Памятаеце стары непаліткарэктны анэкдот пра жыхара адной суседняй краіны, які абураецца, што маскалі ягонае роднае "пыво" абзываюць "півом"? Зараз скажу, чаму гэта круціцца ў мяне ў галаве.

А пакуль што — маленькі тэст. Адгадайце, чые гэта словы (цытую ў арыгінале, на наркамаўцы): "Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь прапануе прыняць "Правiлы беларускай арфаграфii i пунктуацыi" ў выглядзе закона. Але наколькi абгрунтаваны выбар менавiта такой формы, бо яна ж выбiраецца толькi ў тым выпадку, калi адпаведныя адносiны нельга рэгламентаваць iншымi нарматыўнымi прававымi актамi?.. Раней падобныя дакументы зацвярджалiся не парламентам у форме закона, а пастановамi Савета Мiнiстраў. Мы таксама схiляемся да апошняга, таму што пастанова Саўмiна — больш гiбкi i аператыўны дакумент. Калi ў ёй выяўляецца нейкая недарэчная памылка, цi на практыцы не спрацоўвае нейкi артыкул, то ўнесцi змяненнi ў пастанову значна прасцей i хутчэй, чым у закон. Прачытаўшы ж праект Правiл, якi прайшоў ужо многа iнстанцый, мы, не навукоўцы, знайшлi ў iм шэраг нестыковак i супярэчнасцяў i нават звычайных граматычных памылак. А колькi iх мы прапусцiлi?...I што будзе, калi незаўважаныя памылкi замацуюцца законам?.. Нават жудасна ўявiць. Страшэнны сорам будзе перад продкамi, сучаснiкамi i нашчадкамi за здзек над мовай".

Ніколі не здагадаецеся. Гэта зь інтэрвію, што даў "Звяздзе" ў траўні — нейкіх пару месяцаў таму! — Уладзімер Здановіч, старшыня парлямэнцкай камісіі ў пытаньнях адукацыі. Гэтую ж думку ён выказаў тады і карэспандэнтцы БЕЛТА: маўляў, каб не перагнуць кій, лепей аформіць новыя правілы пастановай!

Але потым пазыцыя рэзка зьмянілася. Нядаўна камісія рэкамэндавала праект на восеньскую сэсію. Прычым зараз дэпутаты даводзяць: патрэбен менавіта закон. Іначай, маўляў, праблематычна паставіць на месца тых, хто зьдзекуецца з мовы (чытай: ужывае нэаклясычны правапіс).

Што ж прымусіла (ці хто прымусіў) адкінуць цалкам слушныя сумневы? Каму так закарцела займець менавіта заканадаўчы дручок супраць ладнай часткі сьвядомай беларускамоўнай публікі? Заўважце: намеры парлямэнтароў абурылі і тых наведнікаў сайту "НН", што ня лічаць сябе адэптамі тарашкевіцы. Абурае менавіта падыход, гэты сьверб адміністраваньня ў далікатнай сфэры.

Кладучы руку на сэрца, у мяне вялікія сумневы, што гэта накідаецца з самага верху. Там стае зараз іншых праблемаў. Так ці іначай, артаграфічнае дубаломства толькі абвострыць канфрантацыю ў грамадзтве. Канешне, філёлягі-нэаклясыкі ня стануць будаваць барыкады:) Але прорва між уладай і нацыянальна сьвядомай інтэлігенцыяй (тэрмін умоўны) толькі паглыбіцца. Так і не магу, калі шчыра, да канца ўцяміць: ну нашто гэта ўладзе?

Анэкдот жа пра "пыво" ды "піво" згадваецца, калі чытаю выказваньні прамоўтэраў новага артаграфічнага закону. Ім, бач, спаць не дае тое, што "парламент" хтосьці дазваляе сабе называць "парлямэнтам".

Гэта ці не адзіны артыкуляваны прадстаўнікамі ўлады прыклад таго "зьдзеку з мовы", дзеля спыненьня якога, маўляў, і варта прыняць строгі закон.

Тое, што іхні парламент ня цягне на ролю паўнавартаснага заканадаўчага органа з прычыны сваёй кішэннасьці, слугаў народу, заўважце, ня торгае. Зрэшты, на гэту тэму толькі заікніся — мала ня здасца! Сказана ж вуснамі галоўнага начальніка на "разборы палётаў" у КГБ: іншых цэнтраў сілы не пацярплю!

Так што парлямэнтары будуць адважна ваяваць зь ценем забітага сталінскай сыстэмай Тарашкевіча. Ды яшчэ — во дажыліся! — пад прыкрыцьцём імёнаў Купалы і Коласа: маўляў, сымбалічна будзе ўпарадкаваць правапіс менавіта ў год юбілею песьняроў!

Песьняры, чые лепшыя творы пабачылі сьвет менавіта на тарашкевіцы, ад такой згадкі, мусіць, у трунах перавярнуліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?