16:45 «...Пры нашай аўтарытарнай сістэме ўлады...»

Апошняе пытанне ад журналісткі з Расонаў (Віцебская вобласць). Яна прапануе сказаць штосьці такое важнае, што можа быць, не ўзгадалі на прэс-канферэнцыі (яна, дарэчы, доўжыцца амаль 5 гадзін).

«Корань маёй палітыкі — гэта чэснасць, шчырасць, скіраваная на спакойнае жыццё людзей, — адказвае Аляксандр Лукашэнка. — Нам трэба мір і спакой. Нам другой зямлі ніхто не дасць. Дай бог нам гэтую зямлю ўтрымаць». І адзначае важнасць сустрэч з журналістамі «пры нашай аўтарытарнай сістэме ўлады».

16:37

Наталля Правалінская з «Белгазеты» задае пытанне пра наступныя прэзідэнцкія выбары. З кім з кандыдатаў вам было б цікава пазмагацца, памерыцца? Каго хацелі б у якасці спарынг-партнёра?

«Вось калі б вы ішлі на выбары, было б цікава, — адказвае Лукашэнка жартам. — Бо вы хоць з пятай калонай супрацоўнічаеце, але яна вас яшчэ не сапсавала».

Ён назваў апазіцыю «здраднікамі» і заклікаў «паважаць выбар народа». «Нават калі б Лукашэнка некага кінуў і падмануў, ну ў тваіх жа інтарэсах», то трэба разабрацца, кінуў ён ці не кінуў і для чаго, тлумачыць ён.

«Фядута або Лябедзька былі каля карыта і чмокалі больш, чым хтосьці», — паўтарае ён свае колішнія словы.

Народ зразумеў, што краіна не павінна ісці тых шляхам, якім павяла краіну пятая калона на чале з Шушкевічам, кажа Лукашэнка.

Нагадвае Правалінскай, што начальнікам штаба Кебіча быў Міхаіл Мясніковіч.

«А вы кажаце, спарынг-партнёр... Яны ўжо былі ў мяне ў спарынг-партнёрах».

16:22

Рэдактар Хадасоўскі з «Беларусаў і рынка» пытаецца пра мадэрнізацыю: «Чым адрозніваецца сённяшняя? Ці гатова грамадства да мадэрнізацыі?»

«Адрозненне сёння ў канкрэтыцы і попыце. Сёння ў нас сельская гаспадарка прыстойная — гэта вынік мадэрнізацыі. Сёлета мы скончым мадэрнізацыю ў сферы аховы здароўя. Падымі Сямашку, ён пачне расказваць планы мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых заводаў. Ішла мадэрнізацыя кропкава. У нас сёння выбару няма, бо ўзмацняецца канкурэнцыя. Хочаце вы або грамадства гэтага ці не, не мае значэння».

16:19

«Знамя юності» папыталася, кім бачыць Лукашэнка сваіх сыноў у будучыні. «Адзін на спартовай ніве, другі бацьку дзесьці падстрахоўвае. Яны самі выбралі такую ніву. Нічога кепскага ў гэтым няма».

16:16

Журналіст з «Гродзенскай праўды» пытаецца аб прыватызацыі гродзенскага «Азота» індыйцам. «Я не бачу тут праблем», — адказаў кіраўнік краіны. «Мы не выключаем продажу «Азота». Але танна нікому не прададзім. Хаця я не думаю, што зараз нехта прыдзе і на нашых умовах набудзе. Абавязкова трэба, каб яны дадалі нешта да існуючага».

16:07

Пытанне ад «Белорусской военной газеты»: ці будуць змены ў сістэме прызыву. Можа будуць пазней прызываць ці перавядуць на кантрактную службу?

Адказвае Мальцаў.

16:03

Польскае радыё, як і год таму, ізноў пытаецца пра Катынскі спіс. І пытаецца, ці можна арганізаваць раскопкі ў Курапатах.

«Плаціце грошы, мы правядзём раскопкі, дзе вы лічаце патрэбным. Мы самі правядзём раскопкі, без польскіх археолагаў». І пацвярджае леташнія словы, што ў Беларусі польскіх ваеннапалонных не расстрэльвалі.

15:56

Пытанне ад Алены Данэйкі, «Нямецкая хваля»: якія канкрэтныя прэтэнзіі ёсць да Еўрасаюза?

