Пачынаючы з канца 1970-х у Эўропе сталі гаварыць пра канстытуцыйны патрыятызм (асабліва ў Нямеччыне, абцяжаранай злачынствамі нацыянал-сацыялізму). У мяне асабіста гэтыя асацыяцыі зьвязаны з імёнамі Карла Шміта, Дольфа Штэрнбэргера і Юргена Хабэрмаса. Гэты тэрмін тады добра пасаваў да дыскурсаў пра постнацыянальныя дзяржавы і канец гісторыі. Гэта былі шчасьлівыя гады: 1968 год даўно мінуў, бум росту яшчэ працягваўся. Пазьней распад СССР дадаў новай эўфарыі.

Bildungsbürger

У наш час, калі пачалі наноў спрачацца пра эўрапейскія каштоўнасьці і гаварыць пра небясьпеку мусульманізацыі Эўропы, тэрмін канстытуцыйны патрыятызм зноў замільгаў на старонках нямецкіх пэрыёдыкаў і спэцыяльных дасьледаваньняў побач з такімі наватворамі і гальванізаванымі спалучэньнямі, як разбурэньне карэннага этнасу імігрантамі (Unterwanderung), дзяржаўныя праграмы інтэграцыі іншаэтнічнага насельніцтва (positive discrimination), асноўная культура (Leitkultur), дзяржаватворчы народ (Staatsvolk), культурна інтэграваны грамадзянін (Bildungsbürger), паралельнае грамадзства (Parallellgesellschaft).

І для Беларусі ў гэтых спрэчках можна знайсьці нешта карыснае, хаця стан рэчаў у нас зусім іншы. Ці можам мы аптымістычна чакаць адзінства нацыі, спадзеючыся ўсё ж на паступовую інтэграцыю – у тым ліку і культурную – не-аўтахтонаў ва ўмовах спэцыфікі нашай «рэгіянальнай глябалізацыі»? Беларусы-аўтахтоны гістарычна ня маюць права пагадзіцца на трасянку ды крэольства: беларуская нацыянальная спадчына – цэлы кантынэнт. Дык дзе ж выйсьце?

Межы адкрытасьці

Вернемся да Эўропы. Я буду гаварыць галоўным чынам пра Нямеччыну, бо ведаю тут сытуацыю лепш, чым у іншых краінах ЭЗ. У дачыненьні да імігрантаў яна была ў пасьляваеныя гады, асабліва на пачатку 1960-х, такая ж лібэральная, як у Францыі, Італіі, Ангельшчыны. Два выбітныя прыклады таму: Нікаля Сарказі (сёньняшні міністар унутраных справаў Францыі, францускі грамадзянін у першай генэрацыі, бацька – вугорац, маці – грэцкая габрэйка) і Уда ды Фабіё (сёньня чалец канстытуцыйнага суду ФРН, нямецкі грамадзянін у першай генэрацыі, бацька – італьянскі сьлесар). Пра такую кар’еру імігранту, грамадзяніну ў першым калене, можна толькі сьніць.

Аднак на сёньняшні дзень Эўропа зайшла далёка ў сваёй хрысьціянскай адкрытасьці. Паводле нямецкай інфармацыйнай агенцыі Globus Infografik, сёньня ў старых фэдэральных землях ФРН, дзе на працягу апошніх 45 гадоў іміграцыя была найбольш дынамічная, 40% школьнікаў – дзеці імігрантаў (у 2020 годзе чакаецца больш за 50%), у 50 школах Бэрліна больш паловы дзяцей – ня-немцы. У 3-х школах Бэрліна – у раёнах Бэрлін-Вэдынг (пралетарскі Вэдынг, пра які некалі сьпяваў антыфашыст Эрнст Буш), Бэрлін-Кройцбэрг, Бэрлін-Нойкёльн – няма ніводнага нямецкага дзіцяці. Першая небясьпечная ластаўка прыляцела два гады таму: у Эбэргард-Кляйн-Обэршуле ў Бэрлін-Кройцбэргу атрымалі абітуру тры апошнія нямецкія дзіцяці.

