Генеральная пракуратура Літвы вырашыла звярнуцца да Швецыі з просьбай пераняць крымінальны пераслед у сувязі з незаконным перасячэннем мяжы,
калі шведскія актывісты 4 ліпеня на маленькім самалёце прыляцелі з Літвы ў паветраную прастору Беларусі і скінулі сотні плюшавых мішак з лозунгамі да свабоды слова, піша Delfi са спасылкай на BNS.
У распаўсюджаным у сераду паведамленні пракуратура адзначае, што ў Літве праведзены ўсе магчымыя дзеянні ў рамках крымінальнага працэсу, а далейшы крымінальны пераслед магчымы толькі ў Швецыі.

Літоўскія пракуроры прызналі падазраванымі двух чалавек. Прэс-сакратар пракуратуры Рыта Стундзене сказала BNS, што падазраваныя з’яўляюцца жыхарамі Швецыі, аднак іх грамадзянства не называецца.

Паводле звестак Генпракуратуры, у выніку расследавання ўстаноўлена, што 4 ліпеня лёгкі самалёт Jodel са шведскім рэгістрацыйным нумарам, парушыўшы лётныя правілы, без неабходных дакументаў і дазволу перасёк мяжу з Беларуссю [дзе над Івянцом і Мінскам былі раскідаваныя плюшавыя мядзведзікі з заклікам да свабоды слова], а потым вярнуўся ў Літву.

Гэтая просьба Генпракуратуры разам з матэрыяламі справы перадаецца літоўскаму Міністэрству юстыцыі, якое, згодна з прадугледжанай міжнароднай дамовай, будзе пасярэднічаць у перасылцы і далейшым разглядзе справы ў Швецыі.

Аляксандр Лукашэнка не раз заклікаў Літву расследаваць тое, што здарылася. Закрануў ён тэму «плюшавага дэсанту» і ўчора, падчас прэс-канферэнцыі,
заявіўшы, у тым ліку, што «калі яны будуць засылаць самалёцікі на нашу тэрыторыю, мы будзем толькі больш жорстка ахоўваць дзяржаўную мяжу. Я, як прэзідэнт, нясу за гэта адказнасць і буду рабіць усё, каб забяспечыць бяспеку нашай мяжы. Тым больш я — стары памежнік і ведаю, што гэта такое».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0