Беларусі», якая так мне спадабалася, што я вырашыў, што яе павінныя ўбачыць людзі па ўсім свеце.

Свет даволі цесны, і ў Facebook у мяне знайшлося некалькі агульных знаёмых з аўтарамі кнігі — імі аказаліся маладыя, але ўжо паспяховыя хлопцы з беларускага тэлебачання Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў. У вольны ад асноўнай працы час яны падарожнічалі па Беларусі і выпусцілі некалькі кніг пра яе, а «Спадчына Беларусі» апошнія тры гады застаецца самым паспяховым беларускім бэстсэлерам. У выніку перамоваў нам удалося заключыць кантракт на выданне гэтай кнігі для мабільных платформаў, і мы з энтузіязмам узяліся за працу.

У працэсе нам спатрэбілася дадатковая інфармацыя, і я пачаў вывучаць сайт, дзе са здзіўленнем знайшоў цэлы раздзел з панарамамі. Яны былі зробленыя ў свой час на замову НАТ і шчасліва забыліся ў нетрах сайта, дзе іх амаль напэўна ніхто ніколі не бачыў. Вырашыўшы, што гэтая несправядлівасць таксама мусіць быць выпраўленая, мы ўступілі ў перамовы і ў выніку атрымалі ў распараджэнне зыходныя фатаграфіі панарамаў і права на іх некамерцыйнае выкарыстанне.

Праз празмерныя патрабаванні падрадчыка, які збіраў фінальныя панарамы для НАТ, давялося купіць і асвоіць праграму Pano2VR. Рэч у тым, што на сайце выкарысталі ўжо сабраныя flash-ролікі, а iOS і Flash, як вядома, не вельмі сябруюць. Падрадчык жа за зборку варыянту на html 5 прасіў астранамічныя сумы, прытым што рэальнай працы там было на паўгадзіны. Пра стаўленне гэтых хлопцаў да справы можа казаць той факт, што, выканаўшы працу за грошы, яны, тым не менш, ва ўсе фінальныя фота ўпісалі адрас свайго сайта, скарыстаўшыся фармальнай прыёмкай іх працы дзяржканторай. Зрэшты, усё што ні робіцца, усё да лепшага.

Павінен сказаць, што сам я ўладальнік гуглафона, а менавіта Galaxy II, таму калі пад Новы год наш прадукт пачаў набываць фінальныя абрысы і панарамы на iPAD глядзеліся сапраўды цудоўна, я вырашыў, што будзе нядрэнна, калі яны апынуцца і ў маім ўласным тэлефоне, каб я мог з гонарам дэманстраваць іх падчас маіх падарожжаў. На жаль, калі я бываю за мяжой, спробы растлумачыць, адкуль я і дзе, уласна, знаходзіцца Беларусь, нячаста прыводзяць да поспеху. Усе ведаюць толькі «Рашу», «маскалёў», часам Нарыльск ці Сургут.

Нам здавалася, што задачка простая: запусціць панарамкі пад html 5 будзе проста, і мы лёгка можам заняцца гэтым, не маючы абсалютна ніякага досведу праграмавання пад Android. Аднак самыя першыя спробы вырашыць задачу наскокам разбіліся аб палітыку бяспекі ва ўбудаваным у Андроід браўзэры, які не хацеў запускаць лакальна размешчаныя файлы нармальна.

Давялося шукаць спецыяліста — балазе за гады працы ў IT сяброў і карысных кантактаў набралася нямала, ну і заадно тое, што задумвалася, як выраб для прыватнага тэлефона, было вырашана зрабіць паўнавартаснай праграмай. Для гэтага да праекта далучыўся выдатны дызайнер dfpoint. Праект здабыў назву Belarus Land.

Вядома, на гэтым праблемы не скончыліся.

— калі праблемы з наладкамі бяспекі былі вырашаныя, аказалася, што ўбудаваны браўзэр не падтрымлівае webGL на дастатковым узроўні, каб запускаць зыходныя панарамы і не крэшыцца;

— якасныя панарамы з’ядалі шмат памяці, дадатак завісаў;

— давялося пісаць уласны рухавічок для адлюстравання панарам і хотспотаў на іх;

— дамагчыся плаўнай і зручнай навігацыі ўнутры панарамы аказалася не так проста і г.д. і да т.п.

Усё гэта накладвалася на тое, што ва ўсіх удзельнікаў праекта была асноўная праца, вакол народ гуляў і весяліўся на калядна-навагодніх святах, а сам дадатак абрастаў усё новым і новым функцыяналам.

Акрамя таго, у студзені мы даведаліся, што адзін з мясцовых аператараў сотавай сувязі, кампанія velcom, праводзіць конкурс для Андроід-дадаткаў, прыём работ на які заканчваецца 15 студзеня. Тады было прынятае валявое рашэнне выпусціць рабочую версію да гэтай даты, сумясціўшы такім чынам прыемнае з карысным. Для гэтага спатрэбіўся ўсяго толькі бяссонны тыдзень, некалькі дзён адпачынку за свой рахунак і канструктыўныя адносіны ўнутры каманды. Але мы паспелі.

Асабліва шмат дзідаў было зламана падчас выбару іконкі — ніжэй прадстаўленая яе эвалюцыя. У выніку спыніліся на старажытным сімвале жыцця, які сустракаецца ў беларускіх арнаментах.

Пасля публікацыі дадатку першым, як ні дзіўна, пра яго напісала вядучае апазіцыйнае інтэрнэт-выданне Беларусі — «Беларускі партызан», і ўжо пасля гэтага да нас звярнуліся журналісты самага папулярнага сайта ў Беларусі — партала TUT.BY, які, паводле некаторых ацэнак, ёсць пунктам уваходу ў інтэрнэт для 80% беларусаў. Мабыць, менавіта гэтая публікацыя вынесла нас на першае месца ў Googlу Play па запыце «belarus», чым мы, уласна, і ганарымся. Акрамя таго, на наступны дзень пасля выхаду артыкула мне патэлефанавалі з МЗС і запрасілі ўзяць удзел у нацыянальным праекце па развіцці іміджу краіны на міжнароднай арэне, працу над якім, аказваецца, курыруе гэтае ведамства. У аснове праекта — аб’яднанне сайтаў ўсіх дзяржустановаў, якія працуюць з замежнымі партнёрамі ў адзіную інфармацыйную сетку і ўкараненне новых тэхналогій у пытаннях развіцця турыстычнага патэнцыялу нашай краіны.

Вынік:

Было выдаткавана больш за 150 гадзін на распрацоўку дадатку, ідэя якога з’явілася, у прынцыпе, выпадкова. Ніякай манетызацыі, уключаючы раздражняльную рэкламу, у дадатку не прадугледжана. Затое любы ўладальнік Андроід-прылады можа паглядзець 80 HD-панарам з самых вядомых месцаў Беларусі, даведацца карысную інфармацыю пра краіну, пазнаёміцца з унікальнымі аўтарскімі фатаграфіямі з бэстсэлера «Спадчына Беларусі». А нам як аўтарам застанецца бясцэнны досвед, гонар за праведзеную працу і цікавыя кантакты, у тым ліку з патэнцыйнымі заказчыкамі з МЗС.

Спадзяемся, што нашая гісторыя натхніць кагосьці на стварэнне цікавых і карысных праграм, і не толькі дзеля грошай.

Паглядзець на дадатак можна ў Google Play. Ён бясплатны і без рэкламы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?