Азнаёміўся з інтэрв’ю Андрэя Саннікава, якое ён даў газеце Deutsche Welle. У ім экс-кандыдат на прэзідэнта выказвае меркаванне, што на рэжым Лукашэнкі можна ўздзейнічаць толькі з дапамогай жорсткіх санкцый з боку ЕС. Прытым Саннікаў лічыць, што ад санкцый пацерпіць менавіта дыктатура, а не народ.

Пазіцыю Андрэя Саннікава можна зразумець — ён прайшоў праз такое пекла, якога нават ворагу нельга пажадаць. Нават цяпер на яго цяжка глядзець, бо за апошнія тры гады ён пастарэў на дзесяць. Вядома, злосці на рэжым у Саннікава накапілася даволі шмат, таму ён хоча знішчыць гэты рэжым любымі сродкамі. Але вядома таксама, што санкцыі перш за ўсё ўдараць менавіта па народзе. Я думаю, Андрэй і сам гэта выдатна разумее. А так ні ў якім разе не павінна быць. З другога боку, пагаршэнне жыцця людзей не канечне прывядзе да падзення рэжыму, як не прывяло яно на Кубе і ў Паўночнай Карэі.

Саннікаў кажа, што спробы апазіцыі дамовіцца наконт адзінага кандыдата на выбары 2015 года ні да чога не прывядуць, бо выбараў у краіне няма, а беларускае грамадства можа аб’яднаць толькі салідарнасць. Відавочна, тут экс-кандыдат мае на ўвазе байкот. Шматлікія інтэрнэт-каментатары яго ў гэтым падтрымалі.

Досвед выбараў 2010 года сапраўды прадэманстраваў, як не варта рабіць. Пра многіх кандыдатаў на прэзідэнта 90% насельніцтва краіны ніколі не чулі. Магчыма, вядомы быў толькі кандыдат ад кампаніі «Гавары праўду» але, на жаль, толькі сярод больш-менш адукаванай часткі насельніцтва, Лідара БСДГ таксама добра ведалі ў некаторых колах… і ўсё!

Аб’яднаная грамадзянская партыя, якая мае вядомага, вельмі харызматычнага і разумнага лідара Анатоля Лябедзьку, вылучыла ад сябе кандыдатам Яраслава Раманчука — асобу таксама даволі разумную і харызматычную, але, у адрозненне ад Лябедзькі, яго ніхто не ведаў!

БНФ — увогуле без каментароў.

Але трэба прызнаць, што пэўная лібералізацыя падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі дазволіла навесці шуму па ўсёй краіне. Грамадства ўбачыла, што ёсць сапраўдная альтэрнатыва сённяшняй уладзе. Паводле майго ўласнага досведу (я не веру як праўладным, так і незалежным сацыялагічным апытанням), людзі найбольш запомнілі Саннікава, Някляева, Раманчука, а таксама, як ні дзіўна, Кастусёва. Але што да апошняга, то яму папулярнасць здабыла менавіта прыналежнасць да самай вядомай партыі ў краіне, таму народ яго проста запомніў, але не падтрымлівае. Раманчук паставіў крыж на сваёй палітычнай кар’еры адразу пасля выбараў, Саннікава, на жаль, зламалі, таму ягоная кар’ера таксама скончылася…

Сапраўды, свабодных выбараў у краіне няма, таму людзі паддаюцца інстынктам і бачаць адзіны магчымы варыянт — ігнараванне выбараў. Але мала хто з іх можа хоць неяк растлумачыць, як байкот можа знішчыць дыктатуру.

Да наступных выбараў трэба рыхтавацца загадзя. На маю думку, адзіным кандыдатам мог бы стаць Уладзімір Някляеў. Ён паважаны чалавек не толькі сярод інтэлігенцыі, але і сярод простых людзей, бо зарабіў гэтую папулярнасць падчас выбараў 2010 года. Трэба скарыстацца гэтым. Калі ж апазіцыя не здолее дамовіцца і вылучыць адзінага кандыдата, наступныя выбары зноў ператворацца ў цырк накшталт выбараў-2010.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?