20 ліпеня спаўняецца 26 гадоў лідэру «Маладога фронту» палітвязьню Зьмітру Дашкевічу. Сёньня яго плянуюць павіншаваць ля брамаў шклоўскай калёніі ўдзельнікі аўтапрабегу салідарнасьці з актывістамі незарэгістраванага «Маладога фронту». Нягледзячы на перашкоды з боку міліцыі і КДБ акцыя салідарнасьці з маладафронтаўцамі працягваецца.

Учора міліцыя затрымала ўдзельнікаў аўтапрабегу. Усе чатыры аўтамабілі, якія ўдзельнічалі ў прабегу, былі спыненыя на Берасьцейскай шашы недалёка ад Менску, а пазьней затрыманыя ў міліцыі Дзяржынску. Нягледзячы на гэта, акцыя салідарнасьці па маршруце Баранавічы — Нясьвіж — Салігорск —Магілёў — Шклоў працягваецца — яе ўдзельнікі перамяшчаюцца іншымі транспартнымі сродкамі.

14 удзельнікаў акцыі паехалі цягніком у Баранавічы, а кіроўцы аўтамабіляў і былы палітвязень Павал Севярынец засталіся ў Дзяржынску.

Супрацоўнікі мясцовай міліцыі на некалькіх машынах сачылі за кожным з удзельнікаў аўтапрабегу ўчора ўвечары. Павал Севярынец здолеў «адарвацца» ад іх, але патрульныя машыны ехалі за прэсавым сакратаром «Маладога фронту» Барысам Гарэцкім і карэспандэнткай Радыё Свабода. У выніку яны былі вымушаныя ехаць на вакзал на міліцэйскай машыне. На станцыі «Койданава», большасьць людзей каля будынку вакзала былі супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным

Удзельнікі акцыі прыехалі ў Баранавічы цягніком, адтуль, як і плянавалася, яны выехалі ў Салігорск і а 5 гадзіне раніцы яшчэ знаходзіліся там. Да іх далучыліся яшчэ некалькі чалавек.

Актывісты вырашылі, што ў любым выпадку акцыя завершыцца менавіта ў Шклове каля калёніі, дзе адбывае пакараньне лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Удзельнікі аўтапрабегу павіншуюць Зьмітра сыгналамі аўтамабіляў. Яны будуць імкнуцца перадаць хлопцу торт і будуць патрабаваць, каб кіраўніцтва калёніі дазволіла яму спатканьне з бацькамі.

Любоў Лунёва, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0