Немкі ў хіджабах

Малыя нямецкія гарады набываюць аблічча турэцкіх мястэчкаў зь вежамі мінарэтаў і ўсходнімі базарамі. Маладыя немкі пераходзяць на другі бок вуліцы, саступаючы дарогу купкам агрэсіўных турэцкіх мачо. На школьных перапынках турэцкая мова заглушае нямецкую. З прыблізна 8 млн імігрантаў мусульмане складаюць у Нямеччыне каля 3,5 мільёну. Дарэчы, у самой Турэччыне мусульманства менш «фундамэнтальнае», чым у Нямеччыне. Напрыклад, за зьяўленьне на лекцыях у хіджабе, адмову наведваць урокі плаваньня ў басэйне турэцкіх студэнтак выключаюць з унівэрсытэтаў (Турэччына дэманструе ЭЗ сваю сьвецкасьць). У Нямеччыне ж турэцкія школьніцы амаль усе ходзяць у хустках. У вялікіх гарадах, лічаць нямецкія аналітыкі, старэйшае пакаленьне немцаў будзе яшчэ доўгі час большасьцю. Аднак пры сёньняшняй дынаміцы гадоў праз 25 больш чым палова маладых грамадзянаў ФРН, асабліва ў малых гарадах, будуць ужо ня-немцы. Кар’ера, добрае жытло і падарожжы замест дзяцей – даволі распаўсюджаны лёзунг. Ды яшчэ мода немцаў на аднаполыя шлюбы. Па стане на 2004 г. у Нямеччыне зафіксавана 160 000 нетрадыцыйных сямейных параў (54% мужчынскіх, 46% жаночых). А мусульманкі нараджаюць у сярэднім па 5–7 дзяцей. Сацыяльна арыентаваная дзяржава дапамагае.

Пэсымістычная антрапалёгія

Сытуацыя аддалена нагадвае беларускую, толькі зь іншым гістарычным мінулым. Мусульманскі фундамэнталізм сёньня чымсьці нагадвае расейскі. І мусульманства, і «расейская» ідэя генэтычна грунтуюцца на партыкулярных маральных прынцыпах, што цягнуцца яшчэ з часу племяннога падзелу зь ягоным адрозьненьнем маралі ўласнай групы і чужой. Фармальна не адмаўляючыся ад магчымасьці ўласнага «ўзбагачэньня» ад кантактных культураў, і мусульманства, і «расейскасьць» нясуць на сабе цень пэсымістычнай антрапалёгіі і, укараніўшыся ў сваю культурна-гістарычную ідэнтычнасьць, непазьбежна прасоўваюць экспансію ўласнай веры і прынцыпаў як Боскую сакральна-гістарычную місію, заплянаваную не на нейкі гістарычны момант, а на стагодзьдзі. Тут «растварэньне» ў чужым ці параза выключаюцца генэтычна. Толькі перамога.

Мульты-культы

Пра што ж спрачаюцца немцы? Тыя, што не парвалі сувязь з сацыяльнымі і духоўна-гістарычнымі каранямі хрысьціянства і вызнаюць маральны ўнівэрсалізм і аптымістычную антрапалёгію чалавечай натуры, спадзяюцца і агітуюць у дыскурсе эўрапейскага культурнага лібэралізму за «пазытыўную дыскрымінацыю» – дзяржаўнае кіраваньне інтэграцыйнымі працэсамі, падтрымку імігрантаў, выхаваньне новых культурна інтэграваных патрыётаў з грамадзянскай сьвядомасьцю і г.д. Лібэралам гэта падабаецца, бо сьведчыць пра вялікую павагу да правоў асобы, калі, напрыклад, веравызнаньне ставіцца вышэй за Канстытуцыю.

