Дзевяць гадоў таму пісьменніца бліскуча дэбютавала кнігай «Каменданцкі час для ластавак». Брава прызнавалася, што аповесць «заснаваная на рэальным жыццёвым досведзе».

Беларуска Алена была замужам за кубінцам, жыла на радзіме мужа, і там адчула ўсе радасці «вострава свабоды». Антытаталітарная кніга хутка знайшла водгук: Алесь Аркуш узнагародзіў аўтарку прэміяй «Гліняны Вялес».

Брава — не гераіня мінскай тусоўкі. Яна не з’яўляецца на прэзентацыях, адмаўляецца ад інтэрв’ю.

Брава, як і аўтар культавага «Любіць ноч — права пацукоў» Юры Станкевіч, жыве ў Барысаве. Працуе намеснікам галоўнага рэдактара мясцовай «раёнкі», уваходзіць у афіцыйны пісьменніцкі саюз.

«Цела як аб’ект мяне ўвогуле мала хвалюе, у адрозненне ад душы, якую з панядзелка па пятніцу гвалтуюць усімі магчымымі спосабамі… Сёння субота, якой я чакала тыдзень, напоўнены абрыдлай працай, крамамі, паліклінікамі, жыццём-прыбіраннем» («Крупнік для Музы»).

Калі пабачыў, што ў кнізе не толькі раман «Менада і яе сатыры», але з паўтузіна іншых твораў, падумалася: эканомія. Прыходзіцца збіраць пад адной вокладкай усё напісанае, бо іншай магчымасці выдацца можа і не быць. Прачытаўшы ж, зразумеў, што ўсё тут дарэчы і да месца, ніводнага выпадковага апавядання няма.

Свет Алены Бравы змрочны. У кнізе нельга знайсці сюжэтаў для Галівуда ў стылі «жылі яны доўга і шчасліва і памерлі ў адзін дзень».
Затое ёсць жорсткі свет беларускай правінцыі, дзе «кожны дзень і нават год настолькі падобныя адзін да аднаго, што ў абарыгенаў узнікае адчуванне вязкага сну, выкараскацца з якога можна, толькі праскочыўшы ў іншы сон, — пры дапамозе алкаголю, тэлебачання альбо рамантычнага кахання».

Гераіня «Менады і яе сатыраў» Юля выбірае трэці шлях. Але простага кахання шараговага інжынера ёй мала. Яна прызначае сваім «каханнем» мужчын. Прычым ёй няважная ўзаемнасць, яна чакае пакут. Як гераіня Цвейгавага «Ліста незнаёмкі» — «маніфест дурнічак».

Вакол Юлі ўзнікае мноства «сатыраў». Пузатых, пярхатых, тупых. Яны «не ўмеюць гуляць іншымі цацкамі, апроч сваіх геніталій».
Зрэшты, цела для Юлі не ёсць каштоўнасцю. Яна з радасцю аддае яго ва ўласнасць кожнаму свайму «каханню». Калі адносіны захо-дзяць далёка, яна сама шукае спосаб іх абарваць. Бо важная не мэта, як у іншых жанчын (шлюб, дзеці, аднапакаёвы рай), а сам працэс кахання.

Увогуле, мужчыны ў кнізе — героі другасныя. Не трэба запамінаць іх імёны, можна запомніць па цялесных ці разумовых дэфектах. Нічога, апроч агіды, яны не выклікаюць. Але мужчыны — пераможцы. Яны могуць выбіраць сабе любую жанчыну з правінцыйнага горада. Ясна, што, маючы такі выбар, яны не спыняюцца на адной.

Нават нешматлікія светлыя вобразы «дзядулі і бабулі» («Рай даўно перанаселены») разбіваюцца. Дзядуля цягам многіх гадоў здраджваў жонцы, а тая баялася скандаліць, каб не сышоў. Толькі калі старога разбіў інфаркт, яна адважылася сказаць усё, скарачаючы і сабе, і яму жыццё.

Гераіні Бравы — развядзёнкі, кінутыя, удовы, адзінокія. Колькі б яны ні вылузваліся, а простага бабскага шчасця не дастаць.
Нават калі з’ехаць у Германію («Дараванне»). Ды што Германія, не будзе нават на тым свеце, бо ўсім жа вядома, што «рай даўно перанаселены».

Кажуць, што Брава піша па класічнай феміністычнай схеме: «бабуля — маці — дачка». Ніводная з гераінь не можа пахваліцца выдатнымі адносінамі з маці. Тыя зайздросцяць маладосці сваіх дачок, радуюцца іх няўдачам. Браву нават вінавацілі ў тым, што яна «пазычыла» свае сюжэты ў нобелеўскай лаўрэаткі аўстрыйкі Эльфрыды Елінэк, з яе «Піяністкай».

Так, Елінэк піша пра пачварную сувязь 36-гадовай выкладчыцы музыкі Эрыкі з яе састарэлай маці фрау Кохут. Але Елінэк акцэнтуе ўвагу на гэтых дэманах праз іх анамальнасць і ненармальнасць. У Бравы наадварот. Незвычайнай была б сітуацыя, калі ў сям’і ўсё добра.

Чытаць Браву нагбом цяжка, хутчэй маленькімі глыткамі, каб мець час перажыць, абдумаць, адысці.
Тэксты ствараюцца не дзеля галачкі, выношваюцца доўгі час.

Кніга «Рай даўно перанаселены» трапіла ў лонг-ліст сёлетняй прэміі імя Гедройца. Па справе.

***

    У лонг-ліст прэміі імя Гедройца трапілі наступныя кнігі: Сяргей Балахонаў «Зямля пад крыламі Фенікса». Альгерд Бахарэвіч «Гамбургскі рахунак Бахарэвіча». Алена Брава «Рай даўно перанаселены». Адам Глобус «Сказы». Паліна Качаткова «Матылі». Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». Андрэй Пакроўскі «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза». Алесь Пашкевіч «Сімъ Победиши». Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша. Вырвіча, шкаляра і шпега». Юры Станкевіч «Шал». Уладзімір Сцяпан «Адна капейка». Андрэй Федарэнка «Ланцуг».

***

    Літаратурная прэмія Гедройца заснаваная ў 2011 амбасадай Польшчы ў Беларусі, Польскім Інстытутам у Мінску, Беларускім ПЭН-Цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Яе памер складае 105 мільёнаў рублёў. Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу па-беларуску ў жанрах «мастацкая проза», «эсэістыка». Ушанаванне пераможцаў адбываецца 3 сакавіка, у Міжнародны дзень пісьменніка. Сярод узнагародаў — магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?