Аляксандр Лукашэнка пачынае з пытання пра палітвязняў. Расказвае, што былі масавыя беспарадкі, што вінаватыя ў іх сядзяць, што ў Нямеччыне немагчыма, каб кандыдаты ў прэзідэнты штурмавалі дзяржаўныя ўстановы, што ў Беларусі вадамётаў не ўжывалі. Калі вы такія дэмакратычныя, нашто вы Лівію разбамбілі, Егіпет ракам паставілі, Ірак знішчылі? — рытарычна пытаецца Лукашэнка.

«Мы павінны сесці і пачаць размаўляць», — абурана заяўляе Лукашэнка.

Ён крытыкуе таксама забароны на ўезд у ЕС, уведзеныя для ягоных паплечнікаў і сыноў, а таксама прадпрымальнікаў.

15:51

Пытанне ад «Белорусской нівы» пра экспарт прадукцыі сельскай гаспадаркі.

15:47

Пытанне ад Польскага агенцтва друку PAP пра малы прымежны рух. Калі можа быць прынята пагадненне аб ім?

«Тады, калі і з Літвой», — адказвае Лукашэнка. Прыняцце пагаднення ён увязвае з вырашэннем палітычных праблем, якія існуюць у адносінах з Польшчай і Літвой ды пазіцыі гэтых краін.

Другое пытанне ад РАР: ці будуць супольныя мерапрыемствы з Польшчай да 150-годдзя паўстання Каліноўскага.

Я пра такія мерапрыемствы не ведаю. Калі будзе такое жаданне, то чаму б і не.

15:41

Пытанне ад раённай газеты з Хоцімска пра барацьбу з п’янымі за рулём.

15:36

Святлана Парамыгіна, «Прессбол». Не паспела задаць пытанне, як сам Лукашэнка засыпаў яе саму сваімі пытаннямі, пра рэўнасць да Домрачавай. Пытанне: як вы ставіцеся да прагнозу надвор’я? Ці не лічыце вы, што міністэрства спорту прыпадабняецца да прагнозаў надвор’я са сваімі медальнымі прагнозамі?

Дык ужо не робяць прагнозаў, аджартаваўся Лукашэнка.

І другое пытанне — пра раду па пытаннях прадпрымальніцтва. Ці там абмяркоўваюцца пытанні падтрымкі спорту?

Лукашэнка запрашае Парамыгіну на першае паседжанне гэтай рады. Перайшоў на Чыжа: «Ён стаў прытчай ва языцэх». Усе думаюць, што ён такі багаты, а ён сам грошы часам пазычае. І прызнае, што Дом Чыжа над Траецкім і самому Лукашэнку не вельмі падабаецца.

15:32

Пытанне ад «Віцьбічаў» пра «Славянскі базар».

15:28

Пытанні па-беларуску ад Алеся Герасіменкі з «Новой экономіческой газеты». Першае — пра адток кадраў з Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што такое пытанне не вострае, а будаўнікі сталі вяртацца ў краіну.

Другое пытанне — рытэйл. Канкурэнцыя гіпермаркетаў пагражае дробным і сярэднім крамам. Ці будуць абмежаванні на будаўніцтва гіпермаркетаў для абароны дробнага рытэйлу?

Лукашэнка кажа, што ён не вялікі спецыяліст у гэтым пытанні і даручае вывучыць гэтае пытанне.

15:26

Пытанне агенцтва Блумберг: як падзенне цэнаў на калій адаб’ецца на сітуацыю ў краіне і планы прыватызацыю.

«На падзенні цэнаў прадпрыемствы не прадаюцца», — адказвае Лукашэнка.

Спадзяюцца, што ў 2013 даходы ад продажу калію будуць большыя, чым у 2012.

15:25

Пытанне з Віцебска: сёння 4 вобласці святкуюць 75-годдзе з дня ўтварэння. Давайце ўнясём святочную нотку, прапануе ён. Лукашэнка зычыць «дабрабыту і больш грошай».

15:22 «У мяне няма бліжняга атачэння»

Пытанне па-беларуску ад Анатоля Крэйдзіча з іванаўскай раённай газеты.

15:09

Алена Малочка з «Народнай волі» задае пытанне пра магчымасць раздзяржаўлення дзяржаўных газет.

«У кожнай краіне ёсць дзяржаўная прэса, а наша краіна маладая, развіваецца», — расказвае Аляксандр Лукашэнка.

«Усё, што не скажуць дзяржаўныя СМІ, скажа «Народная воля», — прызнае Лукашэнка.

Просіць рэдактара «Советской Белоруссіі» расказаць пра ідэю стварэння холдынга дзяржаўных газет, той прапануе спн. Малочцы прыйсці да яго пагаварыць.

