Я пачаў весьці свой кароткі дзённік толькі на 8‑я суткі, але жаданьне пачаць пісаць прыйшло раней, бо з‑за недахопу фізічнае актыўнасьці шматлікія думкі проста запатрабавалі пераносіць іх на паперу. Тут, на Акрэсьціна звычайныя рэчы — бялюткая папера для друкаркі, асадка з лягатыпам фірмы, дзе працуе любая дзяўчына — набываюць асобую каштоўнасьць — адчуваньне, што на волі цябе чакаюць каханая і паплечнікі. Ну ды ладна, бадай, пачну.

Суткі першыя

Затрыманьне нейкае бесталковае. Пры большай абачлівасьці мог бы не сесьці. Калі нас з Пашам Серадзенкам прывезьлі ў Цэнтральны РАУС, мы яшчэ больш за дзве гадзіны нічога ня ведалі пра свой далейшы лёс, хаця я і думаў пра арышт. Добра, што сябры прадугледзелі і прывезлі вады і сёй‑той ежы.Так што, галоднымі з Пашам не засталіся, а дзякуючы Андрусю Ігнатовічу, які прыцягнуў спальнік, мы не зьмерзлі ў першую ноч. На Акрэсьціна нас прывезлі ўвечары, недзе а 10‑й. Як звычайна, пералічылі ўсе рэчы і закінулі ў сырую камеру на першым паверсе. Пасьля некалькіх просьбаў Пашу далі прыпаліць і ён адну за адной выпаліў 4 цыгарэты, жартуючы пры гэтым, што сьмяротная доза для чалавека — 2 пачкі. Бліжэй да ночы аддалі спальнік. Трэба было спаць. Стомленыя дзённымі прыгодамі, мы закуталі ногі ў спальнік і заснулі. Сьніўся мне суд справядлівы.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

Сон

Сон быў вельмі падобны на судовы працэсс над спадаром Лямкіным з фільма «Хочу в тюрьму». Судзьдзя пачціва тлумачыла мне мае правы на роднай мове і хвалявалася за мой кашаль, які і сапраўды зьявіўся недзе пад раніцу.

У начы было чутно, як на вуліцы грымеў салют.

Суткі другія

Пабудзілі нас недзе а шостай раніцы, мы прыбралі камеру, потым пасьнедалі аўсянкай і крыху сагрэліся гарбатаю без цукру. Недзе а 10‑й раніцы нас з рэчамі выклікалі на калідор. З дзяжурнага пакою выйшаў адзін з канваіраў і, ўбачыўшы нас, гучна крыкнуў:

Жыве Беларусь!?

Жыве Вечна!!! — пачуў ён у адказ, ўсьміхнуўся, кіўнуў галавой і пачаў рабіць пераклічку ў адпаведнасьці са сваімі запісамі.

Пасьля гэтага першых 8 чалавек, у тым ліку мяне і Пашу, павялі ў самую вялікую «Хату» аўтазака — аддзел кузава памерам прыкладна метр на два, з вузкімі (20 см.) лавамі для сядзеньня.

Ад недахопу паветра выратоўвалі толькі адкрыты люк у кузаве ды дзьверы — краты. З Акрэсьціна нас павезлі ў Цэнтральны РАУС , дзе атрымаўшы тэлефоны змаглі паслаць папрашайку *131*_ _ _# сябрам.

Нас адасобілі ад агульнага натоўпу адміністратыўнікаў і пасадзілі ў РУУСаўскі ізалятар, паведаміўшы, што на суд нас павязуць толькі пасьля 2‑х гадзінаў дня. Гэтая навіна, шчыра кажучы, крыху засмуціла, бо на судзе нас чакалі сябры, паплечнікі, адвакат, журналісты. Пасьля другой гадзіны нас вывелі з камэры і павезлі ў «сабачым» аддзяленні «РАФіка», за якім ехалі два спэцсуправаджальнікі на срэбнай «дзясятцы» .

