ААТ «ААБ Беларусбанк» у 2013 годзе будзе генеральным партнёрам 23-га чэмпіянату Беларусі па футболе сярод камандаў вышэйшай лігі.

Дамову аб гэтым сёння падпісалі ў Мінску старшыня праўлення старэйшага беларускага банка Сяргей Пісарык і старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Сяргей Румас.

Сяргей Пісарык адзначыў, што Беларусбанк заўсёды ўдзяляе вялікую ўвагу прапагандзе здаровага ладу жыцця і дапамагае развіццю беларускага спорту. У прыватнасці, самы буйны банк краіны доўгі час супрацоўнічае з Беларускай федэрацыяй футбола. Асаблівая ўвага ўдзяляецца падтрымцы дзіцяча-юнацкіх школ, якія з’яўляюцца фундаментам самай масавай і папулярнай гульні ў свеце. Новае партнёрскае пагадненне, лічыць Сяргей Пісарык, павінна стаць чарговым крокам ва ўмацаванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з АБФФ. Ён таксама падкрэсліў, што ніякага адміністрацыйнага націску на ААТ «ААБ Беларусбанк» не было і быць не магло, як гэта падаюць некаторыя інтэрнэт-сайты, паколькі толькі добраахвотнае партнёрства можа даць добры эфект.

Паводле слоў Сяргея Румаса, дамова з Беларусбанкам прынясе карысць беларускаму футболу. Так, дзякуючы фінансавай дапамозе ў гэтым сезоне ўпершыню не будуць павялічаны заявачныя ўзносы клубаў для ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі.

Яшчэ адным з галоўных напрамкаў стане работа па прыцягненні большай колькасці гледачоў на трыбуны футбольных арэн. Для гэтага ў штаце АБФФ упершыню з’явілася пасада спецыяліста па рабоце з заўзятарамі, у абавязкі якога ўваходзіць наладжванне кантактаў з усімі катэгорыямі аматараў футбола.
У мінулым сезоне генеральным партнёрам АБФФ быў «Альфа-Банк» і супрацоўніцтва з ім было даволі паспяховым. Аднак напярэдадні новага футбольнага сезона кіраўніцтва федэрацыі правяло перагаворы з некалькімі банкамі і спынілася на варыянце з Беларусбанкам, умовы якога былі найбольш прывабнымі.
Што датычыцца перспектыў далейшага супрацоўніцтва, трэба паглядзець, як пройдзе гэты футбольны год, а затым сумесна вырашаць пытанне аб прадаўжэнні партнёрства, лічыць старшыня АБФФ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?