Другое пытанне ад «Народнай волі» пра тое, ці хтосьці ў бліжнім атачэнні Лукашэнкі наважваецца спрачацца з ім. «У мяне няма бліжняга атачэння», — сцвярджае Лукашэнка. Кажа, што ад яго ўсе роўнааддаленыя. Але расказвае, што на нарадах у яго абавязкова гучаць два пункты гледжання, «хоць гэта не парламент».

Лукашэнка прызнаў, што «час ад часу» чытае «Народную волю».

Трэцяе пытанне — пра кадравыя змены, кадравую абойму Аляксандра Лукашэнкі, вяртанне Шэймана.

Лукашэнка тлумачыць, што там ніякіх зменаў няма, проста аб’ядналі два сектары.

Узнік дыялог і жарты, і Павел Якубовіч назваў Малочку «палітычна няспелай».

15:08

Пытанні ад Тэлерадыёкампаніі Пінск пра ахову здароўя, «Аршанскай газеты» — пра Следчы камітэт, «Гомельскай праўды» — пра падвод чыгункі да радовішчаў граніту на Палессі.

14:58

Пытанне ад «Бізнэс-навін» пра МАЗ-КамАЗ і «Ростсельмаш».

14:55 Палітвязні засталіся без адказу

Пытанне «Нашай Нівы» пра палітвязняў — ці могуць яны выйсці на свабоду?

Адказ быў кароткім: «Чытайце „Советскую Белоруссію“, чытайце закон», — двойчы паўтарыў Лукашэнка.

Ён паспрабаваў уцягнуць журналістку ў размову і перавесці пытанне ў бок: «Колькі выйшла палітвязняў»? Аксана Рудовіч асадзіла яго: «У нас не дыялог. Я задаю пытанне — вы адказваеце».

Урэшце Лукашэнка заявіў, што палітвязня могуць выйсці на свабоду па адбыцці свайго тэрміну. Што да магчымасці вызвалення рашэннем кіраўніка дзяржавы, то «гэта прапісана ў законе».

«Адбудуць тэрмін — выйдуць. Датэрмінова — могуць. Чытайце закон, там усё напісана. Калі вы хочаце спытаць у мяне, ці магу я іх вызваліць, — таксама чытайце закон. І вы пра гэта ведаеце».

14:53

Пытанне ад тэлекампаніі СТВ пра супрацьпаветраную абарону Беларусі і Расіі.

14:50

Ці дадуць слова карэспандэнтцы «Нашай Нівы»?

14:42 Заробкі настаўнікаў

Марына Золатава з Тут.бай найперш дзякуе за адказы на пытанні чытачоў на пачатку прэс-канферэнцыі. І задае пытанне пра зарплаты настаўнікаў і выхавацеляў. Яны меншыя, чым у грузчыкаў, расказвае яна.

«Мы будзем павышаць зарплату настаўнікам. Але!» І расказвае, што для павышэння зарплаты педагогаў не абысціся без некаторых непапулярных мераў. Але нагадаў, што ў настаўнікаў ёсць свае перавагі: доўгія адпачынкі ўлетку.

Паралельна ён нагадаў, што кожная школа павінна быць абгароджана. А таксама школы павінны быць меншымі, лічыць ён, каб былі больш кіраванымі.

Лукашэнка нагадвае, што настаўнік цяпер — гэта яшчэ і палітычная фігура.

Заробкі сапраўды малыя, прызнае ён. «Але ёсць пэўныя рамкі, пэўная шкала, за якую і я не магу выскачыць. А калі ашчадзім — аддамо».

Узгадвае, што, калі працаваў у школе, сам ён не пісаў да ўрокаў планы.

14:36 «Халіп адмовілася ехаць»

Пытанне ад агенцтва БелаПАН: пра жорсткае абыходжанне з грамадзянамі супрацоўнікаў міліцыі і КДБ, у прыватнасці, па выпадку з Сарочыкам, а таксама ў турмах і па справе аб масавых беспарадках.

«Я чалавек міралюбівы і не люблю, калі людзей б’юць». Але «ў жыцці ўсякае бывае». Рэшту пытанняў пераадрасоўвае генеральнаму пракурору. Сцвярджае, што гэтае пытанне для піяру, а не для адказу.

Другое пытанне — пра статус і лёс Ірыны Халіп.

«Халіп адмовілася ехаць. Яна разумее, што тут яна пакутніца, а там яна нікому не патрэбна, таму яна і не паехала. Калі вы яе хочаце кудысьці забраць, заўтра ідзіце і забірайце».

14:33

Пытанне ад кітайскага агенцтва Сіньхуа.

