Камітэт Беларускай федэрацыі футбола па статусе футбалістаў на пасяджэнні 22 студзеня дазволіў галкіперу барысаўскага БАТЭ пакінуць клуб з выплатай кампенсацыі ў памеры 180 тыс. долараў ЗША.

Найлепшы футбаліст Беларусі 2011 года Гутар звярнуўся ў БФФ у сувязі з тым, што ў сезоне-2012 гуляў у 10% матчаў.

БАТЭ выступіў з заявай, у якой выказаў нязгоду з рашэннем федэрацыі. «На наш погляд, камітэт па незразумелых прычынах не ўзяў пад увагу ці няправільна тлумачыў шэраг юрыдычна значных аргументаў з боку ФК БАТЭ, без якіх немагчымае вынясенне абгрунтаванага і справядлівага рашэння. Больш удумлівы разгляд гэтых аргументаў павінен быў карэнным чынам змяніць вердыкт», — гаворыцца ў заяве.

Акрамя таго, паводле меркавання клуба, сума кампенсацыі, прадугледжаная рашэннем камітэта, «падлічана неэфектыўна».

«Паводле рэгламентуючых дакументаў гэта сума ў любым выпадку павінна быць не меншая за агульную суму заработнай платы гульца за тэрмін, што застаўся па кантракце. Заяўленая ж камітэтам сума значна ніжэйшая. Да таго ж у гэтай сітуацыі павінны быць улічаныя падаткі, якія клуб выплачваў за Гутара», — лічаць у БАТЭ.
Клуб будзе абскарджваць рашэнне камітэта ў футбольным арбітражы. Пасля атрымання матывіровачнай часткі рашэння ФК БАТЭ падрыхтуе апеляцыю.
Калі яна не будзе задаволеная, клуб звернецца ў міжнародны спартыўны арбітражны суд у Лазане.

«Што да Аляксандра, то ён, парушыўшы адносіны з клубам, які выхаваў яго, сапсуе сабе кар’еру, бо ў найбліжэйшыя месяцы, а можа быць, і гады, яго чакаюць пастаянныя разборы ў розных інстанцыях», — гаворыцца ў заяве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?