Сёлета ўся Літва сьвяткуе 15-годзьдзе аднаўленьня Незалежнасьці. Дырэктар буйнога літоўскага лэйблу «Зона» Давід Блюўштэйн паралельна адзначае «карпаратыўнае» сьвята — 15 год таму зьявілася ягоная «Зона», што адыграла ролю ў фармаваньні літоўскага шоў-бізнэсу. Дзейнасьць лэйбл пачаў з выданьня ў краінах Балтыі рэлізаў замежных зорак — Joy Division, Pixies, Cocteau Twins ды іншых, а потым заняўся працай зь мясцовымі гуртамі. Справы пайшлі добра, і лэйбл падзяліўся на дзьве фірмы — адна займаецца канцэртнымі справамі і выдавецтвам, другая — працуе з гуказапісам. Сакрэтам посьпеху дзеліцца адзін са стваральнікаў «Зоны», дырэктар Zona Records у Рызе Давід Блюўштэйн.

«Мы верым, што балтыйская музыка мае што прапанаваць сусьветнаму музычнаму рынку», — кажа сп.Блюўштэйн. У «Зоне» вераць, што кожны чалавек — таленавіты па-свойму, а ягоны посьпех — пытаньне чыста якаснай вытворчасьці прадукту. Першымі кліентамі лэйблу сталі ня толькі легендарныя Antis і Bix, але і расейскія «Ва-Банк» і Avia. «Зона» ніколі не займалася «дзеравенскай» папсой», — кажа прадусэр.

З поп-музыкай у Літве — унікальная сытуацыя. Песьні Алсу, Кіркорава, Мэладзэ стала прысутнічаюць у літоўскай музычнай прасторы, і ня толькі ў іх выкананьні. Як толькі зьяўляецца расейскі гіт, мясцовыя музыкі перапяваюць яго па-літоўску. Давід кажа пра разьвітасьць літоўскага шоў-бізу: «Поп-канвэер працуе шпарка і эфэктыўна, нашы вядомыя папсавікі прадаюць да 30 000 дыскаў». Літоўскі альбом становіцца «залатым», калі разыходзіцца накладам у 10 000 (у Беларусі — на парадак меней). Нядаўна на лэйбле былі выдадзены альбомы гурту IR, які на «Літоўскай альтэрнатыўнай прэміі» (аналяг нашай «Рок-каранацыі») перамог у намінацыі «Лепшы рок-гурт». Але нацыянальную рок-музыку ў тэле- і радыёэтэры ў Літве не пачуеш. «Літоўская папса круціцца паўсюль», — наракае Блюўштэйн. Але літоўцы ня схільныя да стварэньня куміраў, таму фэн-клюбаў літоўскіх выканаўцаў вобмаль, а з усёй плоймы эстраднікаў, як правіла, вылучаецца толькі адзін — Андрыюс Мамантовас — актор, паэт і поп-зорка.

Папулярны літоўскі поп-сьпявак Андрыус Мамантовас здольны сыграць такога Гамлета, які задаволіў рэжысэра Эймунтаса Някрошуса.

Сп.Блювштэйн кажа, што гэта адзіны літоўскі выканаўца, здольны сабраць на свой канцэрт некалькі тысячаў гледачоў. Сам Андрыюс кажа, што гэта праблема маленькай тэрыторыі: «Кожны ваюе за слухача, але іх патэнцыйная колькасьць — невялікая». Таму складаецца сытуацыя, падобная да беларускай — нават самыя папулярныя музыкі маюць другую працу, каб забясьпечыць сябе ў фінансавым пляне. Мамантовас грае ў кіно і тэатры (самая вядомая яго роля ў «Гамлеце» ў пастаноўцы Някрошуса), а таксама перакладае на літоўскую тыя самыя расейскія поп-гіты. І Мамантовас, і Блювштэйн адчуваюць, што трэба рухацца далей у пошуках новых слухачоў: «Але на Захад, бо на Ўсходзе, у тым ліку і ў Беларусі, можна займець болей клопату, чым грошай, бо там дыскі вельмі танныя», — кажа Давід. Андрыюс бачыць выйсьце ў зьмене падыходу: «Мы не павінны капіяваць тое, што папулярна на Захадзе, не яны нас павінны зьдзіўляць, а мы — іх».