14:29 Бяляцкага «ўжо выпусцілі ці не?»

Пра Бяляцкага ў асноўны анлайн:

Задае пытанне Віталь Зыблюк, Еўрарадыё. Прапануе, каб чыноўнікі штогод здавалі дэкларацыі аб даходах.

Лукашэнка адказвае і пераводзіць гаворку на Бяляцкага, «ці як яго там». «Яго ўжо выпусцілі ці не?»

14:28

Лукашэнка дазволіў Дашчынскаму задаць другое пытанне. Ён пытаецца пра Чавэса і пра тое, ці варта хвораму чалавеку балатавацца ў прэзідэнты.

Лукашэнка адразу ж прапануе Дашчынскаму ўстаць на лыжы. Хто каго абгоніць, той і будзе прэзідэнтам.

14:16

Лукашэнка адказвае на пытанне Свабоды, аўдыё:

Пытанне ад радыё «Свабода», задае Алесь Дашчынскі: гэты год беражлівасці. Можа і прэзідэнт пакажа прыклад? Машыны, дарагі самалёт?

Лукашэнка перабівае яго, журналіст працягвае і просіць запрасіць журналістаў у рэзідэнцыю кіраўніка дзяржавы.

«Вы будзеце расчараваныя, — адказвае Лукашэнка. — Рэзідэнцыя там машэраўская, вельмі сціплая».

«Вы дарэмна спрабуеце сыграць на публіку». Што датычыць самалёта, то там няма ніякіх залатых шторак, пра якія гавораць. Душ і туалет там сапраўды ёсць, а залатых шторак няма.

Лукашэнка кажа, што купіў гэты патрыманы самалёт, бо ён быў у 2,5 разу таннейшы, чым новы, хоць па рангу належыць кіраўнікам дзяржавы купляць новыя самалёты.

Што датычыць гадзінніка, то мне яго падарылі на дзень нараджэння, сцвярджае ён. Да таго ж, кіраўнік дзяржавы павінен захоўваць пэўны дрэс-код, кажа ён. І нагадвае, як у 1993-м дзяўблі Шушкевіча, што ён сустракаў Клінтана ў старым палітоне.

«Я рэпрэзентую краіну! — нагадаў ён. — Не таму, што я такі марнатраўны, а таму што ёсць нейкі стандарт».

«Што датычыць „Майбаха“, то мне яго падарылі на дзень нараджэння, і я яе аддаў дзяржаве. Заўтра прэзідэнта Лукашэнка застрэляць, павесяць, здымуць з пасады, вы на ім будзеце ездзіць. Браняваны аўтамабіль — каму ён яшчэ трэба, акрамя кіраўніка дзяржавы».

«Самалёт каштаваў менш за 100 мільёнаў, а новы каштаваў бы 250 мільёнаў», — сказаў Лукашэнка.

«А новая рэзідэнцыя будуецца ці не будуецца?» — не спыняецца карэспандэнт «Свабоды».

Лукашэнка адказвае ўхіліста: што для жыцця рэзідэнцыя не будуецца. І сканчае адказ жартам.

Архіўнае відэа. Шушкевіч сустракае Клінтана:

14:12

Пытанне ад газеты «Россія» пра інтэграцыю і СНД ізноў. І другое пытанне: «А вы ад чаго за апошні час пазітыў зведалі?»

«Як прэзідэнт — што мы далі рады праблемам фінансаў». А як чалавек — згадаў перамогу Азаранкі сённяшнюю.

14:09

Пытанне ад часопіса «Родная прырода» — пра экалогію і СНД.

14:01

Пытанне ад «Комсомольской правды в Беларусі», з падкавыркай: «Вы сказалі, што ў чыноўнікаў недапушчальна нізкія зарплаты. А якія павінна быць ідэальныя заробкі ў міністра ці памочніка Лукашэнкі».

«Вы хочаце ўзбударажыць краіну», — так пачынае свой адказ Лукашэнка.

Ён пераадрасоўвае пытанне журналістку. А вы колькі думаеце?

Дзесяць тысяч долараў, — адказвае яна. — Але каб чалавек не ездзіў на супердарагіх машынах і не будаваў катэджаў за горадам.

Ну вы загнулі, кажа Лукашэнка. З ягоных словаў, зарплата міністраў, імаверна, не перавышае 2000 даляраў.

«На гэтым этапе тысячы тры для міністра было б нармальна. На гэтым этапе!» І кажа, што міністры перажываюць нязручнасць, калі сутыкаюцца з расійскімі міністрамі, якія зарабляюць на парадак больш.

