Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей правёў 18 студзеня ў Мінску рабочую сустрэчу з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза, Ватыкана, ЗША і Швейцарыі.
Як паведамляе прэс-служба МЗС, падчас гутаркі «абмеркавана шырокае кола пытанняў аб стане і перспектывах развіцця беларуска-еўрапейскіх адносін у шматбаковым і двухбаковым фарматах».

Таксама сёння ў беларускай сталіцы прайшлі кансультацыі паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Літвы па праблематыцы «Усходняга партнёрства».

З літоўскага боку ў іх удзельнічалі дырэктар дэпартамента Усходняга суседства Эдмінас Багдонас (былы пасол Літвы ў Беларусі) і пасол па асаблівых даручэннях Вайдотас Вярба.

«Падчас кансультацый бакі абмеркавалі пытанні развіцця сумеснай ініцыятывы Еўрапейскага саюза і краін — суседзяў ЕС „Усходняе партнёрства“, уключаючы падрыхтоўку да віленскага саміту УП у лістападзе 2013 года ў кантэксце будучага старшынства Літвы ў Еўрапейскім саюзе», — паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Нагадаем, дарадца прэзідэнта Літвы па замежных справах Ёвіта Нелюпшэне сёння заявіла журналістам у Вільні, што на саміт Усходняга партнёрства ў літоўскую сталіцу прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ЕС, літоўскі бок запрашаць не мае намеру.

***

Кантакты кіраўніка МЗС з прадстаўнікамі Еўропы актывізаваліся ў мінулым месяцы.
Так, 17 снежня кіраўнік беларускай дыпламатыі прыняў дырэктара дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунара Віганда, які знаходзіўся ў краіне з візітам. Як паведамляла прэс-служба МЗС, «бакі абмеркавалі комплекс пытанняў, якія закранаюць сённяшні стан адносін паміж Беларуссю і ЕС і шляхі іх нармалізацыі».

У гэты ж дзень Уладзімір Макей правёў тэлефонную размову з кіраўніком МЗС Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам, з якім абмеркаваў «тэматыку адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам і шляхі іх нармалізацыі».

Праз некалькі дзён Макей па чарзе праводзіць сустрэчы з пасламі Фінляндыі, Эстоніі і Вялікабрытаніі.

14–15 студзеня ў Мінску з візітам знаходзілася дэлегацыя Рады Еўропы на чале з кіраўніком кабінета генеральнага сакратара СЕ Б’ёрнам Берге, з якім Уладзімір Макей абмяркоўвае «магчымыя сферы супрацоўніцтва паміж Беларуссю і СЕ ў 2013 годзе», паведаміла прэс-служба МЗС.

Як лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч, Мінск і Брусель вядуць перамовы, якія маглі б прывесці да вызвалення палітзняволеных у абмен на нейкі захад насустрач Беларусі з боку ЕС.

«Асабліва вострай неабходнасці для вызвалення палітычных зняволеных у беларускіх улад няма, — адзначыў Карбалевіч у інтэрв’ю БелаПАН. — Але ў прынцыпе нармалізаваць адносіны з ЕС было б нядрэнна. На вялікую ўступку Лукашэнка наўрад ці пойдзе, але зрабіць нейкі крок, каб даць магчымасць Еўрасаюзу зрабіць і свой крок насустрач, улады могуць».

Як нагадаў эксперт, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мору ў адным з інтэрв’ю заяўляла, што выключыць са спісу неўязных у ЕС міністра Макея наогул магчыма, але для гэтага патрэбен крок насустрач з боку Беларусі. Паводле меркавання Карбалевіча, вызваленне палітзняволеных магло б садзейнічаць таму, каб Макей быў хоць бы часова выключаны са спісу неўязных.

16 студзеня стала вядома, што экс-кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу, які адбывае пакаранне ў магілёўскай турме, пасля паўгадавога перапынку зноў прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?