Па дарозе мы з Пашам разглядалі, як рабочыя дэмантуюць сцэну каля Стэлы, а побач дворнікі зьбіраюць пляшкі ад 19‑ці градуснага «элексіру весялосьці». Ля будынку суда Цэнтральнага раёну, дзе раней месьціўся ліквідаваны ўладай Беларускі гуманітарны ліцэй імя Коласа, нас чакалі сябры. РАФік стаў пад пякучае сонца, і «сабачнік» хутка нагадаў, што зроблены з жалеза і пафарбаваны ў цёмна‑зялёны колер. Адчуваньне, што цябе як шпроту зажыва смажаць у слоіку, асаблівага аптымізму не дадавала. Потым тэмпэратура паднялася да 40, стала не хапаць паветра і мы пачалі прасіць пераехаць у цень. Але канваір (які сядзеў наперадзе з адчыненымі дзьвярыма) адмаўляўся: «ну я ж таксама сяджу ў машыне.» Прыйшлося маляваць у вакенцы паплечнікам лічбы «03». Хуткая прыехала недзе праз 20 хвілінаў. І ў гэты момант мяне вывелі з «канваірскай лазьні». Ну да ладна, гэта стане справай для асобнага «разьбіральніцтва» ў нашай зусім не незалежнай пракуратуры, куды я адразу пасьля выхаду падам адпаведныя скаргі.

Судзілішча

Судзілішча прынцыпова не адрозьнівалася ад таго, якое, нажаль, ведае беларускае дэмакратычнае грамадзтва. Аднак, даведаўшыся, што Пашу далі 10 сутак, я пасьля некалькіх маіх «няўдалых спробаў» зразумець пытаньні ад судзьдзі «Имя, фамилия , отчество, место рождения», заявіў хадатайства аб удзеле ў працэссе перакладчыка. Быў абвешчаны перапынак, пад час якога я меў «душэўную» размову з адным з суправадзіцеляў — спачатку няшчасны паскардзіўся, што з‑за нас ужо трэці дзень не можа патрапіць дамой, а потым пахваліўся, што ў ягоным падпарадкаваньні знаходзяцца 45 участковых міліцыянтаў з Цэнтральнага раёна, з чым я яго і павіньшаваў.

Перакладчык — задыханая жанчына — знайшоўся недзе праз хвілін 40. Праўда, валодала яна добра толькі трасянкай, і нам з адвакатам ды Любоўю Лунёвай перыядычна прыходзілася падказваць ёй пераклад тых ці іншых словаў.

Судовы вырак — 15 сутак. Да такога «пакараньня» я, ў прынцыпе, і рыхтаваўся.

Калі вялі да РАФіка, пасьпеў папрасіць перадаць мне цёплую вопратку і Караткевіча. У спэцназаўца, што сьведчыў супраць мяне і Паўла, на мабілцы зайграла песня: «Хоть нету ни кола и ни двора, чужие сапоги натерли ноги, работникам ножа и топора, романтикам с большой дороги». Напэўна, ён сам — вялікі рамантык.

На Акрэсьціна нас прывезлі ўначы. Спальнік мне не аддалі, але гэта асабліва на сон не паўплывала. Надыходзіў трэці дзень.

Суткі трэція

Уваходжу ў звычайны Акрэсьцінскі рытм

6:00 Пад’ём, прыборка камеры — дзяжурны міліцыянт выдае табе вядро, швабру, анучу, шуфлік ды расьцярушаны венік.

8:00 Сьняданак:
Каша — 90 % аўсяная сечка
Жалезны кубак (алюміневыя прыбралі пасьля падарунка Анатоля Лябедзькі Дзіку Чэйні) несалодкай гарбаты.
Хлеб чорны ј буханкі і хлеб белы 140 грамаў.

9:00 Ранішняя праверка. Дзяжурны міліцыянт абыходзіць камеры і запытвае ў цябе пытаньні і пажаданьні. З большага фармальна, бо мае пытаньні наконт 10‑ці гадзіннай разбежкі паміж сьняданкам і абедам, а таксама наконт салодкай гарбаты так і засталіся без адказу.

18:00 Абед:

Суп — звычайна рассольнік альбо боршч знешне і на смак падобныя да баланды.
каша — звычайна аўсяная сечка альбо пярлоўка.
катлета — альбо хлебна‑мясная альбо рыбная.
Хлеб — ј буханкі чорнага.
Хлеб белы 140 гр.

Вячэра:

Каша — звычайна грэчневая
Гарбата — несалодкая.

21:00 Вячэрні абыход дзяжурнага. Трэба распісацца за заўтрашняе харчаваньне.
22:00 Фармальны адбой. Але мы з сукамернікамі яшчэ доўга размаўляем «пра жыцьцё».

Недзе а 10 раніцы нас з Пашам вывялі на калідор і развялі па розных камерах на другім паверсе. Болей на тэррыторыі Акрэсьціна мы ня бачыліся.

Мяне перавялі ў 11 «хату».

