Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька аштрафаваны на тры базавыя велічыні судом Савецкага раёна Мінска «за ўдзел у не санкцыянаваным Мінгарвыканкамам вулічным пікетаванні», у ходзе якога «раздаваў прахожым улёткі».

Як расказаў БелаПАН палітык, адпаведнае паведамленне аб рашэнні суда, прынятым 15 студзеня, ён атрымаў па пошце 22 студзеня. «Дарэчы, мяне самога забылі запрасіць на судовае пасяджэнне. Я б не адмовіў сабе ў задавальненні прысутнічаць на такім абсурдным працэсе, у ходзе якога ўстанаўліваецца, што любая раздача інфармацыйнага матэрыялу трапляе пад дзеянне Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях», — сказаў ён.

Лябедзька паведаміў, што пратакол аб учыненні адміністрацыйнага правапарушэння таксама быў складзены без яго прысутнасці.
«Інфармацыйныя матэрыялы, у тым ліку аб пазіцыі партыі ў дачыненні да дзяржаўнай прыватызацыі, раздавалі 19 снежня каля Камароўскага рынку ў Мінску. Ні я, ні іншыя актывісты АГП не былі затрыманы, хаця нас і здымаў на відэакамеру чалавек у цывільным. Толькі пазней мне прыслалі факс аб неабходнасці з’явіцца ў РАУС, але я таксама факсам паведаміў, што не змагу гэта зрабіць па хваробе», — расказаў ён.
У здарэнні Лябедзька бачыць пэўны пазітыўны момант.
«Відавочна, улады не жадаюць абмяркоўваць тэму прыватызацыі публічна, а таму гатовы ажыццяўляць любыя дзеянні, якія перашкаджаюць нашым кантактам з людзьмі. Значыць, мы правільна выбралі кірунак сваёй працы», — лічыць ён.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?