Тэнісістка свету № 1 цяпер змагаецца за перамогу на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. А яе новы бойфрэнд заняты музычнай апрацоўкай яе стогнаў. Вікторыя Азаранка вядомая гучнымі выдыхамі, што суправаджаюць кожны смэш. Прыкладна такімі: «Ааааооооўўўў».

А Рэдфу вядомы сваім шалёным рэпам.

Азаранку не раз бачылі з Рэдфу апошнім часам. Пайшла пагалоска пра іх раман. Тэнісістка не стрымлівае сябе ў мілых словах на адрас спевака, сына багатага музычнага прадзюсара з Motown Records.

А рэпер Рэдфу (на лацінцы: Redfoo) распрацоўвае музычны патэнцыял стогнаў. Ён запісаў іх і яны неўзабаве з’явяцца ў новай песні, паведаміла Азаранка.

«Я не спяваю ў ёй. Там проста мае выгукі, — растлумачыла яна журналістам на «Аўстраліян Оўпэн», паведамляе msn.foxsports.com. — Я ж не спецыяльна бяру высокія ці нізкія ноты. Гэта проста ад прыроды ідзе».

23-гадовая Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал Australian Open, не пакінуўшы суперніцам ніводнага шанцу. У панядзелак яна перамагла Алену Весніну 6–1, 6–1.

Азаранка заўжды слухае музыку, калі настройваецца на матч. Перад панядзелкавым паядынкам у яе ў слухаўках гучаў яшчэ не выпушчаны рэмікс ад Гунрока, аднаго з сяброў Рэдфу.

«Каб добра сыграць, трэба настроіцца добрай музыкай, — сказала яна на пасляматчавай прэс-канферэнцыі. — Музыка — гэта важная частка перадматчавай падрыхтоўкі. Яна дапамагае сфакусаваць увагу, разварушыць ногі, узбудзіцца. Тыпу як у правільны сектар трапіць».

23-гадовая беларуска ўзнялася на вяршыню рэйтынгу пасля перамогі ў Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі летась і застаецца там, нягледзячы на моцную канкурэнцыю з боку з № 2 Марыі Шарапавай (таксама беларускі, бацькі якой пасля Чарнобыля, аднак, выехалі ў Расію) і № 3 Сэрэны Уільямс.

«Я заўсёды буду тэнісісткай эмацыйнай», — прызнаецца Азаранка. «Такі ўжо ў мяне тэмперамент».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?