Прэзідэнт Беларусі лічыць Камітэт дзяржаўнай бяспекі адным з важных складнікаў стабільнасці ў грамадстве. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, прадстаўляючы сёння на пасадзе новага старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі генерал‑маёра Юрыя Жадобіна.

«Наша жыццё імкліва мяняецца, але асноўныя задачы, якія павінен вырашаць Камітэт дзяржаўнай бяспекі, — вечныя. Два з палавінай гады таму, калі адбылося прадстаўленне папярэдняга нованазначанага кіраўніцтва КДБ, мы дамовіліся аб тым, што галоўнае ў рабоце чэкістаў — забеспячэнне дзяржаўнай бяспекі, — падкрэсліў беларускі лідэр. — Я ніколі не арыентаваў камітэт на забеспячэнне маёй асабістай улады. Мне гэта абсалютна не патрэбна. Супрацоўнікі КДБ павінны абараняць не столькі прэзідэнта, колькі наш народ».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час ён паабяцаў падтрымку КДБ для стварэння магутнай, працаздольнай, прафесійнай структуры, якая «павінна дзейнічаць вельмі эфектыўна, але пры гэтым ціха, непрыкметна, прыгожа». «Каб нашы людзі з захапленнем, гордасцю гаварылі пра чэкістаў як пра самых адданых дзяржаве, крыштальна сумленных ва ўсіх адносінах супрацоўніках. Але пры гэтым я папярэджваў, што заўсёды буду кантраляваць усіх вас як сваіх дзяцей, таму што вельмі цаню работу КДБ. Я свае абяцанні выканаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым прэзідэнт выказаў жорсткую крытыку ў адрас папярэдняга кіраўніцтва Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

БелТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0