Лукашэнка расказаў, што перад прыняццем рашэння аб рэформе дзяржапарата вывучаў вопыт Аўстрыі, Славеніі, Балгарыі і пабачыў, што там выдаткі на дзяржаапарат большыя.

Ён таксама заявіў, што дазваляе, каб заробак мэнэджара быў у 4 разы большы, чым сярэдні заробак на прадпрыемстве. На ягоную думку, нельга дапускаць разрыву ў даходах між рознымі слаямі грамадства.

«А вы за тое, каб павысіць заробкі міністрам?» — перапытвае Лукашэнку журналістку яшчэ раз.

«Я ўвогуле за тое, каб павысіць заробкі ўсім» — пажартавала журналістка пад смех залы.

13:58

Дзве гадзіны прайшлі, а ніводнага пытання 'шчэ ад незалежных СМІ.

Пытанне ад тэлерадыёкампаніі «Мір»: пра хобі, захапленні і вольны час.

Лукашэнка кажа, што ягоная рука ўжо не слухаецца інструмента, «рука стала лапай», таму баяніст з яго ўжо ніякі.

Апавядае, што быў заўзятым футбалістам, пакуль не траўмаваў нагі. І толькі ў прэзідэнцкія гады перайшоў да хакея.

Што да музыкі, то слухае яе рэдка. «Вымушаны вас расчараваць. я ўжо не музыкант».

13:49. Якубовіч абараняў Марата Новікава

Пытанне ад газеты «Рэспубліка»: як зменшыць бюракратызаванасць працы з замежнымі інвестарамі.

Лукашэнка адмаўляе, што сістэма сапраўды забюракратызаваная. Кажа, што патрэбныя толькі інвестыцыі для мадэрнізацыі вытворчасцяў. А вось, напрыклад, працоўных месцаў у краіне досыць.

Яшчэ раз нагадвае, што, напрыклад, «Беларуськалій» каштуе 30–32 мільярды даляраў і за меншую суму яго не прададуць.

Таксама вяртаецца да сітуацыю з «Камунаркай» і «Спартаком». Сярод іншага, адзначае, што Марата Новікава «Павал Ізотавіч» [Якубовіч, рэдактар «Советской Белоруссіі»] абараняў, але рашэнне аб нацыяналізацыі было правільным. «Павел Ізотавіч, скажыце, як ягонае прозвішча сапраўднае?» — «Словуш».

13:45

Інтэрнэт-доступ у зале не заблакаваны. Але ніякіх вестак ад нашай карэспандэнткі ў зале пакуль не было: мусіць, стаіць каля мікрафона. Мы пераказваем змест заяваў паводле радыётрансляцыі.

13:38. Магчымыя перамовы па рэструктурызацыі замежнага доўгу

Пакуль Лукашэнка адказвае на кожнае пытанне не даўжэй за 5 хвілін.

Пытанне ад «Народнай газеты» пра сёлетнія выплаты па замежным доўгу: чым Беларусь будзе расплачвацца. Даволі вострае пытанне.

Лукашэнка прызнае, што сёлета прыйдзецца выплаціць 3 мільярды, што год будзе цяжкім у гэтым сэнсе, але запэўнівае, што сродкі на гэта ёсць. У той жа час Лукашэнка дапусціў, што магчымыя і перамовы па рэструктурызацыі замежнага доўгу.

Што датычыць прыватызацыі, то сродкі ад яе пойдуць на стварэнне золатавалютных рэзерваў як асновы для незалежнасці дзяржавы.

Заадно расказвае аб мадэрнізацыі вытворчасцяў на «Камволі», БелАЗе, іншых прадпрыемстваў.

13:33

Тэнгіз Думбадзэ з так званай тэлерадыёкампаніі саюзнай дзяржавы. Карыстаючыся выпадкам, віншуе ўсіх з Новым годам і зычыць усім беларусам хоць раз у годзе адпачываць на чарнаморскім узбярэжжы Грузіі. Пытанне задае як намеснік кіраўніка грузінскай грамады ў Беларусі…

…Я намеснік старшыні? — жартаўліва перапытвае Лукашэнка.

Зала смяецца.

— Я, я намеснік, — удакладняе Думбадзэ.

І пытаецца наконт вяртання Грузіі ў СНД.

Лукашэнка «не бачыць палкага жадання новай улады вярнуцца ў СНД», у тым ліку Іванішвілі. «Гэта быў свайго роду тэст для кіраўніцтва Грузіі. Калі вы ўжо ў СНД не хочаце вярнуцца, то значыць хтосьці вас моцна трымае. Але гэта тэст». Ён правёў сувязь між заявай Клінтан адносна інтэграцыі на постсавецкай прасторы і пазіцыяй Грузіі.

