Калі ў жыцці не стае нечага сапраўднага, з’яўляюцца падробкі пад сапраўднае. Эрзацы. Такой падробкай, эрзацам сапраўднага палітычнага жыцця з’яўляюцца палітычныя шоў Лукашэнкі пад назваю «Прэс-канферэнцыя для беларускіх і замежных журналістаў».

Падчас такога шоу 15 студзеня на пытанне Польскага агенцтва друку пра магчымы фінансавы крызіс і чарговую дэвальвацыю беларускага рубля, Лукашэнка заявіў, што гэтага не будзе. «Не случилось 1 января, поэтому пошли на провокации, и провокации не помогли, не случится и сейчас, не случится». І выказаў вялікае здзіўленне праз тое, што попыт на валюту не падае. Асабліва яго ўразілі «валютчыкі»-пенсіянеры. «Вроде бы для народа что-то делаем хорошее, а народ всегда ж тоже смотрит, чтобы в своем кармане ничего не потерять, он же государственными масштабами, государственными проблемами не мыслит так, как в правительстве это полагается… Кстати, задача была поставлена месяц назад: дайте мне данные о людях, которые приходят в обменники и покупают валюту, вот я просто хочу знать, потому что основная масса денег не у обычных людей. У обычных людей задача накормить семью, в магазин сходить, купить, мне так казалось, а средние, богатые люди, эти в основном обладают деньгами, покупают в обменниках эту валюту. Журналисты, к примеру, и так далее. Когда промониторили эту ситуацию, аккуратно, по-человечески приходим в очередь, сотни людей были задействованы — в основном пенсионеры 10 долларов, 5 долларов покупают. Я тогда начинаю думать: вот нагнетают, нагнетают ситуацию. 500 долларов еще там кому-то заплатить, помочь — для чего? Для того, чтобы пойти в обменный пункт, купить валюту и создать на рынке напряженность? Вот у меня складывается уже такое впечатление…»

У 2011 годзе, калі курс долара вырас з 3000 да 8500 беларускіх рублёў, у Лукашэнкі таксама складвалася «впечатление», што ў гэтым вінаваты народ, які да ўсяго… сам жа ў тым «прызнаўся». Напрыканцы мая 2011 года падчас нарады «Па сітуацыі на спажывецкім і валютным рынках» Лукашэнка казаў: «На вопрос, кто виноват в ухудшении вашей жизни, — наибольшее число граждан, примерно 25 процентов, ответило: виноваты мы сами».

Што стала вынікам гэтай «віны народа»? Вынікам стала інфляцыя, якая склала 118%, дэфіцыт тавараў і рост коштаў, якія на прадукты ўзраслі на 125%, на прамысловыя тавары — на 112%. Вынікам стала наўпроставае рабаванне простых людзей, у якіх забралі апошняе. І як Лукашэнка «асэнсоўваў» сітуацыю, «разбіраўся» у ёй?.. «Я позвал ответственных людей и спрашиваю: „Слушайте, у нас водка в магазинах есть?“ — „Есть“. — „Ажиотажа нет?“ — „Нет“. — „Так зачем тогда уксус скупают?“ Я уже грешным делом подумал: начали уксус пить от расстройства…»

У 2011 годзе Лукашэнка «позвал ответственных людей» (гэбэшнікаў) і спытаў, ці ёсць гарэлка ў крамах? У 2013 годзе «аккуратно, по-человечески» паставіў тых жа «ответственных людей» у чэргі па валюту — «сотни людей были задействованы». І вось як пасля гэтых «даследванняў» кіраўнік краіны асэнсоўвае сітуацыю, вось якую робіць выснову: «Если бы цены в магазинах были бы еще выше, то денег бы не хватило на валюту, все бы думали, как ЖКХ заплатить. Придерживаем где-то цены, значит, у людей есть деньги… Я никогда не думал, что пенсионеры ходят в обменники, обычные, простые люди покупают эти 5, 10, или сколько там долларов. Оказывается, это так и это есть…»

Як зрабіць, каб гэтага не было? А забраць у народа «лішнія» грошы, за якія купляецца валюта! Падняць кошты на ЖКХ, на прадукты, на прамысловыя тавары — і яшчэ моцна падумаць («500 долларов еще там кому-то заплатить, помочь — для чего?»), ці варты гэты народ 500-доларавай сярэдняй зарплаты…

Выглядае на тое, што кіраўнік краіны не зразумеў: для чаго, на што пенсіянеры збіраюць валюту? Дык мой сусед-пенсіянер, які штомесяц купляе некалькі долараў, можа гэта патлумачыць. Ён кажа: «Раней збіраў на жыццё, цяпер — на смерць».

На смерць купляюць долары. На пахаванне іх збіраюць. Не аднойчы ўжо абрабаваныя, людзі не вераць, што іх не абрабуюць яшчэ раз. Што рублі не стануць такімі паперкамі, за якія не тое што труну — папяровыя кветкі не купіш.

Вось гэтакі не «рэйтынгавы», а рэальны давер народа да ўлады, да кіраўніка краіны, які сцвярджае, што, як быў і ёсць, гэтак і будзе прэзідэнтам, бо народ яго выбірае і будзе выбіраць. Нікуды не дзенецца, хіба што сканае і будзе пахаваны, як у старым савецкім анекдоце, «у цэлафанавых мяшках, стоячы, па пояс і ўзяўшыся за рукі». Стоячы ў мяшках, каб не купляць труну, па пояс, каб не ставіць помнік, а ўзяўшыся за рукі, каб абыйсціся без агароджы вакол магілы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?