Судовае пасяджэнне па справе аб парушэнні арганізатарам «Славянскага маршу» Дзмітрыем Дзенісенкам парадку правядзення масавых акцый працягнецца 16 студзеня ў 12.00. Такое рашэнне 11 студзеня прыняла Таццяна Рубіс, суддзя Ленінскага суда Магілёва, дзе праходзяць слуханні.

Нагадаем,

25 лістапада 2012 года ў Магілёве прайшоў санкцыянаваны ўладамі «Славянскі марш». 7 снежня міліцыя прад’явіла Дзенісенку абвінавачанні ў адміністрацыйным правапарушэнні, паколькі двое ўдзельнікаў акцыі былі ў масках.
Падчас акцыі ніякіх прэтэнзій у сувязі з гэтым супрацоўнікі праваахоўных органаў не выказвалі. У той жа час яны забаранілі ўдзельнікам выкарыстоўваць гістарычную сімволіку — «імперскі сцяг» Расіі.

Працэс, распачаты 4 студзеня, быў перанесены на 11 студзеня па хадайніцтве абвінавачанага, які, адмаўляючы сваю віну, прасіў суддзю даць яму час на азнаямленне з матэрыяламі справы. Аналагічнае хадайніцтва было выстаўлена ім і 11 студзеня, аднак суддзя адхіліў яго, заявіўшы, што за мінулыя дні ні Дзенісенка, ні яго прадстаўнік не прыйшлі ў суд знаёміцца з дакументамі. Гэта хадайніцтва яна расцаніла як спробу зацягнуць судовы працэс.

На судзе былі заслуханы непаўналетнія сведкі — удзельнікі «Славянскага маршу», якія, паводле іх сведчанняў, знаходзіліся на акцыі ў масках. Яны адзначалі, што не чулі, ці гаварыў Дзенісенка пра недапушчальнасць знаходжання ў масках.
Адзін са сведкаў, хлопец 1997 года нараджэння, адказваючы на пытанне Дзенісенкі, заявіў, што пратакол у міліцыі на яго быў складзены без прысутнасці бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў.

Супрацоўнік Ленінскага РАУС Андрэй Цецярукоў, які таксама выступаў у якасці сведкі, сцвярджаў, што Дзенісенка бачыў, што на акцыі прысутнічаюць удзельнікі ў масках, аднак не перашкаджаў гэтаму.

У сваю чаргу арганізатар акцыі заявіў, што ў яго дрэнны зрок — амаль не бачыць правае вока, таму ён мог і не бачыць людзей у масках.
Дзенісенка таксама цікавіўся ў Цецярукова, чаму супрацоўнікі міліцыі, забараніўшы выкарыстоўваць гістарычную сімволіку, не перашкаджалі парушэнню парадку правядзення акцыі — удзелу ў ёй людзей у масках.

«Вы самі павінны сачыць за выкананнем закона», — заявіў Цецярукоў, адзначыўшы, што растлумачэнне супрацоўнікамі міліцыі магчымасці выкарыстання сімволікі было ўсяго толькі рэкамендацыяй, якую яны маглі і не даваць.

На чарговае пасяджэнне Дзмітрый Дзенісенка абавязаны падаць даведку з медыцынскай установы пра стан свайго зроку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?