Хата № 11

Камера № 11, здаецца, самая самая вялікая камера ў Акрэсьціна. 2 сцэны (драўляны насьціл, на каторым сьпяць арыштаваныя) на 6 і 10 чалавек, даволі (1 м.) шырокі праход паміж імі, што дазваляе хадзіць туды — сюды. Вечарам а 7‑й нас было 9, а бліжэй к 23‑м да нас закінулі яшчэ траіх чалавек: Антона, які штосьці сьцягнуў на працы і атрымаў 5 сутак; Кірыла — пьяны зьбіў сьметніцу. Яшчэ аднаго — Андрэя — здала ўчастковаму маці. Ён зладзіў дома пьянку, панавёў дзяўчат, за гэта і сеў на 5 сутак.

Сёньня мне прынесьлі першую перадачу — цёплыя рэчы і кнігу Уладзіміра Арлова — «Сланы Ганібала».

Суткі чацьвертыя

У дзень з адзінадцатай камеры мяне, Антона, Кірыла, Андрэя перакінулі ў 22‑ю, што на 3‑м паверсе. У ёй я і правёў усе 11 сутак. Там ужо быў адзін арыштаваны — Саша, мужчына гадоў пад сорак, затрыманы за банальную бытавую пьянку і асуджаны на 5 сутак.

«Хата № 22» — разы ў 4 меньшая за № 11 — прыкладна 12 метраў квадратных. Прыкладна 80% камеры займае сцэна на 6 чалавек (хаця па законе на аднаго арыштаванага павінна быць не меней за 4 метра квадратныя), астатнія 20% — прыбіральня і вузенькі (30 см.) праход паміж сцэнай і сьцяной. Недзе а 8‑й вечара, да нас закінулі васемнаццацігадовага хлапца Арцёма. Але, на выгляд яму было не больш за 16‑ць год . Свае 5 сутак ён атрымаў за тое, што скраў у бацькі бензін, каб пакатацца з сябрамі на матацыкле.

На ноч вылепілі фішкі і кубікі, каб гуляць у так званую «мандавошку». Ноч прайшла хутка, праўда, Андрэй некалькі разоў падыходзіў да кармушкі (квадратная дзьверца ў дзьвярах прадугледжаная для падачы ежы) і праз шчыліну спрабаваў кагосьці выглядзець. За дзьвярыма нікога не было.

Суткі пятыя

Першая палова дня прайшла спакойна. Елі, спалі, чыталі, гулялі. Бліжэй да вечара пачалі размаўляць пра палітыку. Андрэй хадзіў па камеры, шукаючы ў сьценах жучкі і відэакамеры.

Лежачы на сцэне, мы спрабавалі адшукаць малюнкі на жоўтай тынкоўцы. Я разгледзіў мужчыну на асле, а Антон убачыў падсклізнуўшуюся на бананавай лупіне жанчыну.

Андрэй заявіў, што знайшоў ў сцяне адтуліну, дзе раней стаяў жучок і што нават адчувае нейкія вібрацыі, бачыць інфрачырвонае выпраменьваньне.

А 11‑й мы леглі спаць, але праз некаторы час нечакана прачнуліся ад дзікага ляманту і сутаргаў Андрэя — у яго здарыўся прыступ эпілепсіі. Мы сталі грукаць ў дзьверы, каб паведаміць пра прыступ. Праз хвілін дзесяць сутаргі ў Андрэя скончыліся. Хуткая прыехала толькі праз паўгадзіны. Андрэю зрабілі ўкол і прапанавалі паехаць у лякарню, але той адмовіўся. Нас папярэдзілі, што яшчэ некаторы час хлапец будзе не ў сабе.І праўда, ён пачаў знаёміцца з намі, зьбіраўся некуды ісьці, але зразумеўшы, што дзьверы зачыненыя, стаў дапытвацца: «А чаму ў гэтым пакоі шпалеры жоўтыя, а не сінія? Чаму урач казала яму, што гэта спэцпрыёмнік, ён жа, насамрэч, ў гасьцях у сябра?»

Сярод ночы Андрэй пачаў размаўляць услых з нейкім «Владимиром Владимировичем» і, гледзячы праз краты, крычаць, што ад чырвонага сьвятла ў яго баляць вочы. Праз некаторы час ён з крыкам «Ну ўсё, я аддам яго вам!» кінуўся на сьпяшчага Арцёма з кулакамі. Дзякуй богу, мы хутка зрэагавалі і скруцілі Андрэя. Паклікалі калідорнага, але той пабаяўся вывесьці вар’ята.