Лукашэнка заявіў, што рыхтуецца ягоны візіт у Грузіі, і ён збіраецца абмеркаваць гэтае пытанне з Саакавішвілі.

13:30

У адрозненне ад мінулага года, журналістаў незалежных СМІ пакуль не даюць магчымасці задаць пытанне. Ідзе чарада пытанняў ад карэспандэнтаў мясцовых газет і тэлерадыёкампаній. Мінулы раз пасля шэрагу пытанняў асноўных лукашэнкаўскіх ТВ мікрафон трапіў карэспандэнтцы агенцтва БелаПАН.

13:29

Ніна Пазняк, Лідскае тэлерадыё. Пытанне пра льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля.

13:25

Пытанне ад агенцтва БелТА пра адносіны з Кітаем.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў добрыя асабістыя адносіны з новым кіраўніком Кітая Сі Цзяньпінам, які наведваў Беларусь з візітам. Ён прызнае, што Еўрасаюз негатыўна ставіцца да росту ўплыву Кітая ў гэтым рэгіёне. Лукашэнка падтрымлівае ідэю стварэння тэхнапарка пад Смалявічамі. «Што вы думаеце, мне нехта хабар даў мільярд даляраў [каб гэта зладзіць]? Ну, ніколі такога не было і не будзе».

Заявіў, што Беларусь прасіла Кітай перанесці ў Беларусь вытворчасць легкавых аўтамабіляў. І вытворчасць пачалася.

13:20

Пытанне ад газеты «Заря», Брэст, пра будучы Чэмпіянат свету па хакею.

13.13. Дзед Мароз падарыў Колю зброю — як будучаму спецназаўцу

Пытанне ад газеты «Зорька»: якія падарункі вы падарылі на Новы год сваім сямейнікам і што вам падарылі?

Расказвае, што загадаў, каб усе «чыноўнікі і нават жулікі на Новы год пайшлі да дзяцей». Расказвае, што сам наведвае дзіцячыя дамы і дамы-інтэрнаты для старых, прычым без папярэджання.

Што датычыць падарункаў, то кажа, што «ніколі не замарочваўся на гэтай тэме». Кажа, што шкадуе жывыя ялінкі

Вярнуўшыся непасрэдна да пытання, Лукашэнка расказаў, што ягоны малодшы сын Коля накіраваў ліст Дзеду Марозу па электроннай пошце. А Дзед Мароз прынёс хлопчыку ў падарунак пнеўматычную зброю — як будучаму спецназаўцу.

13.08. Стрыманы адказ на заяву Клінтан

Пытанне ад «Звязды» — першае па-беларуску за час прэс-канферэнцыі. Пытанне пра заяву Хілары Клінтан пра тое, што яе «хвалюе» інтэграцыя на постсавецкай прасторы. Што Лукашэнка думае пра гэта?

Лукашэнка першыя сказы спрабуе прамовіць па-беларуску, але амаль адразу збіваецца на расейскую мову. Кажа, што Беларусь хвалююць падзеі на «арабскай дузе».

Адзначае, што Беларусь не пагадзілася перайсці на адзіную з Расіяй валюту. Таксама адзначае, што наша краіна працуе над уступленнем у Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Заклікаў не рэагаваць асабліва на заявы, якія гучаць за акіянам.

Адказ прагучаў вельмі стрымана, з мінімумам антыамерыканскай рыторыкі.

13.03

Чашніцкае раённае радыё (Віцебская вобласць). «У Беларусі аказваецца каласальная падтрымка насельніцтву, але сфармаваўся слой утрыманцаў». Што з імі будуць рабіць? Удакладняе міністр сацыяльнай абароны Шчоткіна: гэтыя людзі на ўліку. Маем 8000 чалавек, які выйшлі з месцаў зняволення, 4000 бамжоў, кажа міністарка.

Лукашэнка абяцае, што і тут будуць узмацняцца патрабаванні.

12.57

Пытанне ад глускай газеты «Радзіма» (Магілёўская вобласць) пра ЖКГ і магчымыя змены ў ім.

«Мы будзем кантраляваць прыватнікаў жорстка» ў гэтай сферы, заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

12.52. Рэзкія словы на адрас пасла Сурыкава

Пытанне ад тэлеканала Беларусь-1 пра адносіны з Расіяй і каментары пасла Сурыкава пра пастаўкі вуглевадародаў.

