“Монд” надрукавала нарэшце інтэрвію з Лукашэнкам. Дарэчы, яшчэ тры дні таму. Фрагмэнты падае сёньня “Радыё Свабода”. Астатнія рэсурсы, здаецца, і ўвогуле праспалі. Што лішні раз падкрэсьлівае нашу правінцыйнасць у эўрапейскай сыстэме каардынат.

Знаўцы францускай могуць пачытаць тэкст цалкам вось тут.

Агульнае уражаньне: жорсткі тон, ніякіх заляцаньняў. Красамоўны ўжо сам загаловак, у якім вуснамі беларускага кіраўніка НАТО абвяшчаецца незаконнай арганізацыяй. Прэтэнзіі Захаду што да стану дэмакратыі адкідаюцца з парога. Так што тыя, каму колькі часу таму прымроілася адліга, могуць адпачываць.

Увогуле ж францускаму чытачу прапануецца кароткі курс беларускай ідэалёгіі: ад згадкі пра кожнага трэцяга, загіблага падчас другой сусьветнай, да заявы, што ў нас ня страшна хадзіць па вуліцах.

Ня буду разьбіраць па костачках кожны пасаж, зазначу толькі, што наконт “пятнаццаці апазыцыяў” – зь кім, маўляў, дыялёг ладзіць? – не ў брыво, а ў вока.

У кантэксьце адказу пра лёс саюзу з Расеяй агучаная незалежніцкая тэза: Беларусь ніколі ня стане часткай суседняй дзяржавы. Французам жа робіцца намёк на магчымасьць удзелу ў праекце АЭС.

Ну, і самае інтрыгоўнае: ці не стаміла шапка Манамаха?

Лукашэнка сказаў, што палічыць сваю місію выкананай, як толькі беларусы дасягнуць францускага ўзроўню дабрабыту.

ЗЫ. Пошук на сайце “Монд” па прозьвішчы Мілінкевіча за апошні тыдзень вынікаў не дае. Мусіць, французы вырашылі не дражніць гусей і не даваць паралельна гутарку з апазыцыйным лідэрам (зь ім таксама сустракаўся тады карэспандэнт выданьня).

І яшчэ штрых: інтэрвію зь беларускім прэзыдэнтам выставілі на сайце цалкам у адкрытым доступе, між тым як за бальшыню артыкулаў, калі я правільна разабраўся ў іхняй капіталістычнай сыстэме:), трэба плаціць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?