Бліжэйшую гадзіну мы сачылі за Андрэем самі. Перыядычна ў адказ на нейкі загад з вочка камеры ад толькі яму бачных сілаў ён пранізліва крычаў «Што?!». Не спала ўсё Акрэсьціна. Недзе а 5‑й раніцы за ім прыехала хуткая, а мы яшчэ доўга не маглі заснуць, асэнсоўваючы, што на нашых вачах літаральна за суткі ў чалавека з’ехаў дах.

Суткі шостыя

Дзень прайшоў незаўважаным, бо трывожная ноч падарыла нам выдатны дзённы сон.

Суткі сёмыя

Паціху вызваляюць сукамернікаў. Удзень атрымаў замоўленыя кодэксы — адміністратыўны і адміністратыўна‑працэсуальны. А яшчэ — белую паперу, асадку, апошнія нумары «Нашай Нівы» і «Новага Часу». Пачаў наталяць смагу чытаньня.

Суткі восьмыя

У 22‑ю закінулі Сяргея, зьнешне акуратнага мужчыну, які падзебашырыў дома і атрымаў 7 сутак. Палову дня спрабаваў дапрасіцца калідорную патэлефанаваць дадому. Безвынікова. Селі з ім пісаць заяву на імя начальніка АСПР. Так, паводле працэсуальна выканаўчага кодэкса, адміністратыўна арыштаванаму, па рашэньні начальніка спэцпрыёмніка могуць быць дазволеныя тэлефонныя размовы з аплатай з асабістых сродкаў затрыманага.

Напісаўшы, перадалі заяву на імя начальніка. Пасьля гэтага, Сяргея некалькі разоў вадзілі да нейкага чалавека ў цывільным, які распытваў, аб чым гэта ён хоча паразмаўляць па тэлефоне і чаму напісаў такую афіцыйную заяву. Сяргею так і не дазволілі патэлефанаваць, але і пісьмовую рэзалюцыю начальніка яму так і не прадставілі :).

Суткі дзясятыя

З раніцы адбыўся шмон.

Шмон — гэта працэдура, якая праводзіцца звычайна 2 разы на тыдзень. Усіх выводзяць з камеры, пасьля чаго 2 супрацоўнікь мацаюць вопратку і даглядаюць яе з дапамогаю металашукальніка. У гэты час яшчэ 3 супрацоўнікі капаюцца ў вашых рэчах, што ляжаць у камеры і з ліхтарыкам праглядаюць усе шчыліны.

Пад часу шмона адзін з супрацоўнікаў запытаўся, навошта мне столькі паперы. «Скаргі пісаць»‑ адказаў я. Зьдзіўлены, ён пажадаў мне посьпехаў.

Недзе пасля 12‑й я стаў на батарэю і пачаў глядзець, на мітусьню салдатаў белполка (так называюць вайсковая частка унутраных войскаў што за Акрэсьціным). Раптам унізе пабачыў чалавека ў сьветлай вятроўцы. Хтосьці знаёмы.

— Галіеў! — клікнуў я.

Чалавек спыніўся. Так, сапраўды гэта быў адвакат Аляксандр Галіеў. Ён абараняў мяне на судзілішчы. Аказалася, што адвакат прыходзіў да Пашы — сёньня яго павінны вызваліць.

Аляксандар распавёў мне пра новыя справы, заведзеныя супраць Дашкевіча і Фінькевіча. І зараз ён як раз сьпяшаўся да іх, таму падрабязнасьцей не паведаміў.

«Рэжым лютуе. Засталося стварыць лягеры і зсылаць нязгодных туды пачкамі» — падумаў я.

Пасьля дзьвух гадзін Сяргея перавялі ў другую камеру, а ў маю закінулі 3‑х чалавек з 11‑й камеры:

Іван — былы марак атрымаў 7 сутак. Здала жонка за пьянку.

Юра — па пьяні скраў 3 жуйкі ў краме, за што атрымаў 5 сутак.

Андрэй — здаў участковаму бацька. Усё за тое ж— за пьянку.

Андрэй паўгады таму датэрмінова вызваліўся з «Віцьбы», дзе бачыў Казуліна і гуляў у футбол са Скрабцом. Ён распавёў, як аднойчы ў камеру да асуджаных, што пасьля адбоя глядзелі тэлевізар, зайшлі дзяжурныя і пачалі гнеўна распытвацца, хто ім дазволіў гэтак парушаць рэжым. Пачуўшы ў адказ «Нам Казулін дазволіў!», раьзвярнуліся і моўчкі выйшлі з камеры.