Першыя рок-гурты зьявіліся ў Літве ў 1965—1966 гг. У Вільні — «Vienuoliai» і «Antanliai», у Коўне — «Aitvarai» і «Kertukai». Яны існавалі ў глыбокім падпольлі. Сытуацыя зьмянілася ў 1972 г., калі перад Музычным тэатрам у Коўне у знак пратэсту супраць савецкай акупацыі ў Літве зьдзейсьніў самаспаленьне 19-гадовы рок-музыка Ромас Каланта. Улады выставілі Каланту як гіпі-псыхапата, што сядзеў на наркотыках. Але ўчынак Ромаса абудзіў людзей: у Коўне прайшлі антысавецкія акцыі, на вуліцах зьявіліся нацыянальныя сьцягі і гучалі адраджэнскія песьні. «Тады КГБ крута зацягнула гайкі: на вуліцах вінцілі за доўгія валасы і тутсама іх састрыгалі ў варанках, а выступ і нават рэпэтыцыі прагрэсіўных камандаў былі немагчымыя», — узгадвае Давід Блюўштэйн, які на той час падпрацоўваў ды-джэем на школьнай дыскатэцы.

Менавіта ў сьценах таго Музычнага тэатру ў Коўне пачалася гісторыя аднаго зь літоўскіх гуртоў, папулярнасьць якога сяганула далёка за межы Літоўскай ССР. Гурт «Арго» выконваў складаную музыку, экспэрымэнтаваў з гукам — іх знаходкі прыйшліся дарэчы да тэатральных і кінасаўндтрэкаў. Яго кіраўнік — Гедрус Куправічус — пры канцы 1980-х стаў намесьнікам міністра культуры Літвы.

На базе самадзейнага тэатру Віленскага ўнівэрсытэту ў 1981 г. паўстала яшчэ адна легенда літоўскай музычнай сцэны — гурт «Ад Лібітум». Райманд Паўлс прызнаўся, што іх музыка паўплывала на ягоную творчасьць. «Ад Лібітум» можна параўнаць з нашым «Сузор’ем» у часы іх арт-рок- экспэрымэнтаў. Паступова музыкі перайшлі да электроннай музыкі з выкарыстаньнем «жывога» саксафону.

Але галоўныя героі літоўскага року — група Аntis (па-беларуску «качкі») — адкрыцьцё фэсту «Літуаніка-87», які зьбіраў лепшыя рок-сілы СССР. Прэса з захапленьнем апісвала іх выступы: іх фантасмагарычныя шоў з выкарыстаньнем рознакаляровых прасьцін, клетак з папугаямі. Стыль Аntis вызначаны як «інтэлектуальны нэа-панк». Цяпер літоўскія музыкі могуць выбіраць: у Літве працуе ля 10 лэйблаў (для параўнаньня — у Беларусі іх колькасьць ніколі не перывышала пяці), усе яны займаюць сваю нішу і маюць добры прыбытак. 15 лютага 2006 г. у Вільні прайшла цырымонія «ALT-2005» — аналяг нашай «Рок-каранацыі», — якая адкрыла імёны новых рок-герояў: альбомам году прызнаны Voyage (Pieno Lazeriai), а лепшым рок-гуртом — IR.

Кожны выступ гурту Аntis — фантасма-гарычнае шоў.

Фота www.antis.it

Давід Блюўштэйн (нар. 1959, Вільня). Прадусэр літоўскіх фэстываляў «Літуаніка» (1985), «Блюз-форум» (1987), Lithuania Rock March (1986—1988). Арганізатар фэстываляў «Вільня-Рок» (1989, 2003), Shok Parade (1998) ды інш.

Быў арганізатарам балтыйскіх тураў савецкіх, літоўскіх і замежных рок-зорак (зладзіў туры гуртоў «Кино», «Звуки Му», Горана Брэгавіча, Sonic Youth). Выкладаў курсы «Гісторыя поп-музыкі» і «Музычны мэнэджмэнт» у Віленскай кансэрваторыі (1996—2004). Аўтар артыкулаў з гісторыі сусьветнай і літоўскай поп- і рок-музыкі.

З 2005 г. дырэктар Zona Records у Рызе, Латвія.

Фота Julija Goyd

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?