«Ён даволі экзатычна глядзіцца ў гэтых інтэрв’ю. Ізноў ён пачынае разважаць пра гэтую мазню. Ну вельмі экзатычны чалавек».

Са словаў Лукашэнкі, усе пытанні па нафце былі вырашаныя з Пуціным. «А паслу захацелася выказацца… Іншы раз МЗСы і паслы мала ведаюць пра тое, што адбываецца між дзяржавамі, асабліва на самым высокім узроўні».

Што датычыць ЕЭП і Саюзнай дзяржавы, Лукашэнка кажа: «Быць саюзнай дзяржаве» — але прызнае, што прарываў у ім няма, бо грамадствы Беларусі і Расіі не даспелі да прарываў.

12.48. Не чакае перамен у адносінах з Літвой

Пытанне ад Тэлерадыёкампаніі Гродна пра адносіны з Літвой і палітыкай новага ўрада Літвы.

«Я не пешчу асаблівых надзей у гэтым плане», адказаў Лукашэнка. Ён сумняецца, што Літва здольная праводзіць самастойную палітыку ў дачыненні да Беларусі. Адзначае, што ад 2015 года аб’ём субсідый ЕС Літве зменшыцца. Кажа, што Беларусь будзе і далей экспартаваць грузы праз Літву, аднак будзе разглядаць і альтэрнатыўныя варыянты. Выказаў гатоўнасць да наладжвання канструктыўных адносін з Літвой і Латвіяй.

Што датычыць прымежнага руху, дык «калі яны нам будуць засылаць самалёцкі на нашу тэрыторыю, мы толькі ўжастачаць будзем памежны рэжым з Літвой».

12.41

Пытанне ад «Советской Белоруссіі» пра замежную палітыку.

Аляксандр Лукашэнка пачынае адказ з Лацінскай Амерыкі. Хваліцца, што таваразварот з Лацінскай Амерыкай дасягнуў 3,5 млрд.

«Што датычыць Азіі, то мы даўно прымяраліся да гэтай краіны», — агаварыўся Аляксандр Лукашэнка, назваўшы частку свету краінай.

Ад краінаў Цэнтральнай Азіі перайшоў да Кітая. Пасля — Індыя, В’етнам. Гаворыць пра эканамічныя аспекты міжнародных адносінаў.

«Трохі цяжэйшыя ў нас справы ў Афрыцы». Новаму міністру замежных спраў пастаўлена задача наладзіць цяснейшыя адносіны з трыма-чатырма ключавымі краінамі Афрыкі.

12.35

Другое пытанне ад АНТ. Журналіст кажа, што прагноз падзення рубля не збыўся. Чакалі, маўляў, падзення рубля ўдвая, а прагноз не збыўся.

Аляксандр Лукашэнка пагаджаецца з рэпарцёрам. І расказвае, што тэндэнцыі на фінансавым рынку пазітыўныя.

Пасля гэтага расказвае, што папрасіў звесткі пра тое, хто купляе валюту ў абменніках. Кажа, што ў маніторынгу «былі задзейнічаныя сотні людзей». Яны стаялі ў чэргах і адсочвалі, хто купляе. Высветлілі, што купляюць грошы збольшага пенсіянеры, прычым малымі сумамі.

«Апакаліпсіса не здарыцца», — паўтарае ён двойчы.

12.29

Пачынаюцца пытанні з залы. Першае пытанне — ад Беларускага радыё. Якія прагнозы песімістаў не збудуцца? Якія моманты мінулага года былі найважнейшымі?

Лукашэнка адказвае, што Беларусь не абрынецца, была і будзе незалежнай дзяржавай. Таксама згадвае тэму растваральнікаў. Кажа, што Беларусь нічога не парушала. Абвінавачвае ў непатрыятызме тыя газеты, што асвятлялі гэтую сітуацыю крытычна.

12.27

Наступнае пытанне з агляду, падрыхтаванага памочнікамі, — пра чорныя спісы беларускіх выканаўцаў. Кажа, што нічога не ведае пра іх, што ніякіх таікх даручэнняў нікому не даваў. Просіць кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта патлумачыць гэтае пытанне. Выказвае меркаванне, што гэтыя выканаўцы «аплявалі краіну».

12.24

Кажа, што мае шмат пытанняў да спорту. «І да БАТЭ магу паставіць пытанні па апошніх іх гульнях». Расказвае пра некаторыя няўдалыя матчы БАТЭ.

Робіць заўвагу Генадзю Давыдзьку, што ён Беларусь-1 не паведаміла, выйграла сёння Азаранка ці прайграла. «Галоўнае, што выйграла!»