Ад Андрэя мы даведаліся пра жыцьцё Валадаркі: пра тое, што прыкладна раз на 2 месяцы ім устрайвалі «маскі шоў» — у камеру забягалі бамбізы ў камуфляжы і масках і на арыштаваных адпрацоўвалі ўдары дубінкамі. А яшчэ — пра сістэму коннай перапіскі, калі паміж карпусамі пускалі ніткі з распушчанага швэдара, па якім перацягваліся пісьмы. Такім чынам, паміж карпусамі і камерамі вялася пастаянная перапіска.За яе адказвалі адмысловыя паштальёны — рассыльшчыкі. Іх працоўны час цягнуўся ад адбоя да пад’ёму. Днём жа яны спалі.

Суткі адзінаццатыя

Пасля сьняданка мяне пабудзіла вуркатаньне голуба, што прыляцеў на падваконьне нашай камеры. Я стаў на батарэю, шэрая птушка з цікавасьцю пазірала на мяне. На пляцы белполка салдат на УРАле рабіў разварот. Праз пару хвілін да яго падыйшоў старэйшы па званьні міліцыянер. Далей адбылася размова наступнага зместу:

Старэйшы міліцыянт (СМ) — Ну скажи мне солдат, что ты ё.. твою мать творишь?

Салдат Унутранай Службы (СУС) — Машину разворачиваю.

СМ — Какова х..я? Она ж бл…ть стояла, никого на…й не трогала.

СУС — так мне ж прапорщик приказал.

СМ — А с тобой кто бл..ть разговаривает? Капитан!

СМ — Поставь е.. твою мать машину на место!

СУС — Есть! …

Суткі дванаццатыя

Цэлы дзень прыкалваліся з адміністрацыі. Андрэй намаляваў нашу камеру і стаячую ў дзьвярях дзяжурную.

Мне засталося 2 катлеты. Катлеты — так на Акрэсьціна час ад часу называюць суткі, бо тут стабільна адзін раз на дзень выдаюць катлету.

Суткі трынаццатыя.

Дзень пісаў лісты палітвязьням.

Суткі чатырнаццатыя.

Раніцай Івана павезьлі на абследваньне на алкагалізм. У кабінеце ўрача яму задалі 4 анкетныя пытаньні, пасля чаго ён разам са сьледчым паехаў назад у АСПР. Па дарозе сьледчы паказала яму акт толькі што праведзенага абследваньня, з якога вынікала, што Іван 10 год ужывае алкаголь запоямі і што ён «лживый и изворотливый». Той быў у роспачы. Мы вырашылі разам скласьці скаргу ў пракуратуру па факце паклёпу. Гэта крыху ўзьняло яму настрой.

Нарэшце маё 12‑ці дзённае патрабаваньне адвесьці нас у душ дало свой плён, і мы гадзіну купаліся.

А 16‑й да нас закінулі Фёдара — мужчыну год 35‑ці,бамжаватага выгляду. Фёдару далі 10 сутак за парушэньне арт 17.1 (дробнае хуліганства). У суботу 14‑га ён у падвале гастранома, што каля клуба «Садко» (раён Камароўскага рынка) знайшоў двух забітых, пра што і паведаміў прыбіральшчыцы. На наступны дзень Фёдар даведаўся — яго шукае міліцыя. Тады ён сам патэлефанаваў у Савецкі РАУС, прыехалі міліцыянты, адвезлі яго ў аддзяленне. Пасля 3‑х гадзіннага допыту ў фармаце «Расказвай, хто забіваў?» склалі на яго пратакол і рапарты, быццам бы ён п’яны (на экспертызу яго не вадзілі) лаяўся матам і правакаваў міліцыянтаў на бойку.

Распавёўшы нам гэтую гісторыю, Фёдар заявіў :«Нават калі буду бачыць, як каго‑небудзь забіваюць, чорта з два ў міліцыю паведамлю!»

Суткі пятнадцатыя

Лічу хвіліны да таго моманту, як апынуся на свабодзе.

А дзесятай мяне перавялі ў камеру на першым паверсе. Перавод наводзіў на 3 думкі: альбо вывязуць і ўкатаюць яшчэ сутак 15 , альбо вывезуць у іншы раён горада там і адпусьцяць. Альбо проста выпусьцяць на пару гадзін раней. Так і атрымалася. На вуліцы стаяла невыносная сьпякота. Сустрэць мяне прыйшло шмат сяброў. Дзякуй усім!

Алесь Каліта, адмыслова для «Нашай Нівы»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0