У Мінску, у Доме Смутку на вуліцы Куляшова, прайшло развітанне з вядомым гісторыкам, археолагам і грамадскім дзечам Міхасём Чарняўскім, які памёр у нядзелю 20 студзеня на 75-м годзе жыцця.

Развітацца прыйшлі больш за 150 чалавек, і ў рытуальнай зале было цесна. Людзі неслі жывыя кветкі. Прыйшлі навукоўцы Анатоль Сідарэвіч, Арсень Ліс, Эдвард Зайкоўскі, Валянцін Голубеў, грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка, генерал Валер Фралоў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, мастак Уладзімір Крукоўскі, археолаг Мікола Крывальцэвіч, гісторык Алесь Пашкевіч, моладзевы грамадскі актывіст Зміцер Хведарук, прыйшло шмат моладзі, студэнтаў, былых студэнтаў Чарняўскага.

Людзі працягваюць ісці групкамі па 5–7 чалавек.

Людзі не тоўпяцца ля труны, выходзяць у калідорчык.

Ля труны сядзіць жонка Чарняўскага, дачка, сын, пляменнік — Ігар Чарняўскі. Да вечка прымацаваны бел-чырвона-белы сцяг. Прыбыў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Сп. Чарняўскага адпяваюць менавіта як Міхася, а не Міхаіла.

У сваёй развітальнай прамове а. Сяргей Гаек назваў жыццё Міхася Чарняўскага пакутніцкім, няпростым, сказаўшы, што яго цела будзе аддадзена беларускай зямлі, якую ён вельмі любіў.
Сяргей Гаек назваў Міхася Чарняўскага волатам духу.

Адпяванне скончылася, людзі пачалі развітанне. Адзін з ветэранаў дэмакратычнага руху Мікалай Лавіцкі прынёс адзін з першых сцягоў сацыял-дэмакратаў. Гэта бел-чырвона-белы сцяг з чорнай стужкай.

Сп. Лавіцкі сказаў, што жыццё М. Чарняўскага было як пошуг маланкі.

Гучыць дуда, Зміцер Сасноўскі грае жалобныя мелодыі.

Выступілі землякі Міхася Чарняўскага — мастак Васіль Шаранговіч і доктар фізіка-матэматычных навук Міхась Малько. Яны сказалі, што сп. Чарняўскі быў палітычна сфармаваным чалавекам яшчэ са школы, і ў наступныя гады яго погляды на Беларусь мала змяніліся.

Выступіў гісторык Валянцін Голубеў. Ён зазначыў, што Міхась Чарняўскі пакідае па сабе не толькі багатую творчую спадчыну, але і выдатную беларускую сям’ю, якую многія ведаюць.

Развітацца з гісторыкам і грамадскім дзеячам прыйшлі вядомыя людзі: экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч з жонкай Інай Кулей, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 г., пісьменнік Уладзімір Някляеў.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў заўважыў, што Міхась Чарняўскі памёр у час, калі адзначаецца юбілей Паўстання Каліноўскага (150 гадоў). «Каліноўскі быў прыкладам для Міхася Чарняўскага, ён ім натхняўся», — сказаў А. Трусаў.

«Некалі М. Чарняўскі сказаў: «Уяві, што было б, каб Каліноўскі уцёк у Парыж, як многія», — сказаў А. Трусаў.

Арсень Ліс зазначыў, што Міхась Чарняўскі расстройваўся і нават распяцёрваўся, калі глядзеў на сітуацыю ў Беларусі.

«Да беларушчыны яшчэ рабіць і рабіць, араць і араць», — прывёў словы памерлага Арсень Ліс.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў выказаў асабістую падзяку Міхасю Міхайлавічу, які шмат дапамагаў яму ў студэнцкія гады. «Дапамагаў сп. Чарняўскі і ў апошнія месяцы, у прыватнасці, кансультаваў падчас працы над кнігай «Краіна Беларусь», — сказаў У. Арлоў.

Уладзімір Някляеў згадаў акцыю ў Курапатах у 1988 г., калі пасля яе ён напісаў радкі «Маўкліва сцяўшы рот, глянуў люд, амаль народ». Сп. Чарняўскі патэлефанаваў яму тады і сказаў, што хутка ўжо будзе глядзець і беларускі народ.

З залы для развітанняў выносяць вянкі, выносяць труну. Хутка Міхася Чарняўскага павязуць у апошні шлях.
Напачатку будуць развітвацца ў вёсцы Некасецк Мядзельскага раёна, дзе ён жыў у дзяцінстве, а пахаваны ён будзе ў вёсцы Круці, дзе нарадзіўся ў 1938 годзе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?