Напярэдадні нядзельнае імшы каталікі, што ходзяць да менскае катэдры, пераймаліся пытаньнем: ці можна будзе вольна патрапіць у храм? Але ўсё абышлося. Урачыстыя гукі сьвятое імшы ўзносіліся пад пярэстыя скляпеньні, зь якіх пазіраў разьятраны Хрыстос, які гоніць прэч гандляроў са сьвятыні. І пра гэтую гісторыю можна было пачуць зь нядзельнага казаньня. І яшчэ: «...Не ствары сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўверсе, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе ніжэй зямлі. Не пакланяйся ім і не служы ім; бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог апякун, які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацвёртага роду, ненавідзячых Мяне, і творачы міласьць да тысячы родаў любячым Мяне і саблюдаючым запаветы Мае...»

Імша адбылася паважная. Людзі, сьцяўшы вусны, лавілі кожную рэшту рэха праўдзівага слова. Пасьля дружнаю гурмою людзі рушылі пад Ратушу, засьпяваўшы. «Магутны Божа». Па нейкім часе купка каталікоў распусьцілася ў натоўпе на Цэнтральным пляцы. А яшчэ па нейкім часе ўжо было там відаць і нашых ксяндзоў, у звычайных строях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0