арка, скляпенне.

А гэта ж яшчэ i чарада птушак, якая ляцiць клiнам. У Хведаровiча:

Гаманлiвыя птушак ключы

Паляцелi на поўдзень даўно.

Ды i першацвет у нашых мясцiнах называюць ключыкамi.

У рускай мове ключ таксам мае шмат значэнняў. Адно з iх адпавядае роднику. Неблагiя словы, дакладна вызначаюць, што адчыняецца вада, плыве далей, што родзiцца рэчка. Але ўсё‑такi блiжэй нам крынiца.

А помнiце вялiкага камбiнатара Астапа Бэндэра, як ён абкарочваў у спрэчцы сваiх суразмоўцаў: «Дык што ж, вам яшчэ i ключ даць ад кватэры, дзе грошы ляжаць?» Дарэчы, у гэтым рамане прысутнiчае i ўразны, французскi замок. Былы муж Элачкi Людаедкi, мыецца ў ванне, знiкла вада. Ён без адзення, у мыле выйшаў на пляцоўку паклiкаць дворнiка. А дзверы зачынiлiся i французскi замок — шчоўк. Ключа ж у ванну з сабой не бяруць. Выручыў Бэндэр, для якога адчынiць i французскi замок без ключа — некалькi секунд.

Бывала i ў мяне з гэтым замком i гэтым ключом шмат недарэчнасцяў. Цi ў iншым пiнжаку яго забудзеш, цi проста на столiку. Добра, што жыў на другiм паверсе, а побач з балконам газавая труба.

Увогуле, па гублянню ключоў у раннiм школьным дзяцiнстве практычна ўсе мы былi выдатнiкамi. I мацi прызвычаiлiся перад школай навешваць нам iх на суворых нiтках на грудзi, замест крыжыкаў. Крыжыкаў насiць не дазвалялася. А сёння ў першакласнiка на ланцужку на грудзях вiсiць мабiльны тэлефон. Iншы час i, бадай што, эпоха.

Алесь Касьцень, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0