Найменш рамантычная частка нямецкіх інтэлектуалаў схіляецца да крытыкі вынікаў палітыкі культурнай адкрытасьці, якая прывяла да так званага мультыкультуралізму (у адмоўнай канатацыі – Multikulti). Кансэрватары кажуць: Multikulti – гэта культурны Бабілён. І вядома, чым ён закончыўся, як Садом і Гамора. Праціўнікі мультыкультуралізму тлумачаць ход рэчаў так: генэтычна Эўропа была заўсёды больш адкрытай, чым Усход ці Поўдзень. Мусульманскі, будыйскі, індуісцкі, юдэйскі сьвет заўсёды быў больш гермэтычны, чым хрысьціянскі. Эўропа зь ейнай адкрытасьцю, цікаўнасьцю да іншых культураў, скепсісам, самакрытыкай пачалася за некалькі стагодзьдзяў да Нараджэньня Хрыстовага яшчэ з плятонаўскай Акадэміі ды стоікаў, якія імкнуліся будаваць жыцьцё ў гармоніі з прыродай ды ўладай «Ўсясьветнага Розуму». Хрысьціянская Эўропа, пераняўшы ад стоікаў ідэю касмапалітызму (і грамадзяне, і барбары, і рабы – усе роўныя!), стала шматколернай, дзе, эвангелічна кажучы, не засталося ні эліна, ні юдэя. Сучасная Эўропа пачалася, відавочна, зь перамогі грэкаў над пэрсамі ў 480 г. да Н.Х. Інакш сёньня над нашымі храмамі ўзвышаліся б не крыжы, а паўмесяцы.

Інтэграцыя ў Беларусь ці паглынаньне беларусаў

Гістарычныя апалягеты «расейскага праекту» і сёньняшнія расейскія патрыёты, як і носьбіты сучаснага мусульманства, паводзяць сябе інакш. Тут гаворка не пра растварэньне і ўзаемнае ўзбагачэньне, а пра паглынаньне праз стварэньне паралельных супольнасьцяў. Значная частка жыхароў нашай краіны жыве ў паралельным «расейскім грамадзтве»: інфармацыйная прастора, царква, культура, асацыяцыі, звычкі, бізнэс. Грамадзтва падзяляецца. Падзел паглыбляецца.

Нямеччына падыходзіць да падобнай мяжы. Вось што напісала нядаўна дэпутатка Бундэстагу турэцкага паходжаньня Ляле Акгюн (нар. у 1953 г. у Стамбуле, грамадзянка ФРН з 1981 г.): «Мы павінны пераадолець анахраністычны стэрэатып, што… грамадзтва трымаецца на традыцыі, сфармаванай стагодзьдзямі праз супольную рэлігію і адзіную нацыянальную мову. Трэба прызнаць кансэрватыўным і састарэлым уяўленьне, што імігранты-нехрысьціяне павінны прыстасоўвацца да хрысьціянскіх каранёў. У такім аднародным грамадзтве мусульманскім імігрантам няма месца паводле іхнай прыроды. Карціна грамадзтва, дзе мусульманская меншасьць павінна прыладжвацца пад нямецкую большасьць, састарэла… Нам патрэбна этнічна разнароднае і рэлігійна плюралістычнае грамадзтва, у аснове калектыўнай ідэнтыфікацыі якога не павінна быць так званай народна-нацыянальнай асновы. У цэнтры такой канструкцыі павінен стаяць канстытуцыйны патрыятызм…» (Die Zeit. 16.02.2006).

Формула патрыятызму

Нямеччына трошкі запазьнілася ў параўнаньні з суседзямі, але ўсё ж адносна своечасова сфармавалася як нацыянальная дзяржава, дзе з 1871 да 1961 г. доля іншаэтнічнага насельніцтва вагалася ўсяго ад 0,5 да 1,2%. Аднак пасьля 1945 г. плян Маршала, эканамічны бум, масавая іміграцыя пачатку 1960-х, лібэралізм росквіту, самазьніштажальнае пераадоленьне віны за нацыянал-сацыялізм размылі нацыю колькасна і якасна. Яна стала закладніцай уласнай дэмакратыі і «постнацыянальнага» Эўразьвязу. Дэголеўскі лёзунг «Эўропы радзімаў» паціху згас. Па стане на 2003 г. у Люксэмбургу было, напрыклад, больш за 35% жыхароў, што не лічылі сябе за «люцэбургер фолек». Немцы шукаюць фармулёўку патрыятызму: нямецкі, хрысьціянска-эўрапейскі ці нейкі непрадказальны канстытуцыйны патрыятызм, дзе нехта абавязкова будзе, а некага можа і ня быць?

Ці вытрывае пазытыўная талерантная антрапалёгія супраць больш пасіянарнай партыкулярнай дактрыны з элемэнтамі мэсіянства? Назіраючы за немцамі, будзем думаць пра сябе.

Пётра Садоўскі – пасол Беларусі ў Нямеччыне (1992–1994), дэпутат ВС 12-га скліканьня, германіст.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0