Сёньня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з чатырма амэрыканскімі дасьледнікамі: Гленам Говардам — прэзідэнтам Джэймстаўнскага Фонду, Уладам Сокарам з гэтага ж Фонду, Янушам Бугайскім з Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследаванняў і Грыгорыем Ёфе, прафесарам Рэдфардскага ўніверсітэта.

Гутарка цягнулася дзве гадзіны, пасля яе прафэсар Ёфе распавёў радыё "Свабода" пра яе змест.

Ёфэ: Асноўным месіджам Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы было тое, што Беларусь вельмі хоча ўраўнаважыць сваю замежную палітыку, яна вельмі хоча мець нармальныя адносіны з ЗША, хоча, каб да яе ставіліся з павагай, як да незалежнай дзяржавы, яна не збіраецца ні з кім сябраваць ні супраць Расеі, ні супраць Амерыкі, што санкцыі абсурдныя і гэта шмат хто пачынае разумець. Паводле прэзідэнта Беларусі раней ці пазней дзверы на Захад адкрыюцца, але хацелася б, каб гэта было хутчэй, паколькі без толку страчаны час. Задаваліся канкрэтныя пытанні, я спытаў пра сітуацыю на дзвюх кандытарскіх фабрыках.

Паводле прэзідэнта гэта было проста павелічэнне долі дзяржавы ва ўмовах, калі прадпрымальнік Новікаў дыскрымінаваў беларускіх спажыўцоў, прадаючы беларускую прадукцыю на замежных рынках, у тым ліку і ў Расеі, і жадаючы перавесці беларускіх спажыўцоў з высокаякаснага шакаладу на карамель. Цярпенне скончылася, ён сам не з'явіўся на нарадзе, дзе павінен быў патлумачыць сваю палітыку прэзідэнту.

Што тычыцца загаду № 9 наконт сітуацыі ў дрэваапрацоўчай галіне, то паводле кіраўніка Беларусі гэта вымушаная мера, толькі на паўгода, на час рэканструкцыі, каб гэтыя прадпрыемствы сталі такімі, якіх няма нават на Захадзе, і хутка ўсё гэта будзе.

РС: А ці была размова пра тыя праблемы, якія і ствараюць напружанасьць у двухбаковых стасунках? Я маю на ўвазе найперш праблему палітвязняў.

Ёфэ: Лукашэнка сказаў, што не лічыць гэтых людзей палітвязнямі. Ён неаднаразова паўтараў сваю вядомую тэзу пра тое, што ў любой заходняй дзяржаве, калі б была зробленая атака на ўрадавы будынак, падобная той, якая была ў Мінску 19 снежня 2010 года, то былі б ужытыя значна больш жорсткія меры. А ў Беларусі не ўжываўся ні слезацечны газ, ні дубінкі. Я спытаў яго пра артыкул Вячаслава Оргіша ў «Советской Белоруссии» наконт вырошчвання канструктыўнай апазіцыі замест «пятай калоны». Ён сказаў, што мы самі гэтае пытанне падштурхоўваць не будзем, пакуль няма попыту з боку беларускага грамадства. А будзе попыт — «мы з задавальненнем».

РС: А ці казаў Лукашэнка што-небудзь наконт стасункаў Беларусі і Расеі?

Ёфэ: Ён казаў пра супярэчлівасць гэтых адносінаў. З аднаго боку, ён паўтарыў сваю тэзу, што «мы адзіны народ», што гэтая палітыка супрацоўніцтва для нас самая важная, што ў нас не было іншага выйсця, акрамя як пагаджацца на шчыльную інтэграцыю і на той энергетычны грант, які хаця б часова Беларусь атрымала. З іншага боку, ён казаў пра тое, што хцівыя расейскія алігархі хацелі б прыбраць тут усё сабе. Лукашэнка казаў пра тое, што Расея змяніла сваю пазіцыю, змяніла сваё імперскае мысленне, але, маўляў, мы ўвесь час напагатове, увесь час імкнёмся адстойваць сваю незалежнасць. Ён прыгадаў «сілавую спробу ўвядзення адзінай валюты», якая была адбітая. Лукашэнка стварыў ўяўленне, што больш спрыяльнае стаўленне Расеі да Беларусі стала следствам беларускіх высілкаў па адстойванні сваёй незалежнасці.

РС: А якія пытанні задавалі іншыя ўдзельнікі сустрэчы?

Ёфэ: Там былі не столькі пытанні, колькі выступы. Глен Говард казаў, што беларускія ўлады павінны навучыцца піяру, каб адбіваць у заходнім друку бессэнсоўныя і часта беспадстаўныя паведамленні, якія маюць варожы характар адносна Беларусі і не прадыктаваныя нічыімі нацыянальнымі інтарэсамі. Паводле прэзідэнта Джэймстаўнскага Фонду, цяпер інфармацыя пра Беларусь у заходніх мэдыях даецца вельмі тэндэнцыйна. Пазіцыя гэтага даследнага цэнтру палягае якраз у тым, каб супрацьпаставіць тэндэнцыйнай інфармацыі інфармацыю больш узважаную.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?