Кажа, што заробкі спартоўцаў адрэгулюе.

12.20. Нейкі эканаміст Чалы

Адзначае, што «нейкі эканаміст Чалы» гаворыць пра магчымую адстаўку ўрада. Абвяргае гэтае сцвярджэнне. «Думаю, што Чалы не здольны пакуль замяніць не толькі прэм’ер-міністра, а нават звычайнага міністра».

12.12. Гатовы пакаяцца

Пачынае адказы з пытанняў, якія прагучалі ў незалежных СМІ напярэдадні. «Мяне пра іх паінфармавалі». Першым адказвае на пытанне з «так называемай „Салідарнасці“. Там, з ягоных словаў, Лукашэнку заклікалі „пакаяцца“ за тое, што робіцца ў краіне. Аляксандр Лукашэнка кажа, што гатовы пакаяцца за стан эканомікі, бо сапраўды нясе адказнасць за ўсё, што робіцца ў краіне.

Пасля адказвае на пытанне Жанны Грынюк з Тут.бая наконт прыватна-дзяржаўнага партнёрства.

„Усім вядомы мой сябар Станіслаў Багданкевіч ратуе за незалежнасць Нацыянальнага банка“. Адказвае: „Нацбанк сапраўды існуе незалежна. Але прэзідэнт можа ў любы момант запатрабаваць спарваздачу ў Нацбанка і запатрабаваць удзельнічаць у неякіх дзяржаўных праграмах. І так пакуль будзе“. Спасылаецца на дзеянні Еўрасаюза і ЗША ў часе крызісу. Кажа, што „нам“ падкідваюць ідэю самастойнасці Нацбанка, каб знізіць кіраванасць краіны. Як толькі робіцца незалежна, там пачынаецца бойка». Кажа, што «ў нас у парламенце таксама былі крыкі, бойкі», і ў выніку з’явіліся пустыя паліцы ў крамах [пустыя паліцы напраўдзе з’явіліся ў СССР, дзе ніякага палітычнага плюралізму не было, а запоўніліся яны пасля пераходу да рынкавай эканомікі].

12.10

Як толькі з’явяцца фоты з прэс-канферэнцыі, паставім. Але варта адзначыць, што фатографаў незалежных СМІ не акрэдытавалі, а фатографы БелТА свае здымкі кіраўніка дзяржавы рэтушуюць. У такой сітуацыі часам даводзіцца ставіць скрыны з тэлеэкрана.

12.06

Лукашэнка адзначае якасныя зрухі ў стане эканомікі, хваліцца, што было дасягнута вялікае плюсавае сальда замежнагандлёвага балансу.

Раіць журналістам трымацца далей ад «аракулаў-аналітыкаў», эканамістаў, якія «ставяць задачу разгайдаць» становішча, у тым ліку на валютным рынку.

Раіць не блытаць свабоду слова з безадказнасцю.

Сказаў, што гатовы адказваць «чэсна і адкравенна».

Адзначыў, што ў зале прысутнічаюць паўтара дзясятка найвышэйшых чыноўнікаў.

12.03

Пачынаецца прэс-канферэнцыя. Ва ўступным слове Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што на мінулай прэс-канфе былі і вострыя пытанні.

Лукашэнка заявіў, што ў 2012-м Беларусь дабілася хоць і малога, але росту эканомікі, а таксама росту даходаў насельніцтва.

* * *

На прэс-канферэнцыю Аляксандра Лукашэнкі — рэдкі выпадак — запрошаныя таксама і журналісты незалежных СМІ.

Будзе прысутнічаць на прэс-канферэнцыі і карэспандэнтка «Нашай Нівы» Аксана Рудовіч.

Сайт NN.BY будзе весці жывую трансляцыю з падзеі ад 12.00.

«Адна справа — працаваць тут за тысячу даляраў, а другая — у Маскве за 2000 даляраў»… «Вы што, сапраўды лічыце, што я фальсіфікаваў гэтыя выбары?»… Усё гэта Аляксандр Лукашэнка казаў летась. І распавёў анекдот пра сябе.

Найвастрэйшым момантам той прэс-канферэнцыі стаў дыялог кіраўніка дзяржавы з Марынай Коктыш, яе знакамітае «Дзякуй, я адмоўлюся».

Штогадовая зімовая прэс-канферэнцыя — адзіная магчымасць для незалежных журналістаў пабачыць Аляксандра Лукашэнку і задаць яму пытанне.

Мінулай зімой СМІ сабралі перад Калядамі, 23 снежня. Сёлета сустрэча адбываецца нашмат пазней.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?