Рашэннем Мінскага абласнога Савета дэпутатаў званне ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці прысвоена Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, паслу Беларусі ў Літве і Фінляндыі па сумяшчальніцтву Уладзіміру Дражыну, народнаму артысту Беларусі, мастацкаму кіраўніку і галоўнаму дырыжору Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча Міхаілу Казінцу. Сёння ў Палацы культуры Маладзечна адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 75-годдзю ўтварэння Мінскай вобласці.

Звання «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці» ўдастоены людзі, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё сталічнага рэгіёну і ўсёй рэспублікі — дзяржаўныя дзеячы, прадстаўнікі індустрыі, тыя, хто рушыць наперад навуку, мастацтва і культуру, задае духоўныя і грамадзянскія арыенціры сучаснасці.

Мітрапаліт Філарэт у відэазвароце да прысутных на ўрачыстым сходзе выказаў упэўненасць, што дабрабыт жыхароў Мінскай вобласці з кожным годам будзе ўзрастаць. «Аднак у барацьбе за эканамічныя і культурныя паказчыкі мы не павінны забываць аб духоўным баку нашага жыцця. Спадзяюся, што супрацоўніцтва царквы і кіраўніцтва Мінскай вобласці знойдзе свой працяг у сумесных сацыяльных мерапрыемствах — у сферы маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі, у акцыях у падтрымку сям’і», — сказаў ён.

Уладзімір Дражын шмат часу аддаў развіццю сталічнага рэгіёну, курыраваў сацыяльныя пытанні ва ўрадзе, цяпер уносіць значны ўклад у стварэнне станоўчага іміджу Беларусі на дыпламатычнай ніве. Ён выказаў удзячнасць за прысваенне звання і сказаў: «Работа ў сталічным рэгіёне дала магчымасць мне атрымаць важкі вопыт у сістэме дзяржаўнага кіравання. Віншую Міншчыну з юбілеем і жадаю прадаўжэння развіцця яе патэнцыялу — кадравага, прамысловага, аграрнага, сацыяльнай сферы».

Міхаіл Казінец на цырымоніі прысваення звання падкрэсліў: «75 гадоў — гэта нішто для гісторыі, але за гэты час Мінская вобласць дасягнула небывалых вышынь ва ўсіх сферах дзейнасці. Важна заўсёды заставацца патрыётам сваёй краіны і малой радзімы. Я і далей буду рабіць усё, што ад мяне залежыць для развіцця нацыянальнай культуры».

15 студзеня 1938 года першая сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла пастанову аб змяненні і дапаўненні артыкулаў Канстытуцыі СССР «Аб увядзеннi ў БССР абласнога адміністрацыйнага падзелу», згодна з якім была ўтворана Мінская вобласць.-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?